Актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі са Слоніму Алесь Масюк распавёў Свабодзе, што сям’ю Струпаўцоў зь Якімавічаў у 1943 годзе забілі савецкія партызаны атраду імя Панамарэнкі.
З усёй сям’і цудам застаўся жыць толькі маленькі Васіль — ён быў паранены ў ногі, але здолеў выпаўзьці з падпаленай хаты.
«Цяпер пра гэта не прынята ўзгадваць, хоць гадоў 15 таму гісторыя была апісаная ў мясцовай газэце, — расказвае Алесь Масюк. — Пра гэта распавёў сам Васіль Струпавец. Ён памёр, а належнага помніка на ягонай магіле няма дагэтуль».
Паводле спадара Масюка, найперш яны пачалі збор сродкаў на помнік Васілю Струпаўцу сярод актывістаў, але таксама зьмясьцілі абвестку ў інтэрнэце.
Магіла Васіля Струпаўца знаходзіцца побач з пахаваньнямі закатаванай сям’і — бацькі, двух братоў і сястры.