Актывіста Сяргея Пальчэўскага на працягу тыдня аштрафавалі двойчы агулам на 80 базавых велічынь, што складае 1680 рублёў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
6 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску разглядалася справа аб удзеле Сяргея Пальчэўскага ў правядзеньні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў 23 і 24 верасьня. Актывіста абвінавацілі ў тым, што ён разьмясьціў стэнд з выявай бел-чырвона-белага сьцяга ў пераходзе ля станцыі мэтро «Кастрычніцкая» і зьбіраў подпісы за тое, каб прызнаць гэты сьцяг гістарычнай каштоўнасьцю. Судзьдзя Валеры Есьман прызнаў Пальчэўскага вінаватым у парушэньні ч.3 арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (удзел у правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства паўторна цягам аднаго году) і аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь (630 рублёў).
Празь пяць дзён, 11 кастрычніка, суд Маскоўскага раёну Менску разглядаў справу актывіста аб удзеле 12 верасьня ў мітынгу супраць фальсыфікацыі выбараў на плошчы Незалежнасьці. У выніку Сяргей Пальчэўскі быў аштрафаваны на яшчэ большую суму — на 50 базавых велічынь, што складае 1050 рублёў.