Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапанову Калякіна назваць менскае мэтро імем Машэрава адхілілі


Менскае мэтро, ілюстрацыйнае фота
Менскае мэтро, ілюстрацыйнае фота

Менгарвыканкам не падтрымаў ідэі назваць Менскі мэтрапалітэн імем былога кіраўніка БССР Пятра Машэрава, прапанаваную партыяй левых «Справядлівы сьвет», піша БелаПАН.

На думку прадстаўнікоў Менгарвыканкаму, падставаў называць «транспартную інфраструктуру» імем Пятра Машэрава няма — памяць ужо ўшанаваная ў назвах іншых аб’ектаў. Але старшыня «Справядлівага сьвету» Сяргей Калякін палічыў такі адказ на сваю прапанову «абсалютна нездавальняльным».

Сяргей Калякін, архіўнае фота
Сяргей Калякін, архіўнае фота

«Спасылкі на тое, што некаторыя аб'екты названыя ў гонар Машэрава, ня вельмі абгрунтаваныя, — сьцьвярджае Калякін. — Яны забываюць, што ў 2005 годзе памяць Машэрава была фактычна абражаная: адзін з найважнейшых праспэктаў, які насіў ягонае імя, быў абсалютна беспадстаўна перайменаваны ў праспэкт Пераможцаў. Ніякіх падставаў для гэтага не было».

Калякін лічыць, што цяперашні праспэкт Машэрава (участак «першага кольца», які пачынаецца ад праспэкту Незалежнасьці недалёка ад плошчы Перамогі і ідзе да Ціміразева), гэта «не праспэкт», а «шэраг вуліц і завулкаў», «зьдзек з памяці Машэрава».

«Справядлівы сьвет» прапаноўваў назваць мэтро імем Машэрава да 100-годзьдзя яго нараджэньня, бо лічыць Машэрава «адным з самых выдатных кіраўнікоў за ўсю гісторыю Савецкай Беларусі», побач зь якім «цяперашняя ўлада побач не стаяла». Машэраў быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі з 1965 году да сьмерці ў аўтакатастрофе ў 1980 годзе, якую некаторыя называюць «невыпадковай».

Стагодзьдзе Машэрава: народны герой ці выканаўца волі Крамля

Пясчаныя буры, карузьлік зь вялікай галавой, асуджаныя хутары. Чым адзначылася эпоха Машэрава

Пётар Машэраў — сівая легенда беларускай сьвядомасьці

Цяпер Менскі мэтрапалітэн ня носіць нічыйго імя — у адрозьненьне ад, напрыклад, Маскоўскага мэтрапалітэну, які носіць імя Леніна, а да 1955 году насіў імя Кагановіча.

Зь імем Леніна і менскім мэтро зьвязаны іншы кур’ёз: пад плошчай, якая ад 1991 году завецца плошчай Незалежнасьці, разьмяшчаецца станцыя зь «неактуальнай» назвай «Плошча Леніна». Падчас галасавога абвяшчэньня станцыяў у мэтро ўдакладняюць: «Станцыя „Плошча Леніна“, выхад да плошчы Незалежнасьці». У інтэрнэце часам жартуюць пра «плошчу Незаленіна» або «плошчу Ленінежнасьці».

Бюст Леніна у пераходзе станцыі мэтро «Плошча Леніна». Ілюстрацыйнае фота
Бюст Леніна у пераходзе станцыі мэтро «Плошча Леніна». Ілюстрацыйнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG