ЗА ШТО БІЛІСЯ Ў ХАРКАВЕ
Ян Максімюк: Спадар Жадан, нашу размову я хачу пачаць з пытаньня пра ваша здароўе – як вы сябе адчуваеце? 1 сакавіка ў сацыяльных сетках зьявіўся страшны здымак, на якім відаць, як вас з акрываўленай галавою вядуць кудысьці два міліцыянэры. Яны вялі вас куды – да доктара ці каб арыштаваць?
Сяргей Жадан: Усё ў парадку, лячуся, дзякуй. Выявілі яшчэ расколіну ў сківіцы, трэба будзе загаіць. Міліцыянты вялі да хуткай.
Максімюк: Што насамрэч адбылося ў Харкаве 1 сакавіка? Вы бралі ўдзел у штурме абласной адміністрацыі? Супраць каго і за што вы змагаліся?
Жадан: Не, я, вядома, ня браў удзелу ў штурме – удзел у штурме бралі ўдзельнікі прарасейскага мітынгу. У Харкаве перад гэтым увесь тыдзень было даволі жорсткае супрацьстаяньне – «эўрамайданаўцы» знаходзіліся ў памяшканьні абласной дзяржадміністрацыі (займаючы там першы паверх), на плошчы каля помніка Леніну стаялі іх апанэнты. Цэлы тыдзень была напружаная сытуацыя – з пастаяннымі нападамі і пагрозамі ў адрас «майданаўцаў». Я насамрэч супраціўляўся таму, каб заставацца ў памяшканьні, заклікаў нашых адтуль выйсьці, паколькі разумеў, што рыхтуюцца правакацыі. Мяне, на жаль, не паслухалі. Прарасейскі мітынг у суботу скончыўся тым, што некалькі тысяч удзельнікаў (сярод якіх было шмат грамадзянаў Расеі з суседніх з Украінай абласьцей) пайшлі на штурм. Пачалася бойка з самаабаронай плошчы і прадстаўнікамі харкаўскага «Правага сэктару». На самай справе іх (самаабароны і «Правага сэктару») было зусім няшмат. А потым тыя, хто нападаў, пачалі біць наогул усіх, хто знаходзіўся ў памяшканьні – валянтэраў, журналістаў, студэнтаў. Білі дзяўчат. Зладзілі над імі на плошчы самасуд. Білі ўжо параненых, прымушалі станавіцца на калені, цалаваць георгіеўскую стужку, сьцяг Расеі. Потым тыя, хто нападаў, казалі, што ў памяшканьні знаходзіліся пераважна жыхары заходняй Украіны – гэта поўная хлусьня. Шкада, але насамрэч адны харкаўчане білі іншых. Думаю, гэта даволі сумная старонка ў гісторыі гораду.
А наконт вашага пытаньня – за каго я стаяў і за што змагаўся? Наш майдан стаяў супраць улады, супраць карупцыі, супраць гвалту і несправядлівасьці. Усе гэтыя тры месяцы мы выступалі супраць рэжыму Януковіча. Супраць харкаўчан мы не стаялі. У тым і парадокс, што маючы агульныя праблемы, харкаўчане ваююць сёньня адзін з адным.
АДКУЛЬ УКРАІНСКАЯ НЯНАВІСЬЦЬ
Максімюк: Потым яшчэ ў сацыяльных сетках зьявіўся ролік, на якім маладых людзей – з «Правага сэктару», мабыць – нейкія іншыя людзі паставілі на калені на плошчы ў Харкаве і прымусілі выбачацца за тое, што яны там рабілі. Страшна было глядзець на маладых скрываўленых хлопцаў на каленях, таксама страшна было глядзець на тых людзей, якія іх акружалі. Адчуваньне такое, што там сутыкнуліся байцы зь дзьвюх варожых дзяржаваў. А гэта ж былі, як здаецца, украінцы – і з аднаго боку, і з другога, праўда? Адкуль ва ўкраінцаў столькі нянавісьці да сябе саміх?
Жадан: Я ня ўпэўнены, што ўсе тыя хлопцы, якіх паставілі на калені – былі менавіта з «Правага сэктару». Там былі таксама проста валянтэры або актывісты Майдану, якія да «Правага сэктару» ня мелі ніякага дачыненьня. Адкуль столькі нянавісьці? Нянавісьць не зьяўляецца сталым пачуцьцём, яна лёгка разьдзімаецца, яе нескладана падаграваць. Варта толькі стварыць вобраз ворага і пераканаць самога сябе, што гэты вораг табе пагражае . Нешта падобнае адбываецца сёньня на ўсходзе Украіны – лялькаводы даволі спрытна выкарыстоўваюць усю гэтую рыторыку пра «фашыстаў і экстрэмістаў», нацкоўваючы ўкраінцаў адзін на аднаго. За ўсім гэтым лёгка пазнаецца расейскі сьлед, плюс далучэньне такіх пэрсанажаў, як мэр гораду Харкаву. Я разумею, што частка харкаўчан падзяляе прарасейскія настроі, аднак упэўнены: калі б натоўпу хтосьці не заводзіў, яны б не апусьціліся да такіх паводзін. Цяпер трэба шукаць нейкія кропкі паразуменьня, пачынаць размаўляць адзін з адным. Харкаўчане насамрэч прыніжалі не якіх-небудзь мітычных бандэраўцаў – яны прыніжалі такіх жа харкаўчан. А жыць у адным горадзе прыйдзецца ў далейшым ўсім. Такая вось рэч.
