Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы па выніках праведзеных 4 сьнежня ў Маскве перамоваў зь віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам.
Паводле Русага, 4-5 сьнежня прадстаўнікі беларускага боку сумесна з расейскімі санітарнымі і вэтслужбамі будуць праводзіць працу па кожным беларускім прадпрыемстве, якое трапіла пад расейскія абмежаваньні. У выніку будзе падрыхтаваны плян дзеяньняў па вяртаньні сытуацыі ў нармальнае рэчышча.
Віцэ-прэм’ер падкрэсьліў, што ўсе беларускія прадпрыемствы, якія выклікалі нараканьні расейскага боку, пераведзены ў рэжым сталага маніторынгу. У бліжэйшыя дні расейскі бок атрымае ўсе неабходныя матэрыялы аб гэтых прадпрыемствах. Паводле Русага, зь некалькіх беларускіх прадпрыемстваў абмежаваньні могуць зьняць празь некалькі дзён, астатнія будуць паступова выводзіцца з рэжыму абмежаваньняў цягам 10 дзён.
Беларускі бок прапануе распачаць шэраг мераў, каб падобныя сытуацыі не паўтараліся ў будучыні.
«Мы прапануем штомесяц, а калі неабходна, то і штотыдзень, праводзіць відэаканфэрэнцыі па абмеркаваньні і зьняцьці ўсіх праблемных пытаньняў», — сказаў Міхаіл Русы.
Адносна закупак Беларусьсю сыравіны з краінаў, якія трапілі пад расейскія санкцыі, Міхаіл Русы сказаў, што аб’ёмы гэтых закупак не такія ўжо і значныя. Ад моманту ўвядзеньня Расеяй санкцыяў Беларусь закупіла 70 тысяч тон малака. А гэтага аб’ёму хапае ўсяго на тры дні працы ўсёй малочнай галіны Беларусі. У мінулым годзе закупка склала ўсяго 1 тысяч тон такой сыравіны, таму рост і здаецца такім значным.
Паводле Русага, беларускія мытныя службы працуюць прафэсійна і прыпыняюць незаконны ўвоз тавараў на тэрыторыю Мытнага саюза. Да ўвядзеньня Расеяй санкцыяў праз тэрыторыю Беларусі штодня ішлі транзытам каля 70-75 фураў, цяпер іх колькасьць значна зьменшылася. Цягам апошняга часу беларускія мытнікі спынілі 6 транспартных адзінак без суправаджальных дакумэнтаў. А з боку Расеі спынена спроба ўвозу без неабходных дакумэнтаў рыбы і сухафруктаў, паведамляе БЕЛТА.
З сьнежня Лукашэнка на адмысловай нарадзе ў Менску загадаў цягам 10 дзён урэгуляваць сытуацыю з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расею.
«Маё абурэньне выклікалі ня толькі паводзіны Расеі, але і бесхрыбетнасьць нашага ўраду, які ў чарговы раз выводзіць „дохлыя“ праблемы на прэзыдэнта», — сказаў Лукашэнка падчас адмысловай нарады.