Сьцісла:
- Чытачы сацыяльных сетак і журналісты выбралі „Беларускае слова 2020 году“. Зь вялікім адрывам перамог вокліч „Жыве!“ — у тым ліку як частка нацыянальнага дэвізу „Жыве Беларусь!“
- Першая пяцёрка: Жыве! — 33,9%; бел-чырвона-белы — 16,8%; #Явыходжу — 15,7%; салідарнасьць — 10,3%; Далучайся! — 8,4%
- Сярод прапановаў: абуджэньне і годнасьць; суседзі і партызаны; чацік і чаяваньне; „ланцуг“ і счэпка; муры і мурал; шпацыр, #Ягуляю і Пераможам! І нават дзеяслоў загаднага ладу: што рабі? — Беларусь!
- Нэгатыўныя словы году: аліўкі, балаклава, губазік, дваццаць-тры-трыццаць-чатыры, каранавірус, каронапсыхоз, ковід, сьвятлашумавы, хапун, ябацькі
- Выраз — зь фіналу верша маладога Янкі Купалы: „Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!“ . Тут і самасьцьверджаньне, і папярэджаньне іншым: мы ёсьць!
- У галасаваньні суполкі ФБ „Толькі пра мову“ на першым месцы — прыметнік бел-чырвона-белы. Слова зьявілася ў 1919 годзе ў нацыянальным гімне: „Штандар наш бел-чырвона-белы, пакрый сабой народны рух!“
Галоўнае беларускае слова году чытачы (гледачы, слухачы) Радыё Свабода вызначаюць ужо сёмы раз. Журналісты прапанавалі пачатковы сьпіс, удзельнікі моўных суполак у сацыяльных сетак яго дапоўнілі і вызначылі фінальную дзясятку, за словы якой і галасавалі чытачы Тэлеграму, ФБ і Ўкантакце. Словы мусілі быць або зусім новыя для беларускай мовы, або калі старыя, то вельмі надзённыя сёлета.
Першая пяцёрка паводле галасоў 12750 удзельнікаў:
Жыве! — 33,9%
бел-чырвона-белы — 16,8%
#Явыходжу — 15,7%
салідарнасьць — 10,3%
Далучайся! — 8,4%
Сярод прапановаў былі таксама абуджэньне і годнасьць; суседзі і партызаны; чацік і чаяваньне; чарга, „ланцуг“ і счэпка; муры і мурал; шпацыр, #Ягуляю і — Пераможам!
І нават дзеяслоў загаднага ладу: што рабі? — Беларусь!, гэта значыць рабі як беларусы сёлета.
Называлі і Шчучыншчыну — як надзвычай папулярны тэст на беларускія шыпенныя гукі — але ўласныя імёны сёлета не намінаваліся. Таксама словы (мэмы), якія перш загучалі сёлета па-расейску і на беларускую перакладаюцца неадназначна, не разглядаліся, бо гэта конкурс менавіта на беларускае слова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік беларускай рэвалюцыі. БалаклаваПрапановы фармальна слушныя, але ня надта пазытыўныя, сабралі ў асобны сьпіс. Дзясятак такіх словаў, народжаных (або пераасэнсаваных) падзеямі 2020 году:
аліўкі
балаклава
губазік
дручок
каранавірус
каронапсыхоз
ковід
сьвятлашумавы
хапун...
і ўрэшце — ябацькі. Несумненны лідэр гэтай катэгорыі.
ЖЫВЕ!
Слова году найперш прагучала сёлета ў складзе споклічу — Жыве Беларусь! Прапановаў за спокліч цалкам і асобна за Жыве! было пароўну. Правілы вымагалі галасаваньня за адно слова. І, выглядае, яно бездакорна для многіх апісвае наш, беларускі, 2020 год.
