Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Егер Мікалай з Чавускага раёну: «Расейцы ў лясах — добрыя хуліганы»


Журналіст Радыё Свабода адшукаў у нежылых вёсках у Чавускім раёне адзінага жыхара — егера Мікалая.

Малыя вёскі ў Чавускім раёне калі ня зьніклі, то лёс іх вырашаны. Узімку ў іх наагул ні душы. Паселішчы выглядаюць зьдзічэлымі і непрыветнымі. Наведаўшы зь дзясятак, мы гэтак і не спаткалі ніводнага чалавека.

Хаты на замках. Толькі вялікі лес ды такія ж вялікія палі. Яны здаюцца бяскрайнімі. Цягнуцца палосамі. Нібыта прывіды ў баку ад вёсак там сям засланяючы далягляд высяцца кінутыя калгасныя кароўнікі ды сьвінарнікі.

Фэрмы-прывіды ля вёсак. Закінутыя і разрабаваныя.
Фэрмы-прывіды ля вёсак. Закінутыя і разрабаваныя.

На ўскрайку адной зь нежылых вёсак напаткалі на хату егера. Гаспадар аб’ехаўшы свой абшар неўзабаве зьявіўся. Палясоўшчык Мікалай ўжо сталага веку мужчына запрасіў у хату паглядзець на трафэі паляваньня ды на гарбату.

Апавёў, што бабу Кацю, якая дваццаць гадоў жыла тут адна сярод лесу і палёў, забралі ў шпіталь, а з адтуль — у інтэрнат. Цяпер яе хата замкнёная.

Мясцовыя рупліўцы ўсталёўваюць помнікі ў памяць пра паселішчы.
Мясцовыя рупліўцы ўсталёўваюць помнікі ў памяць пра паселішчы.

Сам жа Мікалай зь недалёкіх Чавус — райцэнтру. Егерам працуе тры дзясяткі гадоў. Свой вясковы дом прыстасаваў пад патрэбы палясоўшчыка. І пацягнуліся, кажа, да мяне аматары паляваньня. Замежнікі таксама.

Палясоўшчык Мікалай
Палясоўшчык Мікалай

Расейцы, зазначае Мікалай, дужа зайздросьцяць беларусам. Кажуць, што ў беларускіх лясах парадак і шмат дзічыны. У іх жа такога няма.

«У іх лясы такія самыя, а дзічыны няма. Усё павыбіта. Калі яны сюды прыяжджаюць, ад задавальненьня проста шалеюць, — з гонарам адзначае палясоўшчык. — Вязуць адсюль у асноўным мяса. Ім трафэі ня дужа патрэбныя».

Славутасьці Чавускага раёну – гаючыя крыніцы.
Славутасьці Чавускага раёну – гаючыя крыніцы.

У суразмоўцы пытаю: а што кажуць пра нашы лясы палякі ды немцы. У іх жа, відаць, таксама ў лясах парадак?

«У іх парадак, — згаджаецца Мікалай, — але яны хочуць паглядзець на нашу дзікую прыроду. Для іх наш лес — гэта дзікая прырода, бо ён зарослы».

«Яшчэ ў нас ласі ёсьць, і шмат. А ў іх (немцаў ды палякаў — рэд.) няма такіх жывёл у лясах. І паляўнічыя яны дужа дысцыплінаваныя. Ніколі лішняга не пастраляюць.

Трафэі Мікалая
Трафэі Мікалая

Расейцы ж — гэтыя хуліганы добрыя. Могуць пастраляць і лішняга. Аднак, калі ты падстрэліў, чаго ня трэба, то тады плаці ў два разы даражэй, дык яны гэтага пабойваюцца».

Пра багацьце тутэйшых лясоў на дзічыну Мікалай распавядаць не стамляецца.​

«Ёсьць лось, кабан, казуля, нават алені заходзяць. Рысі шмат. Яна ж ў нашай Чырвонай кнізе. А на маёй дзялянцы (яна не вялікая — дваццаць тысяч гектараў) жыве дзясятак. Гэта шмат, — апавядае палясоўшчык, — А ваўкі яшчэ як тут шкодзяць! Штогод мы здабываем дзесяць-дванаццаць ваўкоў. Але бывалі гады, што і па сямнаццаць білі».

Краявіды вакол кінутых вёсак
Краявіды вакол кінутых вёсак

Апошнімі днямі, — кажа егер, — ваўкоў актыўна адстрэльваюць. А што зь дзікамі — пытаю. Іх жа таксама загадалі зьвесьці праз пагрозу распаўсюду афрыканскай чумы?​

Суразмоўца не хавае, што зь дзікамі праблемаў шмат. Да леташняга ліпеня іх стралялі аматары-паляўнічыя, у якіх была ліцэнзія. Цяпер загадалі вынішчаць бязь літасьці і егерам:

«Зь ліпеня месяца нас перавялі на асаблівыя ўмовы паляваньня. Здабыў дзіка, выклікаеш вэтлекараў — яны вантробы бяруць на праверку, а тушу трэба закапаць ня менш як на два мэтры», — распавядае Мікалай.​

«Мы здабылі шасьцёх дзікоў у гэтых умовах і яны, высьветлілася, усе незаразныя. Але ўсё адно закапаць — і ўсё. Нібыта ў нас і чумы ня выявілі, аднак загад дзейнічае. Дзікоў мы павінны вынішчаць сваімі рукамі ўсіх. І дужа караюць, калі не адстрэльваеш. Нам шкада іх. Мы іх кармілі. Я вывозім па сорак тон зернеадыходаў. Каля мяне яны трымаліся, а цяпер забаранілі нават карміць».

Егер кажа, што дзікоў паменшала ў пяць-сем разоў. «Мо сто галоў на ўвесь раён і засталося з нацяжкай».

Краявіды вакол кінутых вёсак
Краявіды вакол кінутых вёсак

Тое, што дзічыны паболела, Мікалай ня зьвязвае з абязьлюджваем мясьцінаў. Лічыць, што жорсткія захады супраць браканьерства даюць свой плён:

«Раней на браканьерства просты чалавек ня хадзіў. Баяўся. А толькі падкручанае начальства. Зь міліцыяй зьвязана, з райвыканкамам. А цяпер— чым вышэй начальнік, тым прасьцей злавіць яго і пакараць. І яны баяцца. Простыя ж паляўнічыя, як правіла, паслухмяныя. Браканьераў стала ў дзясяткі разоў меней. Раней браканьерскім спосабам здабывалі да дзясятку ласёў, а цяпер аднаго застрэляць — і тое выкрыюць злачынства».

Кінутыя дамы, занядбаныя вёскі
Кінутыя дамы, занядбаныя вёскі

Жыхарам многіх вёсак Чавускага раёну плацілі некалі «грабавыя». Гэтак тут называлі выплаты за жыцьцё ў радыяцыі. «Грабавыя» скасавалі, а радыяцыя ж нікуды не падзелася. Хаця ў дзічыне яе стала меней, — сьцьвярджае Мікалай.

«Тры-чатыры гады таму ў дзікоў была радыяцыя, але толькі ўзімку. Улетку яны добрыя прадукты ядуць: пшаніцу, гарох, кукурузу. Як толькі сыходзяць у лес і пачынаюць капаць падсьцілку, то набіраюць. Радыяцыі крыху ёсьць, але яна сыходзіць пакрысе. У ласёў і казуль яе няма. Яны харчуюцца іншым. Зямлі не кранаюць».

Гарлачы на плоце
Гарлачы на плоце

Багатыя на грыбы ды ягады лясы дапамагаюць вяскоўцам крыху падзарабіць. Сабраныя лісічкі вязуць на продаж у Берасьце ды Горадню. Некаторыя з заробленага жывуць па некалькі месяцаў.

Разьвітаўшыся і выходзячы з хаты, я паказваю егеру на вастракол, на якім вывешаныя гарлачы. Ён адказвае: «Мы ж беларусы. Так у нас заведзена».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG