Народны майстар, аўтар драўляных скульптур Іван Супрунчык зь вёскі Цярэблічы на Століншчыне робіць помнік габрэям, расстраляным у 1942 годзе ва ўрочышчы Хабішчы пад Альшанамі.
Мастак распавёў Свабодзе пра свой помнік:
«Гэта была наша супольная ідэя зь нябожчыкам прафэсарам Міхасём Раманюком, выбітным мастацтвазнаўцам. Мы сябравалі і яшчэ пры ягоным жыцьці стварылі праект помніка расстраляным габрэям. Помнік мае атрымацца ў выглядзе сьвяцільніка зь сямі ствалоў дубоў, падобных да сямі сьвечак. На ствалах будуць выявы розных пакаленьняў габрэяў — ад старазапаветных да сучасных, маладых хлопца і дзяўчыны. Гэта значыць, што Ізраіль працягвае жыць, пакуль гарыць новы агонь», — сказаў Свабодзе Іван Супрунчык.
На пачатку 1942 году пад вёскай Альшаны нацысты стварылі габрэйскае гета. Там было больш за тысячу чалавек, зь іх толькі 30 мужчынаў, астатнія — жанчыны і дзеці. 10 верасьня 1942 году вязьняў вывелі ў бок урочышчаў Хабішчы і Хінаўск і расстралялі. У 2010 годзе на месцы масавага расстрэлу адкрылі мэмарыял і ўсталявалі мэнору — сем белых бэтонных сьвечак.
Цяпер да гэтага мэмарыялу мастак Супрунчык дадае свой драўляны помнік. Робіць ён гэта за ўласны кошт і кажа, што нічыёй дапамогі яму ў гэтым ня трэба.
Драўлянай скульптурай Іван Супрунчык займаецца зь дзяцінства, з 10 год. Усе творы Іван Піліпавіч робіць з дапамогай адзінага інструмэнту — звычайнай сякеркі.
Зь ягонай ініцыятывы ў Цярэблічах зьявіўся музэй драўлянай скульптуры.
«Мае жыцьцё пачалося ў гэтых мясьцінах, заўсёды побач быў лес: ён зачароўваў і натхняў мяне. Калі быў малы, то захапляўся маляваньнем, а гадоў у 10 пачаў выразаць. Як стаў дарослым, то ўсе творы, ад малых 10-сантымэтровых фігурак да манумэнтальных, у чалавечы рост, рабіў выключна адной сякерай, не выкарыстоўваючы іншых прыладаў. Гэта проста: бяры ды сячы!» — кажа Супрунчык на палескай гаворцы.
У вёсцы майстра называюць «мужык зь сякерай».
«Я не для нейкай славы працую, а дзеля самой творчасьці. Лічу, што ў чалавека няма большага багацьця, чым ягоны род, племя і месца, дзе ён нарадзіўся. Багацьце, якога не адняць. Мая творчасьць зьвязвае мяне з маім родам, са спадчынай».
Пра свой музэй майстар кажа:
«Першапачаткова існаваў Цэнтар драўлянай скульптуры, а я на базе цэнтру зрабіў сваю калекцыю з унікальнымі экспанатамі. Кожная фігура — гэта ўвасабленьне пэрсанажаў легендаў і паданьняў майго рэгіёну. Мітычныя істоты, пра якіх спрадвеку распавядалі ў нашых мясьцінах. Сярод экспанатаў — ня толькі скульптуры, але і графіка, і жывапіс, і ілюстрацыі да фальклёрных твораў. Да таго ж я зьбіраю апавяданьні аднавяскоўцаў і таксама іх ілюструю».