У жыхара Івацэвічаў Сяргея Дылюка, які сьцьвярджае, што яго зьбілі міліцыянты, адбыўся ператрус. Спадар кажа, што яго вінавацяць у крадзяжы. У Сьледчым камітэце пакуль не камэнтуюць заявы Дылюка пра зьбіцьцё яго міліцыянтамі.
Больш за тыдзень таму з івацэвіцкай лякарні быў выпісаны Сяргей Дылюк, які апавядаў Свабодзе, што яго зьбілі міліцыянты.
Жыве спадар Дылюк у прыватным сэктары ў Івацэвічах непадалёк ад «Івацэвічдрэва». Хата сьціплая, дома — небагата. Гаспадар не працуе, кажа, што перабіваецца падзаработкамі.
«У лякарні паляжаў, здаецца, лепей, але нармальна ніяк не становіцца. Усё качае ды боўтае, і галава кружыцца», — распавёў Сяргей Дылюк пра свой стан.
Пасьля выхаду зь лякарні яго выклікалі ў міліцыю на допыты:
«Прыехаў сьледчы крымінальнага вышуку Куратнік, кажа, паехалі на гадзінку ў міліцыю. Раніцай забраў, а дома ўжо быў дзесьці каля 17-й. Мяне вінавацяць у тым, што скраў прыстаўку ў суседа. Сказалі канкрэтна, што была прыстаўка, што быццам я прадаў нейкаму Фамічу. Што за Фаміч, у мяне такіх знаёмых няма», — кажа Дылюк.
Спадар Дылюк кажа, што цяпер на допытах яго ня білі, але ён «ад страху пападпісваў паперы, якія там складаліся». Мужчына заявіў журналістам, што на допытах агаварыў сябе, баючыся, што будуць біць.
На мінулым тыдні дома ў Сяргея Дылюка адбыўся ператрус:
«Нічога ніхто не знайшоў. Участковы хадзіў, шукаў, папераварочваў усё. Павінна быць санкцыя пракурора на ператрус. Але ніякай паперы ніхто не паказваў. Пачалі шманаць усё на сьвеце, перавярнулі ўсё, але не знайшлі нічога».
Сяргей Дылюк кажа, што міліцыянты ў часе ператрусу не прадстаўляліся і санкцыі ад пракурора яму не паказвалі.
Карэспандэнт Свабоды зайшоў да суседа Сяргея Дылюка, які быў панятым у часе ператрусу, пэнсіянэра Міхаіла Ятчэні:
«Прыйшлі мяне паклікалі, сказалі, што буду панятым. Рабілі ператрус у яго, нічога не знайшлі. Напісалі, мы падпісаліся. Не, я не чытаў, бо я не прачытаю, ня бачу. Ну, яны (міліцыянты. — РС) сказалі, што вось, маўляў, паглядзіце, што мы шукаем. Усё прашукалі — нічога», — кажа спадар Ятчэня.
Пэнсіянэр Ятчэня характарызуе свайго суседа Сяргея Дылюка не найлепшым чынам. Кажа, што выпівае, хоць журналістам раней Дылюк даводзіў, што п’е надзвычай рэдка.
Галоўны інспэктар па інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю ўпраўленьня Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласьці Марына Дранкова паведаміла Радыё Свабода, што праверка па заяве Сяргея Дылюка яшчэ праводзіцца. Пра яе вынікі будзе паведамлена дадаткова.