У 2014 годзе колькасьць турыстаў, якія арганізавана выяжджалі зь Беларусі за мяжу, склала 740,5 тысячы чалавек. А вось у Беларусь за гэты ж час прыехала толькі 137,4 тысячы. Гэтыя дадзеныя прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.
Турыстаў-беларусаў, якія імкнуцца наведаць чужыя землі, па-ранейшаму значна больш за замежных наведнікаў Беларусі, адзначаюць статыстыкі — на кожнага замежніка ў 2014 годзе прыходзілася пяць беларусаў.
Існуе цэлы шэраг праблемаў, чаму гэтая прапорцыя не зьмяняецца, сказаў у размове са Свабодай Мікалай Чырскі — беларускамоўны экскурсавод, старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў:
«Па-першае, візавы рэжым. Ужо ня хоча той жа самы турыст-паляк ехаць у Варшаву ў беларускую амбасаду, каб там яму далі ўязную візу. Гэта праблема даўняя. І калі мы хочам, каб да нас ехалі турысты, то трэба спачатку з краінамі-суседзямі, а затым і са ўсім Эўрапейскім Зьвязам гаварыць пра тое, каб іхныя грамадзяне маглі прыяжджаць да нас, у Беларусь, па турыстычным ваўчары.
Ёсьць жа ў нас ужо і пэўны досьвед. Змаглі ж мы зрабіць, каб госьці хакейнага чэмпіянату сьвету, якія набылі квіткі на гульні, прыехалі бязь візы. Яны адбылі тут сваё і вярнуліся дамоў. А чаму мы ня можам зрабіць гэтаксама з уладальнікамі турыстычных ваўчараў?
Па-другое, беларусы хоць і гасьцінныя людзі, але мы не навучыліся паказваць гэтую гасьціннасьць замежнікам, якія прыяжджаюць да нас па турыстычныя паслугі. Беларус ня хоча ўслужыць гасьцям — маўляў, як гэта мы будзем камусьці служыць?
Але ж увесь сьвет служыць. Таму і нам трэба паводзіць сябе так, асабліва тым, хто працуе ў сфэры паслуг.
Трэцяя наша праблема — адсутнасьць нацыянальнага турысцкага прадукту. Мы гаворым, што ў Беларусі ёсьць каля тысячы турыстычных маршрутаў. Але іх распрацавалі яшчэ ў савецкія часы. Пасьля іх крыху падмарафецілі пад сёньняшні дзень. І — усё.
Беларусы хоць і гасьцінныя людзі, але мы не навучыліся паказваць гэтую гасьціннасьць замежнікам
Няма ў нас свайго брэнду. Вось, напрыклад, едзе нехта ў Францыю. І ведае, што яму трэба там абавязкова пабачыць Эйфэлеву вежу, Люўр, яшчэ нешта знакавае. А што ў нас? Прыехаў да нас француз. Што ён хоча найперш пабачыць? Ня выпрацавалі мы свайго брэнду, ня ведаем, што найперш паказаць замежніку.
І самае галоўнае — да таго часу, пакуль мы не навучым сваіх грамадзян вандраваць па сваёй краіне, ніхто да нас не паедзе. Трэба, каб мы самі пабачылі нашу зямлю, каб самі вызначылі свае брэндавыя мясьціны. І толькі тады да нас паедуць замежнікі. А мы ўсё чакаем, што прыедзе замежны госьць, выкладзе за нашы савецкія паслугі добрыя грошы, а мы будзем спачываць на ляўрах. Такога не бывае».
Статыстыка сьведчыць: са 137,4 тысячы чалавек, якія летась наведалі Беларусь, аж 113,2 тысячы — гэта турысты з Расеі. На ўсе астатнія краіны сьвету прыпадае каля 25 тысяч арганізаваных турыстаў.
А вось беларусаў цягне за межы былога СССР. Так, летась краіны СНД наведалі 79,9 тысячы чалавек, альбо 37,4% ад роўню 2013 году. А самымі папулярнымі дзяржавамі для беларускіх турыстаў у 2014 годзе былі Баўгарыя, Гішпанія, Грэцыя, Эгіпет, Італія, Літва, Польшча, Расея, Турцыя, Чэхія. На гэтыя дзесяць краін прыпадае 82,7% ад агульнай колькасьці беларускіх турыстаў, якія арганізавана выяжджалі за мяжу.