26 чэрвеня Віцебск будзе сьвяткаваць дзень вызваленьня ад фашысцкіх захопнікаў.
Да гэтай даты прымеркаваны і Дзень горада, падрыхтавана шмат «ідэалягічных» мерапрыемстваў. Яны пройдуць у цэнтры Віцебску — у музэях, установах адукацыі і культуры, на плошчы Перамогі. І паўсюль будуць гучаць клятвы «Ніколі не забудзем!», адрасаваныя вызваліцелям Віцебску і ўсім жыхарам гораду, якія змагаліся за Перамогу.
Але ў рэальнасьці памяць пра герояў выглядае зусім інакш. Жыхары вуліцы Сьвечкіных у абласным цэнтры штодня бачаць яе на ўласныя вочы: зарослы хмызамі падворак нежылой драўлянай хаты. А на сьценцы гэтага дома № 1 — мармуровая дошка з надпісам «Сям’я Сьвечкіных — Іван, Анатоль, Марфа, якія жылі на гэтай вуліцы, — актыўныя ўдзельнікі віцебскага падпольля, расстраляныя фашыстамі ў канцы 1943 году».
Памылку на мэмарыяльнай дошцы — у адным са словаў прапушчана літара — ніхто з адказных асобаў не заўважае з тае самае пары, як дошку адкрылі.
«Нас, піянэраў, прыводзілі сюды са школы. І мы ганарыліся, што жывем побач з такім гераічным месцам — зь месцам дзеяньня падпольнай групы, расстралянай фашыстамі. А што ведаюць пра тую вайну нашы ўнукі? Ведаюць яны толькі плошчу Перамогі, дзе ўсё чысьценька і прыбрана. А дома яны бачаць вось такую „памяць“ — што няма каму скасіць хмызы, паправіць плот або перавесіць мэмарыяльную шыльду на іншы дом, бо гэты хутка разваліцца», — кажа мясцовая жыхарка.
Нельга сказаць, што вуліца на ўскраіне: тут ёсьць і шматпавярховыя жылыя дамы, і інтэрнаты, побач — спартовы комплекс на месцы рэканструяванага стадыёну «Дынама». Пасьля Вялікай Айчыннай вайны гэты раён так і называўся — Стадыённы пасёлак. І вуліцы тут — Стадыённыя: 1-я Стадыённая, 2-я, 3-я — аж да 8-й. Толькі 5-й Стадыённай няма, паміж 4-й і 6-й — якраз вуліца Сьвечкіных.
У 1940-я гады гэта быў пасёлак Качаргі, а цяперашняя вуліца Сьвечкіных называлася вуліцай імя Емяльяна Пугачова. У доме № 11, які зьнесьлі падчас рэканструкцыі стадыёну, і жылі падпольшчыкі Сьвечкіны. За вызваленьне Віцебску змагалася ўся вялікая сям’я: падпольную групу стварыла Марфа Сьвечкіна, далучыўшы да дзейнасьці спачатку абодвух братоў, Івана і Анатоля, а потым і іхных жонак — Вольгу і Аляксандру. Тут перахоўвалі мэдыкамэнты і выбухоўку для дывэрсійных групаў, тут спыняліся на начлег партызанскія разьведчыкі. 12 лістапада 1943 году Сьвечкіных арыштавалі і расстралялі.
А віцебскае падпольле працягвала дзейнасьць да самага вызваленьня гораду — 26 чэрвеня 1944 году.
Зь ліпеня 1942-га і да канца чэрвеня 1944-га ў Віцебску і ваколіцах дзейнічала каля 60 падпольных групаў, звыш 1500 актыўных змагароў супраць фашыстоўскай акупацыі. Памяць пра іх у літаральным сэнсе зарастае быльлём, пакуль на плошчы Перамогі рыхтуюцца адзначыць Дзень вызваленьня Віцебску.