У пачатку году, калі прыйшла пошасьць, выявілася, што на дапамогу дзяржавы ў абароне ад яе не было як спадзявацца. Трэба было навучыцца выжыць самім — праз самапомач, добраахвотніцтва, салідарнасьць з нашымі ахвярнымі мэдыкамі. https://www.svaboda.org/a/30598834.html
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нябачныя людзі. Як валянтэры дапамагаюць дамам-інтэрнатам, дзе жыхары і пэрсанал заблякаваныя эпідэміяй каранавірусуА пачынаючы зь лета мы як народ і краіна сталі на парозе экзыстэнцыйнага выбару — і здолелі даказаць найперш сабе, а тым самым і сьвету, што жыве Беларусь.
Прафэсар Іван Лепешаў, знаўца беларускай фразэалёгіі і парэміялёгіі, лічыў, што выраз „Жыве Беларусь!“ настолькі ўвайшоў у мову, што стаў выклічнікавым фразэалягізмам — воклічам веры і надзеі.
А пісьменьнік Уладзімер Арлоў пералічыў прыкметы канчатковага высьпяваньня беларусаў як сучаснай і свабодалюбнай эўрапейскай нацыі ў тым ліку ў адроджаных сымбалях і знаках:
Вокліч „Жыве Беларусь!“, у якім у максымальна ляпідарнай форме фармулюецца сёньняшняя беларуская нацыянальная ідэя, вельмі сугучны з паролем паўстанцаў Каліноўскага „Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Арлоў: Адбылося дафармаваньне беларускай нацыі і народны рэфэрэндум аб вяртаньні нацыянальнай сымболікіСловы „Жыве Беларусь!“ ня першы год фігуруюць у адміністрацыйных пратаколах, за іх цяперашняя ўлада беларусаў судзіць. Сёлета яны дачакаліся і крымінальнай справы: на два месяцы арышту за надпіс „Жыве Беларусь!“ на асфальце асуджаная (а да таго пабітая) Марыя Сафонава. Паводле пракуроркі, выраз „Жыве Беларусь“ мае „цынічны зьмест“, „абразьлівы сэнс“ і „зьневажае маральныя каштоўнасьці“.
На просьбу адваката пра словы „Жыве Беларусь“ напісалі экспэртнае заключэньне акадэмічныянавукоўцы — мовазнаўца Вераніка Курцова і літаратуразнаўца Эльвіра Ярмоленка. Яны ўсур’ёз вымушаныя былі тлумачыць, што гэтыя словы і паасобку, і разам узятыя — не цынічныя, не абразьлівыя, а тыя, хто так кажа, зычаць працьвітаньня сваёй зямлі...
Дэвіз „Жыве Беларусь!“ мае аўтара. Янка Купала, шчэ малады, у вершы „Гэта крык, што жыве Беларусь“ (1905–1907) мерна і журботна апісаў зь вялікай любоўю родную краіну, а зь вялікім болем — лёс яе людзей. Але заканчваецца верш такім нечаканым аксюмаранам, што дых пераймае:
А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!
Гэта зусім ня роспач, як часам пішуць. Гэта маніфэстацыя схаванай беларускай моцы і недвухсэнсоўнае папярэджаньне сьвету: хто сказаў, што нас няма? мы — ёсьць!
Спокліч адразу перанялі нашыя публіцысты-адраджэнцы як знак беларускага самаўсьведамленьня:
„...Pływie žywoje biełaruskaje słowo, budziačy pryspanyje sercy biełarusoŭ i pakazywajučy ŭsim, što „žywie Biełaruś!”
(Naša Niwa, 11 listapada 1910 h.)
Граматычна „жыве“ — абвесны лад, канстатацыя факту. Але апошнія некалькі стагодзьдзяў беларусы мусілі зноў і зноў даказваць сваё права проста быць беларусамі і мець сваю краіну, таму ў форме „жыве“ ёсьць і прыхаваны пажадальны лад. Невыпадкова ў ХХ стагодзьдзі, пачынаючы зь 1-га Ўсебеларускага зьезду і БНРаўскай традыцыі, спокліч дапаўнялі: „Няхай жыве...“
Спокліч „Жыве Беларусь“ увайшоў у беларускую творчую прастору — на карціны, у музычныя творы, у фільмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайцюшкевіч здымае народны кліп на песьню «Жыве Беларусь» (аўдыёпрэм’ера)
Штандар наш — бел-чырвона-белы
На другім месцы (а ў галасаваньні тэматычнай суполкі ФБ „Толькі пра мову“ на ўпэўненым першым) — прыметнік бел-чырвона-белы. Ён незвычайны гэтым кароткім бел-, але гучыць натуральна і нават узвышана, калі ведаць беларускі фальклёр і клясычную літаратуру: зялён гай падмяцён; бел-сьвет у Купалы.
