Міністэрства абароны Польшчы 21 кастрычніка апублікавала на сваім афіцыйным YouTube-канале відэа сустрэчы, якая прайшла ў 2010 годзе паміж тагачаснымі прэмʼер-міністрамі Ўладзімерам Пуціным і Дональдам Тускам на месцы авіякатастрофы, у якой загінуў польскі прэзыдэнт Лех Качыньскі. Пра гэта распавядае TJournal.
Акрамя Пуціна і Туска, на відэа зьняты кіраўнік МНС (цяпер міністр абароны) РФ Сяргей Шайгу, які падрабязна распавядае пра абставіны трагедыі, якая адбылася за некалькі гадзін да сустрэчы прэмʼераў.
Шайгу адзначае, што калі б самалёт працягнуў рух па сваёй траекторыі, то ўрэзаўся б у фабрычныя цэхі, якія знаходзяцца на адлегласьці 800 мэтраў ад месца катастрофы.
Інфармацыя на відэа супярэчыць афіцыйнай вэрсіі крушэньня самалёта прэзыдэнта Польшчы, згодна зь якой Ту-154 пры заходзе на пасадку зачапіў крылом бярозу, упаў дагары дном і цалкам разваліўся. У размове паміж Тускам і Пуціным, паказанай на відэа, дрэва ня згадваецца.
Раней польскія авіяэкспэрты заяўлялі, што абломкі самалёта знаходзіліся на адлегласьці прынамсі 60 мэтрах ад бярозы, якую ён нібыта зачапіў, а на целах некаторых ахвяр былі выяўленыя невытлумачальныя сьляды агню. Таксама, паводле іх словаў, з бартавымі самапісцамі былі зроблены пэўныя маніпуляцыі: з запісу выразалі апошнія тры сэкунды, замест гэтага кавалка зьявіўся запіс з расейскага рэгістратара.
У верасьні 2016 году экспэрты камісіі, якая расьсьледуе акалічнасьці трагедыі, заявілі, што запісы чорных скрыняў польскага прэзыдэнцкага самалёта былі сфальсыфікаваныя, а шматлікія дакумэнты па гэтай справе былі схаваныя.
18 кастрычніка 2016 года кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы Антоні Мачэрэвіч распавёў выданьню Gazeta Polska пра сустрэчу двух прэмʼер-міністраў з удзелам сябраў экстрана створанай камісіі па расьсьледаваньні катастрофы, пра якую Дональд Туск «нікога не праінфармаваў».
Мачэрэвіч дадаў, што да моманту размоў зьмесьціва чорных скрынь ужо было вядома, бо іх знайшлі празь некалькі хвілін пасьля крушэньня і пасьля зьмешчаныя назад у абломкі. Падобнае жаданьне схаваць доказы ён патлумачыў «расейскім дыктатам», пад які трапіў урад Туска.