Канстанціна Бурыкіна арыштавалі летась у лістападзе, суд над сьвятаром, часова адлучаным ад прыходу, праходзіць з канца чэрвеня. Бурыкіна абвінавачваюць ў незаконным захоўваньні зброі і боепрыпасаў, яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.
На судзе віну ў захоўваньні зброі былы сьвятар прызнаў, але папрасіў суд не пазбаўляць яго волі «дзеля чацьвярых дзяцей». Свае дзеяньні Канстанцін Бурыкін патлумачыў легкадумнасьцю і расказаў, што зброю яму перадалі актывісты РНЕ, зь якімі ён падтрымліваў стасункі як сьвятар — праводзіў для іх рэлігійныя абрады. Паводле Бурыкіна, пісталетам больш за сто гадоў і для страляньня яны непрыдатныя. Між тым на працэсе прыёмны сын Бурыкіна расказаў, як з бацькам яны стралялі зь пісталета ў лесе. Таксама на судзе быў дапытаны экспэрт, які праводзіў экспэртызу знойдзенай у Бурыкіна зброі і патронаў. Паводле спэцыяліста, абодва пісталеты Бурыкіна на момант экспэртызы былі непрыдатныя для стральбы, з 10 патронаў прыдатнымі былі толькі 2. Але большасьць складовых частак пісталетаў былі ў спраўным стане, іх можна было выкарыстаць паводле прызначэньня пры замене няспраўных частак, мяркуе экспэрт.
Канстанцін Бурыкін у апошнім слове прасіў прабачэньня і падкрэсьліваў, што ў ягонай асобе на лаве падсудны знаходзіцца звычайны чалавек, а не фашыст паводле палітычных поглядаў. Бурыкін ня ўтойваў, што раней прытрымліваўся нэанацысцкіх поглядаў, але адмаўляў, што займаўся прапагандай экстрэмізму і фашызму. Наяўнасьць у ягоным доме кніг і кампакт-дыскаў пра нацысцкую Нямеччыну Бурыкін патлумачыў захапленьнем гісторыяй. Пра другую сэнсацыйную знаходку сьледчых — жырандолю ў выглядзе свастыкі — падсудны сказаў, што для яго свастыка ёсьць рэлігійным сымбалем, а не сымбалем Нямеччыны часоў Гітлера.
Пракурор просіць для Канстанціна Бурыкіна 3 гады калёніі. Пасьля працэсу ў Заводзкім судзе Канстанціна Бурыкіна чакае царкоўны суд.