Чыгунцы дазволілі прадаваць квіткі на стаячыя месцы і здымаць пасажыраў на відэа

Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі зьмяніў правілы перавозкі пасажыраў на Беларускай чыгунцы.

Пастанова (PDF) прадугледжвае, што пасажыры змогуць вяртаць розьніцу ў кошце праезду, калі цэны зьнізіліся. Вяртаць грошы за нескарыстаны квіток цяпер можна ў выпадках спыненьня паездкі ў сувязі зь перапынкам руху цягнікоў проста ў дарозе (за частку дарогі, якую цягнік не даехаў) і пры спазьненьні цягніка больш як на гадзіну, калі пасажыр пасьля меў перасаджвацца на ўзгоднены цягнік. Калі пасажыр купіў квіток на пэўнае месца, а яно аказалася занятае, то пасажыру могуць прапанаваць або месца ніжэйшай клясы зь вяртаньнем розьніцы цэнаў або вышэйшай клясы без даплатаў (калі пасажыр ня згодны ці месцаў няма зусім, грошы за квіток вяртаюць цалкам).

Пасажырам цяпер дазволена без дадатковай аплаты перавозіць невялікую жывёлу або дзьвюх у месцах для ручной паклажы (пры наяўнасьці вэтэрынарных дакумэнтаў, ня ў спальных вагонах). Але з правілаў прыбралі пункт пра бясплатны правоз у ручной паклажы аднаго разабранага ровара, лыжаў, сноўборда або расьлінаў да 180 см у вышыню (застаўся пункт пра платны правоз ровараў у тамбурах ці іншых абсталяваных месцах).

У «пэўных выпадках» перавозьнік можа прадаваць квіткі на стаячыя месцы ў цягніках з нумараванымі месцамі. У якіх выпадках, не ўдакладняецца.

Кантралёры і кандуктары, начальнікі цягнікоў і праваднікі, касіры і «іншыя ўпаўнаважаныя на кантроль праязных дакумэнтаў» цяпер могуць ужываць «тэхнічныя сродкі» для аўдыё- і відэазапісу. Ці будуць такія запісы доказамі ў судах пры спрэчных выпадках, не ўдакладняецца.