Слова пайшло ў народ у кастрычніку 1919 году, калі быў апублікаваны „Ваяцкі марш“ Краўцовага Макара. Штандар наш бел-чырвона-белы, пакрый сабой народны рух! З музыкай Уладзімера Тэраўскага марш стаў гімнам Беларускае Народнае Рэспублікі.
Масавым і агульнанародным слова стала сёлета — нават у расейскай мове беларусаў. Амаль ніхто ўжо ня скажа „бело-красно-белый“.
А вось „бэ-чэ-бэ“ лепш не казаць, няма сакральнасьці. Невыпадкова абрэвіятуру грэбліва ўжываюць вернападданыя жэсаўцы з канцылярскімі мазгамі: „бельё на балконе по схеме бэчебэ“.
#Явыходжу
За наш нацыянальны сьцяг, за яго колеры гераічна загінуў чалавек. Раман Бандарэнка. Гэта не забудзецца ніколі. Сьцьвярджальны вокліч #Явыходжу ў беларускамоўнай сеціўнай прасторы, — адказ на ягоны прыклад і прынесеную ім ахвяру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я выходжу»: марш памяці Рамана Бандарэнкі. Што адбываецца ў Беларусі на 99-ы дзень пратэстаўСугучнасьць словаў „Я выходжу“ нашаму нацыянальнаму гімну, таму самаму „Вайсковаму маршу“ — „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“ — заўважыў Сяргей Дубавец.
Салідарнасьць
Чацьвертае ў рэйтынгу слова — пра новы стан беларускага грамадзтва цягам усяго 2020 году. Калі прыйшла пошасьць, людзі, зразумеўшы, што ад дзяржавы няма чаго чакаць (акрамя зьнявагаў яе кіраўніка ў адрас хворых, памерлых і мэдыкаў), наладзілі сыстэму грамадзкай узаемадапамогі, дабрачыннасьці і валянтэрства. І ўжо з гэтым досьведам, які даўся дарагой цаной, увайшлі ў палітычную кампанію лета.
Далучайся!
Пятае слова — спокліч, дынамізм якога не перадаецца па-расейску даслоўна. Ён ня новы, ён быў частым, напрыклад, у сьнежні 2019 году, на менскіх акцыях у абарону незалежнасьці. Але сёлета стаў агульнанародным набыткам: яго выразнасьць і рытм ацанілі і страйкоўцы, і мітынгоўцы. Так, па-беларуску, ямчэй запрашаць у гурт.
У пачатку 1980-х маладыя людзі, якія адкрывалі для сябе схаваны беларускі сусьвет, шыфраваліся ад магчымых цэнзараў, заканчваючы лісты да сяброў „абсечаным“ Жыве! А сёньня так адкрыта гукае ўся Беларусь. Сорак гадоў хаджэньня па пустэльні ня марныя. Яшчэ абавязкова пачуем, як беларускае войска ва ўрачыстым шыхце на вітаньне камандзера: „Жыве Беларусь!“ — адгукнецца тройчы: Жыве! Жыве! Жыве!
Даведка пра „Слова году“
„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана), але яно мае быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў) або істотна памяняць значэньне.
„Беларускія словы году“
Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы сацыяльных сетак. Апошнія і галасуюць за найбольш папулярнае слова.
„Беларускімі словамі году“ былі:
2014 — вышымайка
2015 — набэлістка
2016 — беларусафоб
2017 — дармаед
2018 — БНР
2019 — Каліноўскі
2020 — Жыве!
2021 — чабор
2022 — вайна
2023 — мова