Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нябачныя людзі. Як валянтэры дапамагаюць дамам-інтэрнатам, дзе жыхары і пэрсанал заблякаваныя эпідэміяй каранавірусу


Валянтэры зьбіраюць дапамогу для дамоў-інтэрнатаў
Валянтэры зьбіраюць дапамогу для дамоў-інтэрнатаў

«Можа, усё гэта — нейкі заклік зь неба, каб людзі аб’ядналіся і сталі дабрэйшыя?» — кажа пра пандэмію каранавірусу насельнік дома-інтэрната з Браслава Вадзім Пархоменка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Тысячы дарослых і дзяцей, якія стала жывуць у беларускіх дамах-інтэрнатах, каранавірус трымае пад пастаяннай рызыкай захворваньня. І без таго закрытыя ў чатырох сьценах, цяпер яны пазбаўленыя самых простых радасьцяў — прагулак, размоваў з наведнікамі і нават прагляду тэлевізара. Валянтэры кажуць, што пэрсаналу часта не хапае элемэнтарных сродкаў засьцярогі.

«У выпадку пагрозы інтэрнаты ператвараюцца ў гарачыя пункты»

«Усе, хто выйдзе з эпідэміі, мусяць задаць сабе пытаньне пра магчымасьць існаваньня гэтых устаноў, — кажа Вольга Дамінікевіч з сацыяльна-дабрачыннай арганізацыі „Ёсьць справа“. — Яны не павінны існаваць. Паводле дадзеных САЗ, у Эўропе найбольш ад каранавірусу загінулі ў стацыянарных установах».

«На жаль, большасьць дагэтуль думае што сама ідэя інтэрнату — гэта нармальна, — кажа валянтэр арганізацый „Канікулы“ і „Ёсьць справа“ Аляксей Тарасевіч. — Маўляў, там людзі дагледжаныя, ну і добра. Пры гэтым яны забываюць, што ў інтэрнаце можа апынуцца зусім любы чалавек».

Аляксей Тарасевіч
Аляксей Тарасевіч

Дамы-інтэрнаты і да пандэміі мала каго цікавалі, і цяпер ня надта, кажа валянтэрка Ксенія Галубовіч.

«Зьвярнуць увагу на гэтыя месцы вельмі складана. Такое стаўленьне пайшло з савецкага часу, калі было сорамна мець хворага сваяка, хворае дзіця, калі ўсё гэта хавалі. А ніхто з тых, хто там жыве, ніколі не зьбіраўся там апынуцца і скончыць там сваё жыцьцё», — лічыць дзяўчына.

Вольга Дамінікевіч марыць, каб людзі з асаблівымі патрэбамі жылі невялікімі камунамі з падтрымкай дзяржавы.

«Тады можна будзе апэратыўна рэагаваць і абараніць іх ад такіх пагроз, — кажа яна. — Інакш яны ператворацца ў гарачыя пункты эпідэміяў, дзе ў аднолькавым становішчы і тыя, хто там жыве, і тыя, хто там працуе».

Статыстыку захворваньняў у інтэрнатах мы ня ведаем

Як толькі зьявілася першая інфармацыя пра выпадкі каранавірусу ў інтэрнатах, валянтэры аб’ядналіся. Напісалі адкрыты ліст, наладзілі дабрачынны збор для куплі сродкаў аховы для пэрсаналу. За першы тыдзень паступленьня дабрачынных грошай «Ёсьць справа» дапамагла 4 інтэрнатам. Найбольш, паводле Вольгі Дамінікевіч, патрэбна дапамога ў Віцебскай і ў Менскай абласьцях.

Вольга Дамінікевіч
Вольга Дамінікевіч

«Шмат чаго бракуе, але нехта і вельмі добра забясьпечаны, — апісвае Вольга. — Пры гэтым ёсьць выпадкі, калі пэрсаналу не хапае сродкаў аховы і няма магчымасьці купіць, бо ўсё скупляецца «пад мэдыцыну».

Любая дапамога ня будзе лішняй — антысэптыкі, пальчаткі, камбінэзоны, ахоўныя шчыткі, усе сродкі засьцярогі, — кажа валянтэрка.

«У інтэрнатах у асноўным калідорная сыстэма, дзе бывае ад 4 да 12 і нават болей людзей у адным пакоі, — тлумачыць Вольга, чаму эпідэмія вельмі небясьпечная для жыхароў такіх установаў. — І гэта людзі зь першай-другой групай інваліднасьці, траціна зь іх старэйшыя за 60 гадоў. І гэта людзі, якія ляжаць, ня могуць самі сябе абслугоўваць».

У Беларусі 9 дзіцячых інтэрнатаў (каля 1400 дзяцей і маладых людзей з інваліднасьцю), 50 псыханэўралягічных інтэрнатаў (амаль 14 тысяч чалавек) і 22 дамы для вэтэранаў і інвалідаў агульнага тыпу (каля 4 тысяч).

