Беларусь павялічыла выдаткі на войска пасьля двух гадоў эканоміі, Расея рэкордна скараціла, — SIPRI

Беларускія вайскоўцы на рэпэтыцыі параду, ілюстрацыйнае фота

Стакгольмскі інстытут праблемаў міру (SIPRI) апублікаваў чарговы даклад аб вайсковых выдатках краінаў сьвету. Сумарныя выдаткі на абарону ў сьвеце застаюцца стабільнымі ў гэтым дзесяцігодзьдзі — каля 1,7 трлн даляраў на ўсе краіны.

Першымі ў сьвеце па вайсковых выдатках ідуць Злучаныя Штаты з 610 млрд у 2017 годзе (мінус 14% за 10 гадоў), за імі зь вялікім адставаньнем — Кітай з 228 млрд (плюс 110% за 10 гадоў), Саудаўская Арабія з 69,4 млрд (плюс 34% за 10 гадоў) і Расея з 66,3 млрд (плюс 36% за 10 гадоў).

Расея ў 2017 годзе скараціла вайсковы бюджэт на найбольшую сярод іншых краінаў суму — на 13,9 млрд даляраў (да 55,3 млрд, або на пятую частку бюджэту). Гэта першае з 1998 году зьніжэньне вайсковага бюджэту Расеі. Але цяпер, у 2018 годзе, чакаецца, што вайсковыя выдаткі Расеі вернуцца на ранейшы ўзровень — да 66,3 млрд даляраў.

Павелічэньня выдаткаў на вайсковыя патрэбы чакаюць і ад Беларусі (PDF). Зь піку ў 640-650 млн даляраў на год у 2013–2015 гадах Беларусь зьменшыла выдаткі да 597 млн у 2016-м і 564 млн у 2017-м, але цяпер мае павялічыць да 631 млн даляраў.

Але гэта будзе ўсё роўна меней, чым у суседняй Літвы, якая значна меншая тэрыторыяй і колькасьцю насельніцтва: у яе ў 2017 годзе на абарону выдаткавалі 773 млн даляраў (чакаецца 812 млрд сёлета). У таксама невялікай Латвіі выдаткі на войска параўнальныя зь Беларусьсю: 492 млн даляраў за мінулы год (чакаецца 514 млрд). У абодвух балтыйскіх суседзяў Беларусі вайсковыя выдаткі павялічыліся за год на 21%.

Украіна летась патраціла на абарону 3,35 млрд даляраў (чакаецца 3,65 млрд), Польшча — 9,5 млрд даляраў (чакаецца 10 млрд). Румынія тым часам павялічыла вайсковыя выдаткі на 50%, да 4 млрд даляраў летась.

На кожнага беларуса прыпадае 55 даляраў вайсковых выдаткаў

Беларусь паднялася на 41-е месца ў рэйтынгу вайсковай моцы. Што палепшылася

Лукашэнка падзякаваў Кітаю за ўзмацненьне беларускага войска