Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Касінераў: Аскепак косткі тырчаў у мяне прама ў роце, і больш за месяц я харчаваўся з трубкі


Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў дамагаецца пакараньня супрацоўнікаў МУС, якія зламалі яму сківіцу.

Па крымінальнай справе, узбуджанай па факце зьбіцьця графіціста Вячаслава Касінерава супрацоўнікамі спэцатрада хуткага рэагаваньня ўнутранных войскаў МУС, будзе прызначана паўторная экспэртыза.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды апавёў Вячаслаў Касінераў пасьля сустрэчы 1 лютага са сьледчай Сьледчага камітэта Маскоўскага раёну Менску.

«Сёньня я быў у сьледчай і падпісваў пастанову аб правядзеньні экспэртызы. Экспэртыза ўжо праводзілася, але вырашылі нават камісію сабраць, каб праверыць ці справядліва мне прызначылі, што гэта былі менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Бо я настойваў на тым, што гэта цяжкія цялесныя пашкоджаньні. А ў чацьвер у мяне заплянавана апазнаньне, мне будуць паказваць собраўцаў, якія бралі ўдзел у затрыманьні мяне і маіх сяброў».

Крымінальную справу аб зьбіцьці пры затрыманьні Вячаслава Касінерава пачалі ў лістападзе 2015 году. 11 жніўня падчас жорсткага затрыманьня фігурантаў «справы графіцістаў» супрацоўнікамі спэцатраду хуткага рэагаваньня ўнутранных войскаў МУС Вячаслаў Касінераў атрымаў траўму — яму зламалі сківіцу, хлопец трапіў у лякарню.

Справу пачалі па факце нанясеньня менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня, хаця траўма, якую атрымаў маладзён падчас жорсткага затрыманьня, як лічаць праваабаронцы, адносіцца да цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.

«Яны напісалі „менш цяжкія“, але я выказаў крытыку адносна таго, наколькі гэта дасканала правяралася.

Калі я прыехаў на мэдкамісію, чалавек проста прыклаў да твару лінейку. Здаецца, мне нават не казалі адкрыць рот.

Паглядзелі, сказалі, добра, едзь, мы дакумэнты пра цябе ўсе зьбяром і зробім выснову. Я гэта раскрытыкаваў, і цяпер яны будуць зьбіраць камісію. Бо калі чалавек губляе працаздольнасьць больш чым на месяц, то гэта дакладна лічыцца цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі.

Гэта быў двайны адкрыты пералом сківіцы, то бок адразу аскепак косткі тырчаў у мяне прама ў роце, і больш за месяц я харчаваўся з трубкі. Гэта было звышпакутліва, і такога перажыць я нікому б не жадаў. І гэта ня можа кваліфікавацца як „менш цяжкія пашкоджаньні“».

Цяпер сьледчая выклікае Вячаслава Касінерава для ўдзелу ў сьледчых мерапрыемствах.

«Справа ня ў тым, што я жадаю некаму адпомсьціць. Мяне зьбілі, калі я быў на каленях, а рукі былі за сьпіной у кайданках. Як для мужчыны, для мяне гэта самы галоўны момант. Мяне закінулі ў аўтобус, я быў зьвязаны, стаяў на каленях і такім чынам мне пашкодзілі сківіцу. І гэта вырашальны момант, бо так сябе можа паводзіць толькі падонак, і за гэта ён павінен адказаць. Апазнаньні, якія цяпер праводзяцца, вынік даюць. Але складана, бо гэта было 11 жніўня. Цяжка бывае апазнаць чалавека, якога ты паўгоду таму бачыў, прычым ва ўмовах, калі цябе запіхвалі галавой у падлогу, калі мы ехалі, у гэтай стрэсавай сытуацыі. У чацьвер адбудзецца яшчэ адно апазнаньне. Я мушу паехаць у вайсковую частку, дзе трэба будзе апазнаць каля 13 чалавек. Ня толькі тых, хто мяне затрымліваў, але ўвогуле ўсіх супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў затрыманьні па справе графіцістаў.

Я думаю, тое, што паведамляецца ў СМІ, грамадзкае меркаваньне, вельмі ўплывае на сьледзтва. І яно такім чынам робіцца падрабязна і добра. А ня так, як раней, калі мне казалі, што бог судзьдзя тым, хто мяне зьбіў».

Летась 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя за беларускамоўныя графіці. Трох зь іх пакаралі штрафамі за графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама за запэцкваньне сацыяльнай рэклямы зь міліцыянтамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG