(па-расейску — па-беларуску)
- жаворонок — жаўрук, жаўранак
- зяблик — берасьцянка
- снегирь — гіль
- грач — грак
- фазан — бажан (і фазан)
- глухарь — глушэц
АНІМАЦЫЯ...
...і больш падрабязна.
Каваль куе, жаўрук пяе
Адкуль слова жаўрук — дагэтуль няясна. У славянскіх мовах назва Alauda arvensis (жаўрук палявы) гучыць вельмі разнастайна — украінскае жайворонок, польскае skowronek, чэскае skřivan, баўгарскае сколовранец... Вывесьці агульнае слова-продка цяжка. Ці яно таго ж кораня, што „варона“, ці то ад архаічнага гукаперайманьня. У чэскай і славацкай ёсьць нават асобны дзеяслоў для жаўруковых сьпеваў: слвц. crkvrliť, г. зн. „цркврліць“.
І ў беларускіх гаворках неймаверна шмат формаў назвы птушачкі. Ня толькі жáваранак ды жáўранак, але жáрванак, жаўнáрка, скаронка (і нават целявоз, але гэта ўжо зусім іншы корань)...
Жаўрук — любімы народны вобраз, алегорыя вясны і ўзьнёслай душы. „Жавароначкі, прыляціце“ — самая пазнавальная песьня традыцыйнага сьвята Гуканьня вясны. Тады птушак яшчэ і пякуць зь цеста. „Песьняры“, саліст Ігар Пеня:
А сучасным паэтам народных назваў мала, ствараюць свае — „жаўро“:
Паслухайце: тут перапёлка ў жыце,
жаўро ў зэніце — песьні песьняроў.…
(Анатоль Канапелька; „песьняры“ тут пеюны, ня гурт)
Далікатных жаўрукоў навечна ўвасобіў у недалікатным жалезе легендарны паэт і каваль Паўлюк Багрым. На выкаванай ім жырандолі трыццаць тры птушачкі.
А „Каваль куе — жаўрук пяе“ — спокліч сучаснага кавальскага сьвята ў тым самым Багрымавым Крашыне.
Белы камуфляж
Назва берасьцянка — не ад перайманьня голасу, а ад выгляду гнязда. Fringilla coelebs крычыць так, але завецца берасьцянкаю, відаць, бо маскуе гняздо і бярозавай карой. Дыялектная назва зябок — бо прылятае рана і адлятае позна, калі зябка. І лацінская назва роду Fringilla ад frigus ‘холад’.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выйдзі на сувязь з прыродай!» Зьявіўся ўнікальны тэлефонны праект «Аховы птушак Бацькаўшчыны»Гіль — яркая птушка ці кусачая кузурка?
Гіль — назва не пазычаная, а свая, спрадвечная, падобныя ў іншых славянаў. Адны лінгвісты чуюць у ёй перайманьне крыку, другія — праславянскае слова *gyliti ‘скакаць на адной назе; сьмяшыць, казытаць’.
Але ўвага: ґілём (гук Ґ выбухны) на Горадзеншчыне і Віленшчыне завуць авадня, а птушка там гілёк (у іншых гаворках ёсьць і сьнягір, і сьнягур).
Саўрасаў: „Гракі прыляцелі!“ Неўзабаве парá абедаць
Назва птушкі сямейства крумкачовых Corvus frugilegus празрыстая. Дзеяслоў гракаць азначае ‘каркаць; лаяць, крычаць, голасна размаўляць’.
Для граковых яек знайшлося месца ў аалягічным атлясе тутэйшых птушак, які выдаў пачынальнік беларускай арніталёгіі Канстанты Тызэнгаўз (1786–1853).
А яшчэ граф паведамляе, што ў XIX ст. сяляне Пастаўшчыны елі грачанятаў, прычым законна: гнёзды гракоў традыцыйна лічыліся ўласнасьцю сялянскай грамады. Усё слушна, у нашым рэгіёне Эўропы — ад Нямеччыны да Беларусі і Ўкраіны — грачаняты былі веснавым народным далікатэсам, што зафіксавалі этнографы.
У „Віленскіх камунарах“ Максіма Гарэцкага ёсьць цэлы разьдзел „Гракі“ — як віленчукі ў першую вайну не падзялілі зь „першымі немцамі“, а менавіта з рыжым вусатым немцам Рудольфам, тых самых грачанятаў.
Вось жа славутая карціна расейскага перадзьвіжніка Саўрасава „Гракі прыляцелі“ сымбалізуе ня толькі плятанічны, але і прагматычны аптымізм.
Бажан, Радзівілава курыца
Від у Беларусі не спрадвечны, але даўно інтрадукаваны. Лацінская навуковая назва Phasianus colchicus дакладна тлумачыць, адкуль гэтая рознакаляровая курыца: даслоўна — калхідзкая (грузінская), з-над ракі Фасіс. Рака цяпер завецца Рыёні, у вусьці яе партовы горад Поці (так урэшце загучала грэцкае Φᾶσῐς па-грузінску).
Таму і ў нас асноўная назва птушкі — пазычаная. Нават дзьве назвы: бажан (варыянт базан) і фазан. Яны прыйшлі з лацінскай празь нямецкую (с.-в.-ням. fasant), прычым бажан — раней, яшчэ і праз чэскую (там bažant).
Беларускія магнаты трымалі птахаў у бажантарнях. Асабліва любілі гэтую справу Радзівілы: бажантарні заклалі Міхал Казімер Рыбанька (1720–1762) пад Нясьвіжам каля Сейлавіч і Геранім Радзівіл (1715–1760) у Слуцку — каб глядзець, слухаць і паляваць.
Глушцы кардынала
Калі ён такуе, то ня чуе нічога вакол, таму і глушэц. Tetrao urogallus — беларуская птушка 2020 году паводле „Аховы птушак Бацькаўшчыны“; усё думаю, ці была ў гэтым дадатковая сымбалічнасьць...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казімер Сьвёнтак, кардынал, які ня ведаў, колькі анёлаў у ягоным храмеБеларускіх глушцоў увечніў у палявых аўдыёзапісах ня хто-небудзь, а былы савецкі палітвязень, сьвятар Казімер Сьвёнтак. Пра будучага першага беларускага каталіцкага кардынала напісаў у эсэ „Званы ў прадоньнях азёр“ Уладзімер Караткевіч — напісаў тады, калі не ўхвалялася такое пісаньне:
„Дужа харошы фатограф, матацыкліст, кінэматаграфіст-аматар (зараз здымае фільм аб прыродзе Палесься), чалавек, які здатны цэлую ноч нерухома праляжаць у лесе, толькі каб запісаць на магнітафон такаваньне глушцоў“.
Канал Свабоды пра беларускую мову ёсьць і ў Тэлеграме: