57-гадовы жыхар Івацэвічаў Сяргей Дылюк кажа, што 23 студзеня да яго прыехалі міліцыянты ды завезьлі ў РАУС, дзе некалькі супрацоўнікаў яго зьбівалі, змушаючы прызнацца ў крадзяжы:
«Каля 7 ранку ў дзьверы пагрукалі міліцыянты. Кажуць, паехалі, маўляў, размова ёсьць. Забіраюць з хаты, завозяць у аддзел... То нейкі ровар на мяне „вешалі“, потым нейкую прыстаўку. Я так разумею, тэлевізійную прыстаўку, якая яшчэ можа быць прыстаўка?.. Ну вось, папабілі-папабілі... Страсеньне мозгу, ногі пабілі. Выбівалі на сваю карысьць. То я і кажу, усё, давайце, я буду падпісваць, што браў я, і адчапіцеся ад мяне. У выніку апынуўся ў лякарні... Нагамі, кулакамі білі. Я памятаю раз ды праз раз. Быў упаў на лаўку, участковы выходзіў, ды яшчэ кулаком зьверху стукнуў, і паплыло ўсё ізноў. Да галавы кніжку прыстаўлялі, і кулаком па кніжцы — на... Я галавой у сьценку. Гестапа!»
Пасьля РАУС Сяргей прыйшоў дахаты. Кажа, што было дрэнна, нават выклікаў хуткую. А ўжо ў панядзелак пайшоў у лякарню, дзе яго паклалі ў траўматалёгію.
Спадар Сяргей ня ведае імёнаў тых, хто яго зьбіваў, але кажа, што памятае іх у твар. Мужчына кажа, што некаторыя зь міліцыянтаў, якія яго білі, прыходзілі да яго ў лякарню:
«Яны былі тут у мяне. Як і што, куды, маўляў, заяву буду пісаць. Я кажу, што ня ведаю, але трэба бараніцца».
Сяргей Дылюк кажа, што міліцыянты намякалі яму, каб нікуды ня скардзіўся. Тым ня меней у прысутнасьці журналістаў ён напісаў заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб распачалі крымінальную справу па факце зьбіцьця і пакаралі вінаватых.
Мужчына кажа, што яму тут цяпер і дапамагчы няма каму. З сваякоў засталася толькі жонка нябожчыка брата:
«Я застаўся адзін, браты памерлі. Жыву па „ціхай вадзе“. Дзе прыйдзецца — падпрацую. Ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці. 57 гадоў пражыў на сьвеце і ні разу не прыцягваўся», — кажа Сяргей Дылюк.
Атрымаць камэнтар прадстаўнікоў праваахоўных органаў пакуль не ўдалося. Тэлефоны адказных за прадстаўленьне інфармацыі СМІ не адказваюць.