Сёлета ў ліпені спаўняецца 21 год, як Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў выніку першых і апошніх адносна свабодных дэмакратычных выбараў. За гэты час вырасла цэлае пакаленьне маладых беларусаў, якія Беларусь далукашэнкаўскую ня памятаюць, а ведаюць пра яе толькі па падручніках ды расповедах бацькоў. Для многіх, аднак, рэаліі пачатку і сярэдзіны 90-х гадоў — гэта не такое ўжо далёкае мінулае і ладны кавалак уласнага жыцьця.
Пачну сёньняшнюю размову з адметнага ліста з Рэчыцы, ад Аляксея Былінскага, які, разважаючы пра сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць, якраз і азіраецца ў памятны 1994 год. На прыкладзе свайго невялікага Рэчыцкага раёну з насельніцтвам 100 тысяч чалавек слухач робіць параўнаньні: якая была эканоміка тады і якой стала цяпер, за 21 год прэзыдэнцкай улады:
«З 1994 году неразумнымі падаткамі і непрафэсійным кіраваньнем у нашым раёне зьнішчаныя: завод электронікі „Рытм“ (раней — 2000 супрацоўнікаў); гідролізны завод (да 1300 працаўнікоў); кераміка-трубны завод (да 600 чалавек); прадпрыемствы з колькасьцю пэрсаналу да 200 працаўнікоў: больш як 20 каапэратываў прадпрымальнікаў Шалейкі, Трэйбуха, Васільева ды іншых; маслазавод; асфальтабэтонны; завод мастацкай керамікі; цагляны; гароднінасушыльны; сударамонтны; птушкафабрыка. Палова з тых, што засталіся, працуюць у рэжыме скарочанай вытворчасьці. Сям-там пад шыльдамі ўжо бязьдзейных прадпрыемстваў сядзяць адзін-два дзясяткі членаў так званых „ліквідацыйных камісіяў“: распрадаюць рэшткі ды зьбіраюць грошы за арэнду. Ну, і яшчэ некалькі вартаўнікоў, якія ахоўваюць голыя сьцены.
А замест гэтых зьнішчаных прадпрыемстваў ня створана нічога раўнацэннага. Хто ў гэтым вінаваты? Зразумела, што ўлады: ад іхных рашэньняў усё залежала.
А цяпер яны моцна затурбаваліся барацьбой з дармаедамі. Дык ня там шукаюць! Сапраўдныя дармаеды распладзіліся ў вэртыкалі ўлады, уключна з Адміністрацыяй прэзыдэнта. Пішуць нікому не патрэбныя паперы, выдаюць нерэальныя распараджэньні і ні за што прадметна не адказваюць».
Прыведзены вамі пералік зьнішчаных ці занядбаных прадпрыемстваў вельмі ўражвае, спадар Аляксей. Адметна, што гэта — толькі ў адным ня самым буйным і ня самым прамыслова разьвітым раёне. Міжволі згадваюцца перадвыбарчыя выступы Аляксандра Лукашэнкі ўзору 1994 году, у якіх рэфрэнам паўтаралася абяцаньне «запусьціць заводы». Дык тады, 21 год таму, усе гэтыя заводы, хоць і сутыкаліся з пэўнымі праблемамі — усё ж працавалі, існавалі, дзейнічалі. Сёньня ж на месцы значнай часткі іх — толькі бязьлюдныя парожнія карпусы, якія паступова разбураюцца і зарастаюць быльнягом.
✉ ✉ ✉Аўтар наступнага ліста — наш даўні слухач і аўтар Сяргей Кобрынскі з Кобрыня — расказвае пра тое, зь якімі праблемамі апошнім часам сутыкнуліся тыя пэнсіянэры, якія працягваюць працаваць. Спадар Сяргей піша:
«Пэнсіянэраў у нас масава звальняюць з працы. Раённае начальства, падобна, распрацавала цэлую праграму, адзіная мэта якой — усіх пэнсіянэраў скараціць. Няхай атрымліваюць свае пэнсіі (хто 1 600 000, хто 1 900 000, хто 2 800 000), сядзяць у кватэрах і глядзяць у вокны. На біржы працы ў нас цяпер стаяць 750 беспрацоўных, і ім трэба плаціць хоць якую дапамогу. Дык, відаць, пастанавілі вырашыць праблему за кошт пэнсіянэраў. Пачалі скарачэньне зь нізоў — звальняюць вартаўнікоў, прыбіральшчыц, настаўнікаў (дарэчы, самых дасьведчаных і здольных). Хочацца крычаць: гэй, вы, менскія правадыры! Спыніце ў Кобрыні гвалтоўнае беспрацоўе! Пэнсіянэры заслужылі іншага да сябе стаўленьня. Хто хоча — няхай працуе. Каму прыйшло ў галаву так прыніжаць заслужаных людзей? Калі вы так будзеце рабіць, пэнсіянэры ўвогуле ня пойдуць на выбары. Да такой улады даверу няма. Тым больш што ўсе прадпрыемствы ў Кобрыні працуюць напаўсілы, і справа тут зусім ня ў тым, што пэнсіянэры займаюць чыесьці месцы. Проста гаспадарыць цяперашнія ўлады ня ўмеюць — вось у чым праблема.
І каму цяпер верыць?».
Такая сытуацыя ня толькі ў вас у Кобрыні, спадар Сяргей — ва ўсёй Беларусі. Дзеяньні чыноўнікаў зразумець нескладана: яны такім чынам спрабуюць вызваліць працоўныя месцы для маладзейшых, якія сядзяць бяз працы. Праўда, ці так ужо шмат ахвотных пайсьці на мізэрныя заробкі прыбіральшчыцы альбо вартаўніка? (А менавіта такія, так бы мовіць, «пасады» звычайна займаюць пэнсіянэры, імкнучыся зарабіць капейку да сваёй пэнсіі, пражыць на якую надзвычай цяжка, а часам і немагчыма).
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by