Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць караля Стэфана Баторыя ў Горадні адзначылі шабельнымі двубоямі. ФОТА


У Горадні распачаліся Дні караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. У горад прыехалі з шаблямі ўдзельнікі гістарычных клюбаў з Вугоршчыны, Беларусі, Польшчы і Чэхіі.



Прадстаўнік старажытнага вугорскага роду Стэфан Баторы (1533-1586) нарадзіўся ў Сяміградзьдзі, што цяпер знаходзіцца ў Румыніі. Быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім у 1575 годзе. Горадня была ягонай рэзыдэнцыяй. Тут жыў, тут і памёр 12 сьнежня 1586 году. Баторы адваёўваў у Масковіі страчаныя падчас Лівонскай вайны (1558-1583) гарады і тэрыторыі. У тыя часы казалі, што калі кароль быў не на вайне, то знаходзіўся ў Горадні.

Віват, Горадня!

Больш за ўсё ў Горадню прыбыло сёньня польскіх аматараў гістарычнай рэканструкцыі. Іх прадстаўлялі публіцы ў падворку Новага каралеўскага замку.

Першымі назвалі гусарскія харугвы гетмана Жалкеўскага і караля Яна ІІІ Сабескага. «Віват, Горадня!» — выгукнулі яны.

Суполкі з Кельцаў і зь Беластоку захоўваюць шляхецкія традыцыі ХVІІ стагодзьдзя. Радамскае брацтва братоў Курковых прадстаўляе шляхту наступнага, ХVІІІ-га. «Віват, кароль Баторы!» — выгукнулі яны і прасьпявалі пад скрыпку старажытны польскі гімн. Падпяваў нават генконсул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк, які прыехаў, каб прывітаць удзельнікаў сьвята.

Віталі на замкавым дзядзінцы вугорскіх рыцараў.

Затым клюб «Газдала», што прадстаўляе харугву Бабруйскага павету. «Гэй, літвіны, Бог нам радзіць!» — выгукнулі хлопцы зухавата. Другі беларускі гісторыка-патрыятычны клюб — гэта «рэгімэнт Януша Радзівіла» зь Менску. Клюбная форма нагадвае мушкецёрскую. Калі жаўнеры прыйшлі калёнай, гледачы вырашылі, што гэта — швэдзкае войска. Між іншым, у шэрагу былі і жаўнеркі, дарэчы, у звычайным жыцьці — настаўніцы.

Гледачоў на замкавым падворку чакалі двубоі на шаблях, інсцэніроўкі бітваў.

Па сьлядах Баторыя

Кіраўнік клюбу каралеўскіх гусараў Барташ Седлер нарадзіўся ў Кракаве, жыве ў Варшаве. Амаль на палове шляху ад Кракава да Горадні, удакладняе ён.

Барташ Седлер
Барташ Седлер



Адкуль у яго цікавасьць да караля, які жыў у Горадні? У 2008 годзе на машыне, іх было чатыры аднадумцы, яны праехалі па сьлядах вялікіх перамог зброі Рэчы Паспалітай, шляхам Баторыя, а таксама гетмана Жалкеўскага, распавядае Свабодзе Барташ. Перш гэта была Палонка ў Баранавіцкім раёне, затым рака Бася, Орша, Магілёў, потым Смаленшчына, Пскоў.

На рацэ Бася адзін гусар «насадзіў на дзіду пяць маскалёў», а пад Палонкай на аднаго больш, такія засталіся сьведчаньні ў гісторыі, распавядае Барташ Седлер. Шкада, што Стэфан Баторы нядоўга кіраваў нашай супольнай дзяржавай, таму ня змог адбіць усе гарады, заваяваныя Масквой, той жа Смаленск, а выглядала, што наступная ягоная выправа мела быць у тым накірунку, разважае ён.

— Хто, якія людзі сёньня «запісаліся» у каралеўскія гусары?

— Сярод іх і заможныя бізнэсмэны, працаўнікі кракаўскага музэю на Вавэлі, студэнты, нехта працуе ў фармацэўтычнай фірме.

— І кожны мае ў сваім пакоі партрэт Баторыя?

— Ня ведаю, ня быў у пакою кожнага з удзельнікаў. Але напэўна яны маюць мноства кніг, альбомы, копіі карцін. І амаль кожны мае якогасьці продка, які альбо кімсьці быў адметным або ваяваў, удзельнічаў у бітвах. Людзей гэта цікавіць, яны вывучаюць сваю гісторыю, карані, каб жыць, усьведамляючы: «А вось мой продак ваяваў пад Венай, пад Хоцімам, ці пад Масквой». І такія людзі якраз сярод нас.