УКРАІНА І РАСЕЯ
Максімюк: Чаго наогул хочуць украінцы ва ўсходняй і паўднёва-ўсходняй Украіне – вяртаньня старой улады, то бок Януковіча, ці далучэньня да Расеі?
Жадан: Думаю, што большасьць усё ж хоча далей жыць ва Ўкраіне. Ўсход не зьяўляецца маналітным, тут прысутнічаюць розныя настроі і розныя погляды. Нехта сапраўды хацеў бы, каб гэтая тэрыторыя ўвайшла ў склад Расеі, нехта цалкам падтрымлівае тыя зьмены, якія адбываюцца сёньня ў краіне, хтосьці яшчэ вызначаецца. Але ў цэлым, я ўпэўнены, ідэі сэпаратызму ня маюць тут значнай падтрымкі – я думаю, гэтая ідэя ня мае будучыні.
Максімюк: Наколькі ўварваньне Расеі ў Крым зьмяніла сьветапогляд украінцаў? Некаторыя кажуць, што акупацыі Крыму ўкраінцы ніколі расейцам не забудуць і, так бы мовіць, Расея назаўжды «страціла» Ўкраіну. Гэта сапраўды так? Ці, можа, гэтае ўварваньне толькі ўзмацніла ўнутраны канфлікт сярод украінцаў і цяпер краіне пагражае непазьбежны раскол?
Жадан: Я думаю, гэтыя дзеяньні з боку Расеі сапраўды зьмяняюць нашу краіну, робяць яе, уласна, краінай, а ня проста тэрыторыяй, населенай нейкімі людзьмі. Шкада, што краіна набывае цэласнасьць менавіта пры такіх абставінах, але што зробіш – гэтую праблему нам навязваюць, мы гэты канфлікт не пачыналі. Застаецца спадзявацца, што ўсё скончыцца без крыві. Што тычыцца стасункаў з Расеяй – тут цяжка нешта прагназаваць. Мне хочацца верыць, што большасьць расейцаў таксама ня хочуць вайны.
РАСЕЙСКАЯ МОВА НА ЎСХОДЗЕ
Максімюк: Якую ролю ў цяперашнім канфлікце ў вашай краіне адыгрывае моўная праблема? Наколькі істотна для людзей ва ўсходняй Украіне тое, каб ужываньне расейскай мовы як «рэгіянальнай» было гарантавана моўным законам?
Жадан: Насамрэч моўнае пытаньне ніколі не было такім ужо прынцыповым у адносінах паміж жыхарамі ўсходняй Украіны. Для прыкладу, я жыву ў Харкаве і заўсёды гавару па-ўкраінску. Ніякіх праблем з гэтым няма. Іншая рэч, што новая ўкраінская ўлада зрабіла відавочнае глупства, пачаўшы сваю дзейнасьць менавіта з моўнага пытаньня (гаворка ідзе пра адмену «моўнага» закону). Відавочна, што цяпер – ня лепшы час для моўных войнаў (ды і наогул – навошта іх разьвязваць?). І гэтак жа відавочна, што гэтае пытаньне было падхопленае «прарасейскім» бокам для нагнятаньня сытуацыі. Ня думаю, што нас разьядноўвае мова. Хутчэй, нас разьядноўвае тое, што мы на гэтай мове выказваем.
Максімюк: Чым для вас зьяўляецца расейская мова? Як вы яе называеце – яна для вас свая, родная, чужая, акупанцкая...? Вы ў дзяцінстве са сваімі бацькамі размаўлялі на ўкраінскай мове ці на расейскай?
Жадан: Не, у дзяцінстве з бацькамі я гаварыў на суржыку [украінскі варыянт трасянкі]. Я размаўляю і пішу па-ўкраінску, у мяне шмат сяброў, якія са мной гавораць на расейскай. Паўтараю, праблемаў з гэтым на самай справе няма. Праблемы зьяўляюцца тады, калі моўнае пытаньне перакладаецца ў палітычную плоскасьць.
ПА-ЎКРАІНСКУ СЯРОД РАСЕЙСКАМОЎНЫХ
Максімюк: Як вам, чалавеку народжанаму на ўсходзе Ўкраіны, у расейскамоўным асяродзьдзі, захацелася стаць украінскамоўным пісьменьнікам?
Жадан: Я – украінскі філёляг. Украінская мова для мяне больш чым натуральная. Плюс, усходняя Украіна – гэта перш за ўсё Ўкраіна, хоць і ўсходняя.
Максімюк: Магчыма, гэтае пытаньне пакажацца вам не зусім дарэчным, але я яго пастаўлю – наколькі адэкватна можна апісаць рэчаіснасьць, якая існуе вакол вас на расейскай мове, у іншай мове – украінскай? Няма ў вас адчуваньня дыскамфорту або, кажучы брутальна, фальшу, калі вам трэба ў вусны вашых герояў, якія ў рэальным жыцьці гавораць натуральна па-расейску, укладваць украінскія фразы?
