Беларускае слова году выбіраюць ад 2014 году. І сёлета, як павялося, чытачы сацыяльных сетак разам з экспэртамі — журналістамі і мовазнаўцамі — намінавалі (вылучылі) 10 словаў у „кароткі сьпіс“. Выбіралі пераможцу ў розных сетках прыблізна чатыры тысячы чалавек.
Спаборнічаць маглі словы як зусім новыя, так і даўнія, але вельмі важныя і частыя сёлета, асабліва ж калі фактычна зьмянілася іх значэньне ці прынамсі ўспрыманьне.
Дагэтуль вядоўцы адбору прасілі чытачоў аддаваць перавагу станоўчым, аптымістычным словам. Сёлета гэтая парада прагучаць ужо не магла.
Вайна — беларуская рэальнасьць
2022 год памяняў адчуваньне і напаўненьне слова вайна для беларусаў.
Вайна побач пачалася ў 2014 годзе, калі Расея сілай анэксавала ўкраінскі Крым і ўзяла пад кантроль тэрыторыі на ўкраінскім Данбасе. Вайной рэжыму зь беларускім народам называюць няспынныя расправы. Але татальны напад Расеі на Ўкраіну 24 лютага 2022 году ня могуць не назваць вайной нават тыя, хто доўга не хацеў бачыць відавочнага.
Ад зыходу гэтае вайны можа залежаць лёс Беларусі. Напад адбываецца і зь беларускае тэрыторыі, фактычнае кіраўніцтва дзяржавы ёсьць саўдзельнікам агрэсіўнай вайны, а актыўнасьць вайсковых камісарыятаў вымушае задумацца, ці ня зробяць заўтра яе саўдзельнікам і беларускі народ. Каб не дапусьціць гэтага, многія беларусы рабілі і робяць гераічныя высілкі, ратуюць добрае імя свайго народу, рызыкуючы свабодай, здароўем і самім жыцьцём.
Раней выраз да вайны азначаў „да 1939 году“ (або да 1941 — у тых, хто мысьліў савецкімі катэгорыямі). Цяпер трэба ўдакладняць, каторая вайна маецца на ўвазе.
Вайна і войска
Слова вайна мае агульнаславянскі радавод ды індаэўрапейскія карані (параўн. літоўскія vyti ‘гнаць’ і vytis ‘пагоня’). У беларускай мове аднакаранёвыя — вой, ваяр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайсковец, а не „ваеннаслужачы“. Войска не сынонім вайныПрыметнік ваенны азначае менавіта ‘зьвязаны з вайной’. У беларускіх тэкстах мовы клясычнае традыцыі расейскаму военный адпавядае вайсковы — калі пра войска. Па-беларуску войска не сынонім вайны: яно мусіць умець ваяваць, але гэта каб на нас не ішлі вайной і ў вайну ня ўцягвалі.
А ў расейскай група словаў з асновай войн- зьвязаная і з войскам, — пэўна, у той карціне сьвету войска мусіць увесь час ваяваць, інакш нашто яно. Расейская мова як бы падводзіць навабранца да непазьбежнае вайны. Ён „военнообязанный“, яго выклікалі ў „военкомат“. І рыштунак дзяржавы служыць вайне: военно-промышленный комплекс, военная техника.
У 1933 годзе ў рамках барацьбы з „нацдэмаўшчынай“ беларускія словы вайсковы, вайсковец памянялі на „ваенны“ — там, дзе ў расейскай „военный“.
Па-беларуску мае быць вайскова-прамысловы, вайсковая тэхніка. І — вайсковы камісарыят (скарочана — проста „камісарыят“, іншых жа няма).
Дзясятка словаў-фіналістаў — 3D-вобраз году
На другім месцы ў галасаваньні слова акупацыя (разам з акупант). Яго таксама пераасэнсавалі многія носьбіты беларускае мовы, якія бачаць таго акупанта і ва Ўкраіне, і, відавочна, у Беларусі. І гэтыя акупанты ўжо не „нямецка-фашысцкія“ (прыметнік, зь якім слова акупант толькі і дазвалялася спалучаць у савецкім гістарычным дыскурсе), а расейскія.
На трэцім месцы — слова Ўкраіна. Тапонім гэты ў беларускай мове, можна сказаць, спрадвеку — як і ва ўкраінскай, але сёлета ён заняў зусім асаблівае, напоўненае эмоцыямі трывогі ды спачуваньня месца ў беларускай моўна-культурнай прасторы.
На чацьвертым месцы (а ў чытачоў Інстаграму на ўпэўненым першым) — слова мова. Гэта зьдзівіла экспэртаў і журналістаў — такога ў ранейшых галасаваньнях не было. Але, пэўна, намінавалі гэтае слова і галасавалі за яго людзі, якія ўсьведамілі моўную праблему, моўную бяду Беларусі менавіта сёлета. Так вяртаецца да нацыянальна-моўнай ідэнтычнасьці пакаленьне, „абуджанае“ ў 2020-м. Характэрная рэпліка пад галасаваньнем у сетках:
„Вайна“...( Але хацелася б „мова“.
Відавочна, маецца на ўвазе беларуская мова (такое лексычнае спрашчэньне робяць людзі, якія вяртаюцца да беларускае мовы з расейскай прасторы).
У дзясятцы словаў-намінантаў (дзе і добраахвотнік, і партызан, і змаганьне, і вясна) былі два фактычна новыя. Гэта суагрэсар — прычым і адпаведны яму інтэрнацыяналізм co-aggressor раней зьяўляўся толькі аказіянальна, затое сёлета абодва словы апісвалі менавіта статус менскай улады. І гэта Гаюн (дух гаю, гаёвы дзед) — міталягічны пэрсанаж, імя якога сёлета стала сынонімам пільных вачэй беларусаў.
Слова году мае характарызаваць увесь год. Але як жа не згадаць слова набэліст, якое пазытыўна, трывожна і магутна прагучала па-беларуску ў самым канцы 2022-га.
Krieg, wojna, karas
Словы году для некаторых моваў сёлета ўжо выбралі, для іншых яшчэ выбіраюць. У заходніх мовах яны часта зьвязаныя з цэнамі, дэфіцытам паліва/энэргіі і падобным — з бытавымі трывогамі паспалітага чалавека. Але чым бліжэй да нашага шматпакутнага рэгіёну, тым больш адчуваньня вайны.
Gaspreisbremse — спыненьне (літаральна тормаз) цаны на газ — на трэцім месцы ў рэйтынгу нямецкіх словаў 2022 году паводле журы Таварыства нямецкай мовы (Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн). Першае месца — Zeitenwende ‘паваротны час’. А на другім месцы ўсё ж вайна: у выразе Krieg um Frieden ‘вайна за мір’.
Галасаваньне за польскае слова году, якое праводзіць Варшаўскі ўнівэрсытэт, яшчэ ідзе. Сярод двух дзясяткаў намінаваных словаў прынамсі палова зьвязаная з вайной: уласна wojna, а таксама zbrodnia (злачынства, з удакладненьнем — w Ukrainie), agresja, uchodźca/uchodźczyni (уцякач/уцякачка), rakieta, dron…
Працягваецца і выбар літоўскіх слова і выразу 2022 году, прычым мовазнаўцы ўжо прадказалі, што найважнейшым словам году будзе karas ‘вайна’. У нэалягізмах — гульня сугуччаў: klaikotarpis ‘жудасная парá’, orkupantai (ад „оркі“+„акупанты“), putlaižiavimas (ад „Putinas“ і„padlaižiavimas“ ‘падлізваньне’, літаральна „путлізваньне“). Сярод новых выразаў — pasiųsti paskui laivą ‘паслаць за караблём’ і Visi keliai veda į Hagą ‘Усе дарогі вядуць у Гаагу’. Варта падумаць, ці не пачаць выбіраць Выраз году і ў беларускй мове.
А ў Расеі найбольш імаверным сёлета „словам году“ мовазнаўцы называюць... эўфэмізм „спецоперация“. Сьвядомая лексычная маніпуляцыя — не называць вайну супраць Украіны вайной — на нейкі час удалася ў моўнай прасторы Расеі. Але не ў беларускай.
Даведка пра „Слова году“
„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана), але яно мае быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў) або істотна памяняць значэньне.
„Беларускія словы году“
Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы сацыяльных сетак. Апошнія і галасуюць за найбольш папулярнае слова.
„Беларускімі словамі году“ былі: