Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік — гэта своеасаблівае таўро на многія тысячагодзьдзі, пастаўленае 26 красавіка 1986 году, калі здарылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС.
«Мірны атам — у кожны дом!» — казалі савецкія прапагандысты, заклікаючы хутчэй будаваць атамныя станцыі і датэрмінова запускаць рэактары ў эксплюатацыю. І атам прыйшоў — і выгнаў з хатаў толькі на Гомельшчыне 22 тысячы чалавек, якія жылі да чарнобыльскай катастрофы на тэрыторыі цяперашняга радыяцыйнага запаведніка.
У адміністрацыйным пляне гэта навукова-дасьледчая ўстанова, якая ахоплівае плошчу 216 тысяч гектар заражаных радыяцыяй тэрыторыяў Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў з 96 выселенымі вёскамі. Тут працуе звыш 700 чалавек. У меру сваіх сілаў яны не даюць радыяцыі распаўзацца па краіне — той радыяцыі, якая асела ў запаведніку. Бо была яшчэ й радыяцыя, якая разьляцелася ў першыя дні катастрофы далёка за межы АЭС і прызямлілася на Магілёўшчыне, Берасьцейшчыне і нават у некаторых скандынаўскіх краінах, прыкладам, Швэцыі.
Дырэкцыя запаведніка месьціцца ў Хойніках, а ў выселенай вёсцы Бабчын знаходзяцца навуковы аддзел экалёгіі расьлінных комплексаў, лябараторыя спэктрамэтрыі і радыяхіміі, лясьніцтвы, пажарна-хімічная станцыя, пункт дэзактывацыі і дазымэтрычнага кантролю пэрсаналу, экспэрымэнтальная база «Варацец».
«Зьзяньне» радыяцыі
Зь іншага боку, запаведнік — гэта яшчэ й патокі высокаэнэргетычных фатонаў, электронаў, пратонаў і нэўтронаў. Навукоўцы падразьдзяляюць іх на альфа-, бэта- і гама-выпраменьваньне. Апошняе зь іх называюць яшчэ іянізаваным выпраменьваньнем, бо яно, пранікаючы скрозь любыя тканкі, ня толькі забівае шмат якія бактэрыі, але і выклікае мутацыі жывых клетак. Праз гэта чалавек можа страціць рэпрадукцыйную здольнасьць. Альбо нават памерці, калі доза апраменьваньня вялікая. Менавіта «радыяцыйнае зьзяньне» забрала жыцьці першых ратавальнікаў, якія пасьля выбуху на чацьвёртым блёку атамнай станцыі тушылі пажар. У іх ліку быў і Васіль Ігнаценка, родам зь вёскі Сьпярыжжа Брагінскага раёну, якая таксама падпала пад высяленьне.
Загадчык навуковага аддзелу Максім Кудзін згадвае, што ў біяцэнозах запаведніка сканцэнтравана 30 адсоткаў радыеактыўнага цэзію, які выпаў на тэрыторыі Беларусі пасьля чарнобыльскай катастрофы, 73% — стронцыю, і 97% — ізатопаў плютонію.
У плютонію, калі ён «зьзяе», гэта значыць — адвольна распадаецца, нараджаецца «даччын» прадукт — амэрыцый-241 з пэрыядам паўраспаду 432 гады. Памножыўшы гэтую лічбу на дзесяць, можна прыкінуць, калі прыкладна паблякне «зьзяньне» радыяцыйнага амэрыцыю.
Навуковец заўважае, што акурат амэрыцый — той адзіны радыенуклід, «канцэнтрацыя якога ў навакольным асяродзьдзі будзе ўзрастаць ажно да 2056 году».
На пытаньне, а колькі ж у такім разе будзе існаваць сам запаведнік, яго дырэктар Пётар Кудан маркотна ўздыхае і называе лічбу: «Як мінімум 24 тысячы 700 гадоў». Гэта час, за які распадуцца напалову найбольш доўгажывучыя ізатопы плютонію.
Па словах дырэктара, арганізоўваючы запаведнік, дзяржава мела на мэце распрацаваць «тэхналёгіі магчымага атрыманьня разнастайнай прадукцыі зь лесу, сельскагаспадарчых земляў зь як найменшым утрыманьнем радыенуклідаў».
Пачыналі з вырошчваньня хмелю для піваварнай прамысловасьці. Але хмель сябе не апраўдаў, бо ў ім не назапашваецца асноўны патрэбны складнік — альфа-ліпоевая кіслата.