«Валянтэры дакладна ня могуць паўплываць на тое, як агучваецца статыстыка захворваньняў на каранавірус у дамах-інтэрнатах, — кажа валянтэрка арганізацыі „Канікулы“ Ксенія Галубовіч. — Калі ў Эўропе такая статыстыка вялася, то ў нас ніякіх дадзеных няма. Можна нешта даведацца ад супрацоўнікаў, але, ізноў жа, іхныя зьвесткі аніяк немагчыма праверыць. Напрыклад, наколькі мне вядома, у Навінках (у псыханэўралягічным інтэрнаце. — РС) з 21 красавіка не аддаюць вынікі тэстаў».

Радыё Свабода зьвярталася ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з просьбай даць інфармацыю пра эпідэміялягічную сытуацыю ў інтэрнатах. Аднак там перанакіравалі ў Міністэрства аховы здароўя. Свабода накіравала туды афіцыйны запыт. Ранейшыя спробы праверыць інфармацыю аб выпадках захворваньня ў інтэрнатах канчаліся адмовамі кіраўніцтва даваць інфармацыю.

«Калі ты ня ведаеш, што адбываецца, яшчэ больш перажываеш. Хацелася б ведаць, дзе ёсьць заражэньні, дзе іх няма, — кажа валянтэрка Ксенія.

Зьбіраючы грошы і дапамогу, валянтэры кажуць, што пэрсанал цяпер — іхны найпершы клопат.

«Бо гэта людзі, ад якіх залежыць жыцьцё насельнікаў інтэрнатаў, — тлумачыць Вольга Дамінікевіч. — Калі гэтыя людзі пачнуць хварэць, то ня трэба ніякага вірусу — ня будзе каму карміць, мыць, захоўваць іх жыцьцё і здароўе. Для нашых устаноў гэта вельмі небясьпечна».

Тым больш што ёсьць структурная праблема, тлумачыць Вольга. Інтэрнаты ня лічацца мэдычнымі ўстановамі.

«Гэта ўстановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, — кажа яна. — Там людзей нібыта ня лечаць, а даглядаюць. Хаця там ёсьць мэдсёстры, мэдбраты, санітаркі, нянечкі, ад якіх залежыць стан пацыентаў. Гэта нябачныя людзі. Іх абышлі пры разьмеркаваньні ўсіх сродкаў ахоўных, нават тых, што зьбіралі валянтэры».

Ад пачатку сакавіка, паводле зьвестак валянтэраў, інтэрнаты сталі пераходзіць у карантынны рэжым. Валянтэраў і наведнікаў у будынкі не пускаюць, а пэрсанал працуе вахтамі па два тыдні, не пакідаючы ўстанову.

«Яны ў яшчэ большай ізаляцыі, чым былі»

«У нас карантын, ёсьць усе сродкі аховы. Тэмпэратуру прыяжджаюць з паліклінікі мераць. Каранавірусу ў інтэрнаце ў нас няма, — кажа Вадзім Пахомаў з дома-інтэрнату ў Браславе. — Я не баюся, наадварот, спадзяюся на лепшае. Хачу сказаць „дзякуй“ за тое, што так берагуць нас. І абслугоўваньне, і крама, і мэдыкамэнты. Мне жыцьцёва важныя прэпараты выпісваюць пасьля анкалёгіі, у мяне рука і нага ампутаваныя, я на пратэзе хаджу. Я вельмі ўдзячны».

Валянтэры кажуць, што шмат камунікуюць са сваімі падапечнымі, хоць карыстацца інтэрнэтам і тэлефонам могуць далёка ня ўсе зь іх.

«Гісторыя ва ўсіх розныя, — расказвае валянтэр Аляксей Тарасевіч. — Шмат у каго, сем’і, дзеці, і жыцьцё пражытае, і кар’ера была. І тут — бабах! — нешта здараецца, нэрвовы зрыў, сацыяльныя абставіны, інваліднасьць — і чалавек умомант робіцца бездапаможны. За яго ўсё вырашаюць, ён за сябе нічога ня можа зрабіць».

І да эпідэміі жыцьцё жыхароў дамоў-інтэрнатаў не было асабліва разнастайным. Але ва ўмовах карантыну яны літаральна замкнёныя ў сьценах сваёй палаты. Аляксей кажа, што стала менш прагулак, людзей не выпускаюць у агульную залю глядзець тэлевізар, яны ня ходзяць у сталовую, ня могуць піць разам гарбату, камунікацыя паміж людзьмі амаль спынілася.

«Ім там вельмі сумна. Зьменшылася колькасьць прагулак, бо людзей стараюцца ізаляваць адзін ад аднаго, — расказвае Ксенія Галубовіч. — Кантактаў няма: раней былі імпрэзы, прыходзілі людзі, была сувязь са сьветам. Цяпер яны яшчэ ў большай ізаляцыі, чым былі».

«Цэлымі тыднямі ім зусім няма чаго рабіць, — пацьвярджае Вольга Дамінікевіч. — Толькі сядзець ці ляжаць на ложку. Пры гэтым фізычна яны добра сябе могуць адчуваць».

Падтрымаць працу валянтэраў у дапамозе дамам-інтэрнатам можна тут.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG