12 відаў за гадзіну: птушыная фотаэкскурсія па парку Чалюскінцаў

Настаў найлепшы час для назіраньня за птушкамі — вясна, пакуль дрэвы і хмызы не пакрыюцца шчыльным лісьцем, у гарадзкіх парках найпрасьцей налічыць дзясяткі відаў птушак. Разам з Анастасіяй Кузьмянковай, сябрам ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), Свабода прайшлася па парку Чалюскінцаў.

На ўсходзе сонца

«Вось мы сёньня позна прыйшлі — а 10-й гадзіне раніцы ўжо ўсіх птушак не пачуеш, — сустракае нас на ўваходзе ў парк Чалюскінцаў Анастасія. — Найлепшы час для назіраньняў — на ўзыходзе сонца».

Заходзім у парк, і Анастасія пачынае пералічваць: берасьцянка, вялікая сініца... Але ніводнай птушкі не відаць.

«Часам птушак прасьцей пачуць, чым пабачыць. Асабліва дробных і асабліва назіральнікам-пачаткоўцам. Людзям з музычным слыхам прасьцей запомніць сьпевы розных птушак і разьбірацца ў іх. Аднак і тым, у каго бяда з нотамі, ня трэба адчайвацца — пры пэўных намаганьнях усё магчыма. Вось так распавядаеш падчас экскурсіі, хто каля нас знаходзіцца, аднак паказаць пры гэтым не заўсёды можаш. Птушкі ж не сядзяць на месцы, не чакаюць, пакуль на іх паглядзяць».

Анастасія Кузьмянкова

Парк Чалюскінцаў — ідэальнае месца для тых, хто пачынае назіраць за птушкамі. Ён добра праглядаецца на вялікую адлегласьць. Тут ня так шмат падросту і хмызоў, алё ёсьць месцы, дзе птушкі маглі б загнездавацца.

Берасьцянка

Таксама з багатых на птушак месцаў — Лошыцкі парк, дзе спалучаюцца паркавая частка і водная зона. Там можна пабачыць і вадаплаўных, і звычайныя паркавыя віды. У Лошыцкім былі рэгістрацыі такіх цікавых відаў, як чарнашыйная коўра ці вусатая сініца. Тут жа адзначаліся тры віды сычоў: касматаногі сыч, сыч-сіпель і вераб’іны сычык.

Дзяцел вялікі

Ужо праз паўгадзіны налічваем з паўтузіна птушак — тры віды драздоў, шпакі, берасьцянкі, вялікія галубы. Анастасія кажа, што бёрдўочарам-пачаткоўцам (з ангельскай birdwatcher — назіральнік за птушкамі) лепш за ўсё назіраць за птушкамі цяпер — вясной. Іхнія сьпевы — шлюбныя, і калі выведуцца птушаняты, так шмат яны сьпяваць ужо ня будуць. Застануцца толькі пазыўкі — кароткія галасавыя сыгналы для камунікацыі. Вясной жа можна палюбавацца і прыгожай, найбольш яркай афарбоўкай птушак.

Анастасія Кузьмянкова

«А ў ліпені, у часе сьпёкі, яны ўвогуле могуць не сьпяваць, — кажа Анастасія. — Затое ў траўні, калі на радзіму вернуцца ўсе нашы птушкі, такі хор можна пачуць, што часам цяжка вылучыць асобныя сьпевы».

Толькі не батонам

Анастасія зьвяртае ўвагу на шпакоўню, зь якой шпак выкідае подсьціл. Яна тлумачыць, што птушка ці «робіць рамонт» і выкідае стары подсьціл, ці крадзе яго для свайго новага месца гнездаваньня.

Шпак

«Тут шпакоўняў шмат. Трэба правільна іх замацоўваць. Нельга прыбіваць на цьвік, а трэба мацаваць іх на дрот альбо вяроўку».

Да таго ж лепш вешаць шпакоўні лятком на поўдзень або паўднёвы ўсход, і каб ён не выходзіў на дарогу ці тратуар.

Акрамя шпакоўняў, існуюць і іншыя хаткі для птушак. Можна павесіць сінічнікі, хаткі для рудахвостак, белых плісак альбо кавак. Дарэчы, зрабіўшы на сваім прыватным участку домік для плісак, можна часткова вырашыць праблему са шкоднымі насякомымі, якіх будуць пад’ядаць гэтыя птушкі.

«А вось шпакі ў барацьбе са шкоднымі насякомымі ня надта дапамогуць, бо ўжо ў канцы траўня маладыя птушкі вылецяць з гнёздаў, пакінуўшы хатку да наступнай вясны. А ў другой палове лета падрослыя шпакі зноў зьявяцца ў садах, каб „дапамагчы“ сабраць ураджай вішні, як тая сасьпее» — кажа Анастасія.

Проста пасярод парку на лужайцы каля дзіцячай пляцоўкі «пасьвяцца» качкі-крыжанкі. Хутчэй за ўсё, яны са штучнага вадаёма ў Батанічным садзе альбо з бліжэйшай часткі Сьцяпянскай воднай сыстэмы.

Качкі-крыжанкі

«Вось глядзіце: людзі прывучылі качак і лебедзяў да ежы, і тыя цяпер ператвараюцца амаль у свойскіх птушак».

Анастасія кажа, што вадаплаўных можна падкарміць падвараным зернем альбо набыць камбікорму. Узімку таксама неабходна падкормліваць дробных вераб’іных птушак. Але ня хлебам, які ня ўтрымлівае жыцьцёва неабходных рэчываў, а няпражаным насеньнем сланечніку, арахісам ці несалёным салам.

«У лютыя халады падкормка насамрэч ім патрэбная, а карміць качак летам батонам зусім ня трэба».

У нас лепш, чым у Заходняй Эўропе

Больш за астатніх чуваць берасьцянак: самцы гэтага віду прылятаюць раней за самак і сваім сьпевам пазначаюць месца, дзе будуць гнездавацца. Аднойчы ўдаецца пабачыць, як высока над дрэвамі пралятае шуляк-карагольчык.

Дрозд-піскун

«У парках гняздуецца шмат птушак, але ёсьць і тыя, хто прыстасаваўся да гарадзкіх умоў настолькі, што можа зьвіць гняздо хоць на каштане на праспэкце, як гэта робяць чорнагаловыя шчыглы».

Усё часьцей у горадзе можна сустрэць і птушак, якія раней тут не гнездаваліся. Калі даносіцца гук, падобны да савінага, Анастасія ўдакладняе — гэта вялікі голуб, які раней рэдка сустракаўся ў гарадах, а цяпер яго можна пачуць у любым зь менскіх паркаў. Ён большы за звычайнага шызага голуба, якога мы бачым штодня на вуліцах.

Дрозд-сьпявун

Увогуле Беларусь, па словах Анастасіі, застаецца прыдатнай для дзікіх птушак краінай — у параўнаньні з Заходняй Эўропай, дзе моцна разьвіта сельская гаспадарка і асабліва земляробства.

«Звычайныя для нас віды — звычайны шпак, палявы верабей ці палявы жаўрук — там моцна зьнізілі сваю колькасьць. Нельга дапусьціць, каб гэта пачало здарацца ў нас. Дзеля гэтага неабходны маніторынг колькасьці і такіх звычайных відаў».

Назіраць ёсьць што, але няма каму

Пакуль у Беларусі лепшая сытуацыя зь відавым складам, чым з назіральнікамі птушак. Анастасія ўзгадвае, што на Тураўскі луг — унікальнае для Эўропы месца гнездаваньня кулікоў, дзе месьціцца адзіная ў Беларусі станцыя кальцаваньня птушак, — прыяжджае шмат замежных бёрдўочараў, у тым ліку пэнсіянэраў, якія ў вольны час займаюцца назіраньнямі за птушкамі.

Сойка

«Назіраць за птушкамі можна дзе заўгодна — нават на лецішчы. Але пакуль у нас ня так шмат бёрдўочараў».

Аднак у апошнія гады сытуацыя зьмяняецца ў лепшы бок, і ўсё больш ахвочых назіраць за птушкамі прыходзяць на экскурсіі, якія ладзіць АПБ.

«Такія экскурсіі можна было б ладзіць у Менску, на ўзор таго, як, напрыклад, штотыдзень адбываюцца выезды ў Горадні. Дзякуючы такім назіраньням адтуль часта прыходзяць зьвесткі пра сустрэчы зь цікавымі відамі».

Па словах Анастасіі, добрым пачаткам для бёрдўочара была б здольнасьць адрозьніць прынамсі два віды вераб’я — дамавога і палявога. А больш прасунутыя заводзяць дзёньнікі, у якіх адзначаюць усе пабачаныя віды. Пры мэтанакіраванай працы лік ідзе на сотні.

Гэта ня так складана, насамрэч. Толькі ў менскіх парках без асаблівых праблемаў можна налічыць відаў 60. А своеасаблівы рэкорд па колькасьці відаў паставіў Лошыцкі парк — тут адзначалася больш за 100 відаў птушак.

Дрозд чорны

Усяго ў сьпісе птушак нашай краіны 325 відаў, але шмат якія зь іх адзначаюцца даволі рэдка альбо ўвогуле рэгістраваліся адзін раз. На дадзены момант больш за ўсіх відаў у Беларусі, згодна з дадзенымі арніталягічнага «Клюбу 200», бачыў Сямён Левы — спэцыяліст па прыродаахоўных пытаньнях «Аховы птушак Бацькаўшчыны». У ягоным сьпісе — 271 від.

P.S.: Цягам гадзіны ў Парку Чалюскінцаў удалося пачуць і пабачыць 13 відаў птушак: голуба шызага, голуба вялікага, тры віды драздоў, сініцу вялікую, берасьцянку, шпака, качак-крыжанак, сойку, шуляка і дзятла вялікага.