Жадан: Для мяне гэта, хутчэй, пытаньне стылістыкі. Сапраўды – мае пэрсанажы ў рэальным жыцьці гавораць на расейскай мове – гэта значыць, я займаюся нейкім унутраным перакладам. Пэўны дыскамфорт гэта, вядома, выклікае. Але ў гэтым ёсьць і свой пісьменьніцкі выклік.
Максімюк: Я калісьці прачытаў слоўнік украінскага слэнгу аўтарства Лесі Савіцкай. Ня ведаю, наколькі мае адчуваньні пасьля прачытаньня гэтага слоўніка можна назваць правільнымі, але слэнг, які існуе і ствараецца ва Ўкраіне, ён абаперты перш за ўсё на расейскай мове. Як з гэтым у вас у Харкаве – вы не адчуваеце дэфіцыту слэнгу і жаргонаў ва ўкраінскай мове?
Жадан: Не, не адчуваю. Новы ўкраінскі слэнг сапраўды грунтуецца на расейскай мове. Нічога страшнага ў гэтым ня бачу – ангельскі слэнг ў многіх мовах таксама стаў базавым. Увогуле, як для мяне, размова пра слэнг трохі неактуальная.
ШТО НАЛЕЖЫЦЬ ДА ЎКРАІНСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Максімюк: Што вы думаеце пра пісьменьнікаў, якія жывуць ва Ўкраіне, але пішуць на расейскай мове? Яны належаць да ўкраінскай літаратуры, ці да расейскай? Прыкладам, Андрэй Куркоў, які піша па-расейску – ён украінскі пісьменьнік ці расейскі? Ці, можа, такія нацыянальныя этыкеткі ў літаратуры для вас ня маюць значэньня?
Жадан: Андрэй Куркоў заўсёды кажа, што ён ўкраінскі пісьменьнік. Ня думаю, што хто-небудзь можа пазбавіць яго такога права. У нас летась была даволі дынамічная дыскусія пра тое, што менавіта лічыць ўкраінскай літаратурай і каго менавіта – украінскім літаратарам. Я казаў, што ўкраінскай літаратурай зьяўляецца ўсё, напісанае грамадзянамі Ўкраіны або на тэрыторыі Ўкраіны. То бок літаратура, напісаная на расейскай (або крымска-татарскай, або румынскай, або вугорскай) на гэтай тэрыторыі – зьяўляецца часткай украінскай літаратуры. Многія са мной не згаджаліся. Магчыма, сёньняшнія падзеі кагосьці ў чымсьці пераканаюць.
КАМУ ТРЭБА ПІСЬМЕНЬНІЦКІЯ САЮЗЫ
Максімюк: У Вікіпэдыі пішуць, што вы – віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменьнікаў. Ва Ўкраіне ёсьць яшчэ і Суполка ўкраінскіх пісьменьнікаў. Чым адрозьніваюцца гэтыя арганізацыі? Магчыма, вы ведаеце, што і ў Беларусі існуе арганізацыйная дыхатамія ў пісьменьніцкім асяродзьдзі. Адна арганізацыя лічыцца, скажам так, палітычна незалежнай, а другая – ляяльнай да Лукашэнкі. У тэхнічным сэнсе розьніца такая, што адны атрымліваюць дзяржаўныя грошы на выданьні, а іншыя – не. А як у вас?
Жадан: Ды не – я ўжо дзесяць гадоў не зьяўляюся віцэ-прэзыдэнтам Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменьнікаў, нават ня ведаю, ці гэтая арганізацыя яшчэ жыве. Мне здаецца, усе гэтыя творчыя саюзы сёньня проста нікому не цікавыя, гэта аджылыя формы творчай камунікацыі. Не зусім разумею, навошта яны сёньня патрэбныя. Мне здаецца, што сёньня мэтазгодна існаваньне хіба што ПЭН-клюбу, які займаецца прававой і сацыяльнай абаронай сваіх сяброў, гэта значыць зьяўляецца свайго роду прафсаюзам. Усе іншыя творчыя аб’яднаньні выконваюць незразумелыя мне функцыі.
Максімюк: На беларускую мову перакладзены вашы раманы «Дэпэш мод» і «Anarchy in the UKR», таксама вершы. Як у вас складваюцца кантакты зь беларускімі пісьменьнікамі і беларускай літаратурай? Перакладаюць у вас беларусаў?
Жадан: Наколькі магу судзіць, беларускую літаратуру ў нас заўсёды ўспрымалі добра і цёпла, як нешта блізкае і зразумелае. Пастаянна запрашаюць беларускіх аўтараў, пастаянна іх перакладаюць. Праўда, кнігі амаль не выходзяць, але гэта, хутчэй, пытаньне эканамічнага характару. Ёсьць пэўнае пачуцьцё салідарнасьці, і гэта, мабыць, найлепшае, што можа быць. Мне заўсёды падабалася лёзунг «За нашу і вашу свабоду».