Разрыў у заробках беларусаў і беларусак падвоіўся за «пяцігодку»

Фота ©Shutterstock

Цяпер мужчыны атрымліваюць на чвэрць больш за жанчын у Беларусі, але міністарка працы кажа, што «ў нас няма праблемаў».

У Беларусі разрыў у заробках мужчын і жанчын, паводле зьвестак міністра працы Марʼяны Шчоткінай, складае каля 24%, перадае БелаПАН. У сьнежні 2010 году паводле зьвестак Белстату гэты разрыў складаў амаль удвая меней — 13,1%.

На думку Шчоткінай, разрыў у заробках зьвязаны з тым, што жанчыны меней занятыя ў сфэрах з высокай зарплатай:

«Ні для каго не сакрэт, што ў асноўным настаўнікі, лекары, работнікі культуры гэта жанчыны, а гэта бюджэтная сфэра, — казала міністарка. — Праблемы роўнасьці павінны ўспрымацца ў кантэксьце агульных сацыяльна-эканамічных праблемаў, а ня як праблемы жанчын. У нас няма праблемаў, мы проста за рэалізацыю магчымасьцяў».

Беларусь мае 28 пазыцыю сярод 187 краінаў сьвету ў індэксе гендэрнай роўнасьці. Сярод дзяржаўных службоўцаў жанчыны складаюць 71%, у вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады жанчын 55%, у Палаце прадстаўнікоў жанчын каля 29%.

***

Сама Марыяна Шчоткіна кіравала перадвыбарчым штабам Аляксандра Лукашэнкі падчас мінулых выбараў. Паводле аналізу «Нашай Нівы», яе катэдж у Драздах можа каштаваць каля 1 млн даляраў альбо 184 гады працы на сярэднюю беларускую зарплату.