Блогер Антон Матолька апублікаваў на Facebook адказ Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы Віцебскага аблвыканкаму наконт прапановы аб перайменаваньні бібліятэкі імя Леніна ў гонар Францішка Скарыны.
Ідэолягі тлумачаць, што прапанова «патрабуе дэталёвай прапрацоўкі і вывучэньня грамадзкай думкі, бо падобныя дзеяньні могуць выклікаць нэгатыўную рэакцыю насельніцтва».
І нават калі будзе станоўчае рашэньне, перайменаваньне «варта было б прымеркаваць да нейкай знакавай даты ці юбілею», піша ў адказе старшыня ідэалягічнага ўпраўленьня, былы кіраўнік абласной арганізацыі Беларускага аб’яднаньня вэтэранаў Генадзь Ягораў. А такіх датаў, сьцьвярджае ён, сёлета няма.
Да таго ж перайменаваньне «пацягне дадатковыя выдаткі для самой установы культуры», адзначаецца ў лісьце. З усіх гэтых прычынаў перайменаваньне нямэтазгоднае, робіць выснову ідэоляг.
Антон Матолька задаецца пытаньнем: калі патрэбна «дата або юбілей», то што было зроблена ў горадзе на 500-годзьдзе беларускага кнігадруку? Ён таксама просіць вывучыць грамадзкую думку ў пытаньні «Ленін ці Скарына» і заклікае зьвяртацца да аблвыканкаму праз форму на сайце, а таксама прапануе разгледзець мэтазгоднасьць існаваньня ў Беларусі ідэолягаў.