Вывучаліся таксама мажлівасьці вырошчваць на радыяцыйных землях персікі, абрыкосы, вінаград, чорныя парэчкі, актынідыю — дзікае кітайскае ківі, а таксама атрымліваць «чыстую» каніну, ялавічыну, сьвініну.
Ёсьць у запаведніку й свой пчальнік. Мёд зь яго не перавышае дапушчальнага ўзроўню ўтрыманьня радыенуклідаў, калі ёсьць добрыя культурныя меданосы.
Кожны год на ўтрыманьне запаведніка дзяржава выдаткоўвае ў эквіваленце да 5 мільёнаў даляраў. Сродкі ідуць найперш на заробак пэрсаналу, спэцвопратку, тэхнічнае аснашчэньне тутэйшых службаў.
Загадчык лябараторыі спэктрамэтрыі і радыяхіміі, кандыдат хімічных навук Вячаслаў Забродзкі кажа, што апаратура, якая тут ёсьць, дазваляе выяўляць любыя радыенукліды ў самых разнастайных структурах флёры й фаўны. Некаторыя прыборы атрыманыя бескаштоўна ад МАГАТЭ — у межах падтрымкі міжнародных навуковых праектаў, праграмаў СНД, ад навуковага камітэту НАТО і Нарвэскай агенцыі радыяцыйнай абароны.
«Мы са зьдзіўленьнем выявілі плютоній і амэрыцый у дзікоў ня толькі ў лёгкіх, пячонцы, страўніку ды іншых унутраных органах, але і ў тканках цягліц», — кажа Вячаслаў Забродзкі.
Навуковец заяўляе, што хоць беларускае заканадаўства і не патрабуе аналізаў на стронцый-90 у прадукцыі лесаперапрацоўкі, аднак лябараторыя гэта робіць. Паралельна з рэгістрацыяй цэзію. Украіна і Расея ўлічваюць стронцый, таму, каб прадаваць на экспарт, напрыклад, лесаматэрыялы, патрэбныя і такія замеры.
Выяўлена нават пэўная заканамернасьць. Калі ў глебе радыяцыйнага цэзію больш, а стронцыю менш, то ў дрэвах, расьлінах на тых жа тэрыторыях усё наадварот. І адбываецца гэта, на думку навукоўца, таму, што ў глебе цэзій фіксуецца празь мінэральныя рэчывы, а стронцый — ён у рухомай, мабільнай форме. Фіксуецца яго ў глебе недзе каля траціны. Вось чаму ў чарнобыльскіх раёнах ён зьявіўся ў вялікай колькасьці ў збожжы, у бульбе ды некаторых іншых сельскагаспадарчых культурах.
Мышыная доля
На запаведных тэрыторыях разбуяла дзікая прырода. Тут размножыліся ласі, казулі, дзікі, рысі, барсукі, янотападобныя сабакі, арэшнікавыя соні.
Дарэчы, многія барсукі свае норы рыюць пад падлогай пакінутых хатаў ці ў скляпах, а ў апусьцелых хлеўчуках панадзіліся адпачываць дзікі.
У нараўлянскай частцы запаведніку зьявіліся коні Пржавальскага — два табункі суродзічаў тарпанаў, агулам 24. Кажуць, прыйшлі з Украіны.
Пасяліліся тут і бурыя мядзьведзі. Іх прысутнасьць заўважана каля былой вёскі Кулажын, што ў Брагінскім раёне. Мігравалі яны ці то з нашай Віцебскай вобласьці, ці то з украінскіх Карпатаў.
Разросься і статак зуброў — да 106 галоў з тых шаснаццаці, што завезьлі сюды зь Белавескай пушчы пры канцы 90-х
Разросься і статак зуброў — да 106 галоў з тых шаснаццаці, што завезьлі сюды зь Белавескай пушчы пры канцы дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя.
Супрацоўнікі запаведніка налічваюць 44 віды сысуноў, апроч кажаноў, 223 віды птушак, 18 відаў герпэтафаўны — усякіх грабеньчатых трытонаў, мядзянак, балотных чарапах.
Выяўлены і новыя для Беларусі кузуркі: сколія-гігант, багамол і ядавіты павук-воўк — тарантул.