Сам Барташ Седлер таксама мае кнігі, прысьвечаные каралю, і ягоны партрэт. І праз постаць Стэфана Баторыя — кантакты з Вугоршчынай, зь Беларусьсю, зь Сяміградзьдзем у Румыніі, дзе ён нарадзіўся. Мае сьцягі, вымпелы, падарункі ад тых гарадоў, дзе пабывалі сучасныя гусары.

Жаўнеры Радзівіла: ад сантэхніка да айцішніка

Фёдар Міхееў зь Менску узначальвае «рэгімэнт Януша Радзівіла». Мажная постаць Фёдара вельмі заўважная. У ягоным рэгімэнце ёсьць розныя па прафэсіі людзі — «ад сантэхніка да айцішніка».

Фёдар Міхееў
Фёдар Міхееў



Радзівілы шмат чаго зрабілі для Літвы, разважае ён, узяць Януша Радзівіла:

«Палякі кажуць, што ён здраднік, бо ў нядобры час стаў на бок ворага. Але мы лічым, мае хлопцы лічаць, што няхай ён для палякаў быў тады здраднікам, але ён быў за незалежнасьць ВКЛ ад Рэчы Паспалітай. А раз ён так рабіў, для нас ён выдатны дзеяч, які паспрабаваў зрабіць незалежную дзяржаву».

Фёдар Міхееў з аднадумцамі зрабіў суполку пад назвай «рэгімэнт Януша Радзівіла» гадоў пятнаццаць таму. Гардзей Шчэрбіч зь цяперашняга клюбу «Газдала» быў у ім, але потым зрабіў свой клюб, які таксама займаецца рэканструкцыяй ХVІІ стагодзьдзя і ўдзельнічае ў Днях Стэфана Баторыя.

Аднак у Беларусі не праводзяцца відовішчныя мерапрыемствы, прысьвечаныя гэтаму часу, зазначае Фёдар Міхееў, больш увагі аддаецца «лініі Сталіна». Уладам гэта патрэбна больш, чым свая гісторыя.

Ёзаф Лянгер прыехаў з «маленькай Вены»

Ёзаф Лянгер жыве ў чэскай Маравіі у мястэчку Шумпэрк, які называюць маленькай Венай, і гаворыць па-польску.

Ёзаф Лянгер
Ёзаф Лянгер



Раней была група мушкецёраў, якую ён узначальваў, распавядае ён. У Горадню Ёзаф прыбыў у паставе швэдзкага генэрала, які падчас Трыццацігадовай вайны ваяваў у чэскіх землях. У Горадні другі раз. Замкі яму спадабаліся. У ягонай Чэхіі іх нямала, цяпер іх зноў аддаюць уласьнікам.

Пры «камуне» лічылася, што лепей аддаць замак войску, разважае Ёзаф, а цяпер іх вяртаюць гаспадарам. Горадня яму прыглянулася — «у цэнтры пара старых прыгожых дамоў». «Найлепш, калі гісторыя захоўваецца, разважае ён. Бо цяпер нашы дзеці ня ведаюць гісторыі, таму гэта мусім рабіць мы: калі мы ім не пакажам гісторыі, яны яе ня будуць ведаць».

Ёзаф шмат часу аддае свайму хобі. Выдаткуе грошы на рыштунак, зброю. Мае сваю невялічкую групу, зь якой яны разам паказваюць рэканструкцыі з ХV і ХVІІ стагодзьдзяў па ўсёй Эўропе — там, дзе кампэнсуюць дарожныя выдаткі і троху заплацяць. Бо справа вымагае грошай. Вопратка, якую мае на сабе, зброя, каштуюць трыццаць тысяч кронаў (эквівалент $1,5 тысяч), кажа ён і зазначае: «Гэта два-тры месячныя заробкі. Але я хутчэй набуду гістарычны рыштунак, чым тэлевізар».

Выступаючы на адкрыцьці, Ёзаф сказаў, што прывёз з сабою добрага віна, якім будзе частаваць палякаў, у якіх ёсьць гарэлка... Свабодзе ён сказаў, што прыедзе ў Горадню і наступным разам.

Дні Стэфана Баторыя праводзяцца ў Горадні трэці раз. Удзельнікі клюбаў прыбылі 28 красавіка і разьмясьціліся пад Горадняй у Караліна, у «фальварку Тызэнгаўза». Сьвята працягнецца да 4 траўня, гусары наведаюць замкі ў Міры, Лідзе, Наваградку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG