Журналістам расейскіх незалежных СМІ ўдалося вылічыць «фабрыку троляў», якая круглыя суткі працуе ў Санкт-Пецярбургу. Сотні адмыслова навучаных камэнтатараў бесьперапынна насычаюць форумы камэнтарамі ў падтрымку палітыкі Крамля, атрымліваючы за гэта заробак. А ці існуюць «тролі-найміты» ў Беларусі?
Наш калега з расейскай службы Свабоды Дзьмітры Волчак пагутарыў зь піцерскім блогерам Маратам Букхардам, які за 45 тысяч рублёў акладу два месяцы па 12 гадзін на суткі «любіў Пуціна». Па яго словах, гэта сапраўдная фабрыка прапаганды: вялікі чатырохпавярховы будынак, блізу паўсотні кабінэтаў, у якіх працуюць па два дзясяткі прафэсійных троляў.
За кожным падразьдзяленьнем замацаваны свой напрамак падрыўной дзейнасьці: аддзелы навінаў, сацыяльных сетак, гарадзкіх форумаў, дэматыватараў, замежных СМІ, візуальны (карцінкі і відэа). Аддзел, у якім працаваў Марат, камэнтаваў пасты.
Мэханізм такі: спэцыяльныя людзі закідваюць на форум навіну, задача астатніх — яе адкамэнтаваць. Для гэтага брыгады б’юцца на «тройкі»: адзін — «злыдзень», які нібыта ня згодны з тым, што напісана, ганіць Пуціна. Двое ўступаюць у дыскусію на баку ўладаў. Прычым адзін забясьпечвае камэнтар нейкім малюнкам, другі — спасылкай з афіцыйных крыніцаў. Усталяваная норма — 135 камэнтароў за 12-гадзінную зьмену, у рэжыме два дні праз два.
Дзякуючы расейска-ўкраінскаму канфлікту і заходнім санкцыям супраць Расеі, фальшывых акаўнтаў у Твітэры, Фэйсбуку, «Укантакце», ЖЖ становіцца ўсё больш — іх лік ідзе на тысячы.
А ці ўцягнутая ў арбіту крамлёўскай прапаганды Беларусь? Вымушаная прысутнасьць у расейскім інфармацыйным полі ўжо схіліла значную частку тутэйшых спажыўцоў у бок Масквы, пра што сьведчыць ухваленьне ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. Наколькі гэтаму спрыяюць «штатныя пэнальтысты»? Ці ёсьць адпаведныя ідэалягічныя падразьдзяленьні ў нетрах беларускіх спэцслужбаў?
Сілавыя ведамствы катэгарычна адмаўляюць існаваньне падпольных лябараторыяў па вырабе ідэалягічна выверанага інфармацыйнага прадукту. Але вядомы блогер Яўген Ліпковіч у існаваньні такога адгалінаваньня не сумняецца:
«Я проста перакананы ў тым, што яны ёсьць. Адзінае, невядома, ці гэтыя тролі тэрытарыяльна знаходзяцца ў Беларусі, ці яны фрылансяць зь якой-небудзь Сярэдняй Азіі, з Казахстану або яшчэ аднекуль. Але тое, што яны існуюць, — адназначна. Гэта бачна найперш па рэзанансных публікацыях, скажам, на tut.by, якія выклікаюць 300 практычна аднолькавых камэнтаў. Асабіста бачыў, як усё адбываецца. Так, на абмеркаваньне навіны пра высылку праваабаронцы Танкачовай у блог Матолькі наляцела цэлае полчышча троляў, было бачна няўзброеным вокам. Зь некаторымі я нават размаўляў на іхняй жа мове, яны досыць хутка зьдзімаюцца. Жахлівыя камэнтары, жывы чалавек так ня можа пісаць пра жанчыну. Што тычыцца сацыяльных сетак, то ў Фэйсбуку бачыў прарасейскіх троляў, добра ведаю іх, але да сябе на сьцяну не дапускаю. У Livejournal таксама ёсьць, абсалютна адназначна, яны ўжо дакладна апісаныя».
Галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч таксама згодны, што ва ўмовах чарговага вітка ідэалягічнага супрацьстаяньня аўтарытарнай і дэмакратычнай сыстэмаў спэцслужбы актыўна выкарыстоўваюць разнастайныя сродкі ўзьдзеяньня на электарат — у тым ліку і празь віртуальную прастору. Але расейскі маштаб для беларускіх прапагандыстаў недасягальны:
«Можа быць усё што заўгодна. Іншая справа, што ў нашых умовах гэта, хутчэй за ўсё, робіцца праз суполкі БРСМ, па хатах і зь невялічкім ганарарам, яўна не за заробак. Бо, як можна меркаваць, у нас усё ж размах не расейскі, што тычыцца фінансаваньня падобных праектаў. Але тое, што часам заўважная пэўная ступень зарганізаванасьці троляў, то сапраўды, ёсьць такое. Справа ў тым, што так званыя кібэрвойны — гэта цяпер зусім не дзіцячая забава, а досыць сур’ёзная рэч. І калі спэцслужбы працуюць, то яны мусяць нешта мець і ў гэтым кірунку. Як і супраць каго ўсё гэта выкарыстоўваецца — на жаль, ужо вызначаем ня мы. Як і тое, што з боку адпаведных структураў прызнаньня факту такой дзейнасьці дабіцца папросту немагчыма».
Блогер Яўген Ліпковіч згодны, што рэсурсы на прапаганду беларускага цуду аб’ектыўна не такія, як у Расеі. Але ён перакананы, што пад выбарчую кампанію «падпольшчыкі» абавязкова актывізуюцца:
Як толькі пачне набліжацца выбарчая кампанія, распачнецца агітацыя і г.д., у нас гэта праявіцца ня ў меншых аб’ёмах, чым у той жа Расеі
«Калі іх паслугі будуць патрэбныя, убачыце, што павылазяць з усіх дзірак. Як толькі пачне набліжацца выбарчая кампанія, распачнецца агітацыя і г.д., у нас гэта праявіцца ня ў меншых аб’ёмах, чым у той жа Расеі. Зразумела, адпаведна маштабу краіны. Увогуле, троля лёгка адрозьніць ад звычайнага чалавека, які пакідае нейкі допіс. Але ў масе сваёй гэта выдаецца за „голас народа“. Ну і што з таго, божа ты мой? Яны робяць выгляд, што намі маніпулююць, а мы робім выгляд, што іх „любім“. Мэханізму ня ведаю, магу толькі ўяўляць, як гэта выглядае. Ёсьць такі чалавек па прозьвішчы Мацэбіла, дык вось не выключаю, што ён можа кіраваць працэсам. Гэта першае. А другое — цалкам дапушчаю, што за гэтым стаіць Янчэўскі, які курыруе дзяржаўную ідэалёгію. Але я не магу нічога сьцьвярджаць, бо за руку нікога не хапаў, магу толькі меркаваць».
З пачаткам ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне расейскія падразьдзяленьні «міністэрства праўды» кінулі дадатковыя сілы на дыскрэдытацыю «кіеўскай хунты» і яе «замежных спонсараў». На піцерскай «фабрыцы троляў» арганізаваны ўкраінамоўны аддзел, які займаецца правакацыйнымі «ўкідамі» на форумах, дзе зьбіраецца ўкраінская публіка, з мэтай пасварыць між сабой аднадумцаў. Зрэшты, высілкі застаюцца збольшага марнымі — агрэсія Масквы толькі зьяднала ўкраінцаў перад агульнай бядой. Нявызначаным у сваёй грамадзянскай пазыцыі беларусам зразумець гэта складана. Пакуль.