Загадчык аддзелу экалёгіі фаўны, кандыдат біялягічных навук Сяргей Кучмель расказвае, што на запаведнай тэрыторыі вывучаецца стан папуляцыяў жывёльнага сьвету — іх колькасны, структурны, узроставы склад, узнаўляльнасьць, эмбрыянальная сьмяротнасьць. Як уплывае на іх радыяцыя? Ці не зьявілася, да прыкладу, двухгаловыя віды?
«Ні двухгаловых, ні трохгаловых жывёлін ці жывёлін з двума хвастамі мы ня бачылі. Аднак ад 1,6 да 4 адсоткаў асобін у папуляцыі, — сьцьвярджае Кучмель, — маюць зьмены ў морфафізіялёгіі, стане ўнутраных органаў. У мышэй, напрыклад, заўважна церпяць пячонка, селязёнка. Яны альбо гіпэртрафаваныя, альбо недаразьвітыя. Радыяцыя тут паўплывала, не радыяцыя, — сказаць складана, бо грызуны жывуць вельмі мала. Нават у ласёў глыбокая старасьць наступае ўжо ў дванаццаць гадоў. Лічу, што нэгатыўныя назапашваньні за кароткі жыцьцёвы цыкль проста не пасьпяваюць разьвіцца, таму мы пакуль і ня бачым біялягічных зьменаў».
Ну нельга ж сеяць тую ж кукурузу ля межаў запаведніку. Такія палі ператвараюцца ў сапраўдныя кармавыя пляцоўкі для дзікоў
Журналісты, якія ўдзельнічалі ў прэс-туры, арганізаваным Гомельскай філіяй Беларускай асацыяцыі журналістаў, спрабавалі спраўдзіць паведамленьні, якія трапляюцца ў мэдыях, пра тое, што запаведнік зь ягонай шматлікай фаўнай стаўся бядой для прылеглых гаспадарак. Тыя ж дзікі, якіх у запаведніку да паўтары тысячы, пляжаць суседнія пасевы кукурузы, бульбы, збожжавых культур.
Навукоўцы гэтыя прэтэнзіі не прымаюць, пярэчаць:
«Соцыюм павінен рэагаваць на існаваньне запаведніка. Ну нельга ж сеяць тую ж кукурузу ля межаў запаведніка. Такія палі ператвараюцца ў сапраўдныя кармавыя пляцоўкі для дзікоў — ніякія вартаўнікі іх не ўпільнуюць. І шалёныя ваўкі, што нападаюць іншым разам на вяскоўцаў, не абавязкова нашы, бо ў запаведніку на ваўчыных сьцежках лесьнікі раскладваюць тысячы прынадаў з вакцынай супраць шаленства. Дый колькасьць сустрэч чалавека з шалёнымі ваўкамі паблізу запаведніка не перавышае аналягічнай статыстыкі ў Гарадзенскай ды Магілёўскай абласьцях».
Буслоў выганяюць арланы-белахвосты
Традыцыйныя для Палесься белыя буслы па сутнасьці пакінулі запаведнік. Дырэктар Кудан апавёў, што бачыў на свае вочы, як бусла ў палёце атакаваў арлан-белахвост — магутная драпежная птушка, занесеная ў Чырвоную кнігу. Іх у запаведніку каля сотні, знойдзена паўтара дзясятка гнёздаў. Наяўнасьць агрэсіўнага суседа прымусіла бусла саступіць месца.
Відаць, белыя пёры і выдаюць бусла лятучым драпежнікам. У гэтым сэнсе больш шэнціць чорным буслам. У радыяцыйным запаведніку яны прыстасаваліся лепей.
Усяго ж супрацоўнікі запаведніка зарэгістравалі гняздоўі 41 віду рэдкіх птушак. Сустракаюцца тут шчуркі залацістыя, зімародкі, вялікія бугаі, белавокая чэрнець. Паглядзець на вераб’іную саву прыяжджалі зь Менску ангельскія дыпляматы.
«Былі ў захапленьні, як дзеці», — згадваюць у запаведніку.
Пра яблыневы сад Лукашэнкі і коней, якія і ў радыяцыі цягавітыя
Навукова-экспэрымэнтальная дзейнасьць у запаведніку вызначыла і гаспадарчыя кірункі, якія дапамагаюць яму зарабляць грошы, каб падтрымаць сваё існаваньне.
У расьлінаводзтве гэта найперш атрыманьне пасадачнага матэрыялу —чаранкоў тых жа актынідыі, вінаграду, саджанцаў абрыкосаў ды іншых пладовых дрэваў. Іх часьцяком набываюць у кошт заробку свае ж супрацоўнікі.
Не шанцуе толькі саду, дзе маладыя яблынькі пасадзілі ледзь ня ўсе вышэйшыя беларускія чыноўнікі, пачынаючы з Аляксандра Лукашэнкі. Ну не расьце сад — хоць ты яму што.
У жывёлагадоўлі асноўны напрамак — племянная конегадоўля.
У стайнях у выселенай вёсцы Варацец цяпер звыш 300 галоў, траціна зь іх — племянныя кабылы.
Журналісты прыехалі ў Варацец акурат у той час, калі жарабятам вадкім азотам ставілі таўро на левым сьцегняку. Пасьля такога стрэсу жарабяты падалі на салому побач з маткамі і ляжалі як непрытомныя.
Пётар Кудан расказаў, што праз продаж кабыл летась яны атрымалі 1,3 мільярда рублёў даходу. Прыкладам, жарэбных кабыл ахвотна бярэ таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белкумыспрам», каб у сябе пад Менскам атрымліваць карысны напой.
Частку коней прадаюць беларускаму насельніцтву, адпраўляюць на замовы за межы Беларусі.
Дырэктар запаведніка перакананы, што навакольная тэрыторыя можа стаць выдатным міжнародным палігонам вывучэньня ўзьдзеяньня радыяцыі на прыроду, яе флёру й фаўну.
Радыяцыйны «Майдан»
На 11 кантрольна-прапускных пунктах запаведніка дзяжураць дзень і ноч — бяз дай прычыны і без дазволу сюды заходзіць забаронена. Нават экстрэмальны экалягічны турызм тут нельга разьвіваць: небясьпечна.
Побач з КПП узьведзеныя 50-мэтровыя вышкі: адсюль назіраюць за тэрыторыяй. Любы дымок на даляглядзе — трывога для байцоў пажарна-хімічнай станцыі. З вышак па азымутах вызначаюць месца пажару.
«У цяжкадаступныя мясьціны імчымся на спэцтэхніцы — пераабсталяваных баявых машынах пяхоты, на якіх навешаныя велічэзныя балотныя плугі і ёмістасьці для вады, — кажа намесьнік начальніка пажарна-хімічнай станцыі Дзяніс Сацура. — Ачаг абворваем і тушым — дзе ручнымі распыляльнікамі, а дзе й брандспойтамі. З дымам у неба ляціць і радыяцыя».
Пажарны згадвае, што зусім нядаўна ім давялося тушыць няпросты пажар, які, хутчэй за ўсё, усчаўся праз заежджых рыбакоў-браканьераў. Дзьмуў моцны вецер, і агонь раз за разам перакідвала праз узараную паласу.
На КПП «Майдан», кантрольным рубяжы на шляху да Прыпяці, за якой – выселены аднайменны горад-прывід і Чарнобыльская АЭС, дзяжурыць Сяргей Пархоменка. Кажа, што назва беларускага «Майдану» не зьвязаная з украінскім. Да чарнобыльскай катастрофы непадалёк разьмяшчалася кормапрадпрыемства з такой назвай, якая і перайшла да кантрольна-прапускнога пункту. За калючым дротам — тэрыторыя, дзе ў некаторых месцах узровень гама-фону перавышае 600 кюры на квадратны кілямэтар. Напрыклад, паблізу Масаноў, што пад самай Чарнобыльскай АЭС — там няспынна вядуцца замеры радыяцыйнага фону.
«Ня так даўно,— згадвае Сяргей, — зграя маладых ваўкоў прыходзіла на КПП да дроту. Падзівілася на нашых сабак на ланцугах і рушыла назад — бяз спробы напасьці».
Па словах вартаўніка, у ваколіцах ня гэтулькі шкодзяць ваўкі, колькі браканьеры. За час існаваньня запаведніка на яго тэрыторыі затрымана звыш дзьвюх тысяч парушальнікаў радыяцыйнага рэжыму. Яны ўсё яшчэ намагаюцца знайсьці ў пакінутых вёсках мэталалом, налавіць у Прыпяці ці іншых вадаёмах рыбы, упаляваць дзіка ці лася, якія тут «сьвецяцца» ад радыяцыі. Зразумела, не сабе, а на продаж іншым людзям.