Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Жадан: Калі ўсё скончыцца


Украінскі пісьменьнік Сяргей Жадан у сваім блогу на сайце tsn.ua разважае над тым, з чым давядзецца лічыцца ўкраінскаму грамадзтву, калі скончыцца цяперашні кафлікт на Ўсходзе Ўкраіны.

Калі ўсё гэта скончыцца, многія рэчы будуць мець зусім іншы выгляд. На многія рэчы расплюшчацца вочы. Хоць глядзець захочацца далёка не на ўсё. Але так ці інакш — калі ўсё гэта скончыцца, гэта значыць калі перастануць страляць, калі «закончыцца вайна» (што б мы пад гэтым словам ні разумелі), нам усім давядзецца сутыкнуцца з тым, наколькі ўсё зьмянілася. Я нават не кажу пра апэратыўнае становішча, пра хаду баявых дзеяньняў, захопленыя населеныя пункты, разбураныя масты і зьнішчаную вайсковую тэхніку. Я кажу хутчэй пра тое, што пачынаецца кожны раз, калі ўсё сканчаецца, што пачынаецца з заканчэньнем вайны.

Відавочна, краіне давядзецца мець справу з сапраўднымі франтавікамі, тымі, хто трымаў у руках зброю, больш за тое — з тымі, хто гэтую зброю ўжываў. Давядзецца мець справу зь іх праўдай, іх досьведам, іх стратамі і перамогамі. І з тым, і з іншым — і з стратамі, і (асабліва) зь перамогамі — давядзецца лічыцца. Гэтак сама, як давядзецца лічыцца з досьведам тых, хто ў рукі зброю не браў, але так ці інакш таксама быў часткай вайны. Хоць, што значыць «часткай»? Яны сёньня — напаўненьне гэтай вайны, яе фонам, на якім адбываюцца ваенныя апэрацыі. Імі сёньня прыкрываюцца, імі апраўдваюцца, іх абвінавачваюць, ім суперажываюць. Хоць у большасьці выпадкаў іх проста ігнаруюць — вайна гэта перш за ўсё людзі ўзброеныя. Людзі цывільныя напаўняюць тэатар ваенных дзеяньняў ня так гераізмам, як шумам. Яны ўсім замінаюць — замінаюць цяпер, будуць замінаць і ў будучыні. І з гэтым таксама давядзецца мець справу.

Гэтак сама давядзецца мець справу з тым, што мы ўсе нарэшце ўбачым гэты наш ўкраінскі мітычны Ўсход, Данбас знутры, усутыч, зблізку. І ўсе гэтыя назвы, якія сёньня з такім крывавым ціскам прарываюцца ў нашу сьвядомасьць, залягаючы ў памяці — Чырвоны Ліман, Станіца Луганская, або, скажам, Шчасьце, — будуць ня проста назвамі населеных пунктаў, дзе большасьць з нашых суграмадзяняў ніколі не была (дый не плянавала быць), а больш чым рэальнымі і крывавымі (менавіта таму і рэальнымі) кавалкамі тэрыторыі, зь якой шмат у каго будзе ад гэтага часу многае зьвязана.

З геаграфіі ўсё гэта ператвараецца ў гісторыю, і ў гісторыю даволі балючую. Спадзяюся, шмат да каго дойдзе, што Данбас — гэта ня проста шэрая зона на ўсходзе, а рэальныя гарады і сёлы, у якіх жывуць рэальныя людзі. Тыя самыя людзі, якія сёньня ў якасьці ўцекачоў гэтак сама адкрываюць для сябе рэшту Украіны. Давядзецца мірыцца з тым, што сваю краіну нам выпала адкрываць для сябе менавіта так — праз франтавыя паведамленьні, праз тэлевізійную дэзінфармацыю, праз пэрсанальны боль і трагедыі. Спадзяюся, пасьля гэтага ўжо ніхто не пераблытае Данецкую вобласьць з Луганскай, а Луганскую — з Харкаўскай. А калі забудзе — успомніць разьмяшчэньне блёкпастоў, пра якія сёньня так шмат пішацца, і зноў ўспомніць.

Вельмі спадзяюся, што калі ўсё гэта скончыцца, у краіне не пачнецца паляваньне на ведзьмаў. Што вінаватымі ня выявяцца ўсе жыхары вызваленых гарадоў і сёлаў. Што ня будуць помсьціць тым, хто ня здольны сябе абараніць, ня будуць перасьледаваць тых, хто не спадабаецца. Затое, я гэтак сама спадзяюся, што давядзецца адказаць усім тым, хто мог спыніць усю гэтую масакру яшчэ тады, вясной, некалькі месяцаў таму. Спадзяюся, што ўся гэтая навалач, да апошняга дэпутата, да апошняга гарадзкога галавы і начальніка міліцыі, з усімі алігархамі і сьвятарамі ўключна, усе гэтыя законныя прадстаўнікі ўлады і маральныя аўтарытэты, якія сядзелі і глядзелі, як сытуацыя заходзіць у тупік, будуць адказваць за ўсё — і за дзяржаўную здраду, і за сабатаж, і за марадзёрства.

Таму што найпрасьцей перакласьці ўсю віну на мірнае насельніцтва. Найпрасьцей менавіта яго зьвінаваціць ва ўсіх яго праблемах, менавіта яго папракаць і менавіта на яго злавацца. Аднак прыгадайце, з чаго ўсё пачыналася, і ўявіце сабе, што было б, калі б людзі проста выконвалі сваю працу. Усе — ад міліцыянтаў на мітынгах да памежнікаў на пераездах. Уявіце сабе, чаго можна было б пазьбегнуць. І вось з абавязковым называньнем імёнаў сапраўдных здраднікаў нам таксама давядзецца мець справу. Называць здраднікаў па імёнах не заўсёды лёгка. Але заўсёды справядліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG