З 12 па 15 лютага ў Менску ў чацьвёрты раз праходзіць Міжнародны паэтычны фэстываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце».
Арганізатары фэстывалю — Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтар. Імпрэза сёлета праходзіць на дзьвюх пляцоўках — у галерэі «Ў» і ў галерэі «Tut.by».
Штогод фэстываль прырастае на адзін дзень. Арганізатары жартуюць, што аднойчы «Вершы на асфальце» будуць цягнуцца поўны год. Гэтым разам за чатыры дні ў Менску пройдзе 16 імпрэзаў з удзелам беларускіх і замежных літаратараў.
13 лютага ў галерэі «Ў» адбылася вялікая беларуска-ўкраінская паэтычная вечарына. А 20-й гадзіне Юры Завадзкі прадстаўляў кнігі беларускіх і ўкраінскіх аўтараў: Дзьмітра Лазуткіна, Юрыя Мацевашчука, Алены Сьцепаненкі, Міхася Баярына, Сяргея Прылуцкага.
А 21-й пачалася вечарына культавага ўкраінскага паэта, празаіка і перакладчыка Сяргея Жадана «Жыцьцё Марыі» з удзелам беларускага паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча. Літаральна знаходзячыся ў Менску, Сяргей Жада́н зрабіў некалькі перакладаў вершаў беларускага клясіка Міхася Стральцова на ўкраінскую мову. А Андрэй Хадановіч на беларускую пераклаў новыя вершы Сяргея Жадана.
Your browser doesn’t support HTML5
Сяргей Жадан нарадзіўся ў Старабельску Луганскай вобласьці. Жыве ў Харкаве. У 2004-м ён быў камэндантам харкаўскага Майдану, а ў 2013-м — адным з арганізатараў Эўрамайдану. 1 сакавіка 2014 года Жадан быў жорстка зьбіты ў будынку харкаўскай адміністрацыі, якую штурмавалі ўдзельнікі мясцовага «антымайдану».
Ён аўтар знакавых кніг «Дэпэш Мод», «Гімн дэмакратычнай моладзі», «Anarchy in the UKR», "Біг Мак","Варашылаўград«, «Месапатамія».
Кнігі прозы «Дэпэш мод» і «Anarchy in the UKR» перакладзеныя на беларускую мову, іх можна набыць у кнігарні «Ў».