Беларусь у знак смутку і салідарнасьці з Расеяй, дзе 28 сакавіка абвясьцілі агульнанацыянальную жалобу ў сувязі з трагедыяй у Кемераве, зробіць жалобныя захады.
Менавіта жалоба ў рэспубліканскім маштабе не абвяшчалася, але захады робяцца практычна тыя самыя. На даручэньне Аляксандра Лукашэнкі 28 сакавіка ў Беларусі будуць прыспушчаныя дзяржаўныя сьцягі над дзяржаўнымі ўстановамі. У рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ скасаваная трансьляцыя забаўляльных перадачаў. Таксама рэкамэндавана ўстрымацца ад забаўляльных мерапрыемстваў, у тым ліку тых, што праводзяцца ў грамадзкіх месцах.
Як беларускія ўлады рэагавалі на трагедыі маштабу кемераўскага пажару
Рэспубліканская жалоба ў Беларусі абвяшчалася на два дні пасьля трагедыі на Нямізе 1999 году, дзе ў цісканіне загінулі 53 чалавекі. Пасьля тэракту ў менскім мэтро, дзе загінулі 15 чалавек, абвяшчалася толькі гарадзкая жалоба на адзін дзень у Менску. Пасьля сьмерці кіраўніка Вэнэсуэлы Уга Чавэса ў 2013 годзе ў Беларусі абвяшчалася трохдзённая рэспубліканская жалоба.
Пры пажары ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Зімняя вішня» ў Кемераве, што пачаўся пачаўся днём 25 сакавіка, загінулі 64 чалавекі, у тым ліку шмат дзяцей, больш за 40 чалавек пацярпелі. Дах гандлёвага цэнтру абрынулася амаль на ўсёй плошчы пажару.
Паводле паведамленьняў відавочцаў, пасьля пачатку пажару ў будынку ўзьнікла паніка, якую ніхто з супрацоўнікаў не спрабаваў рэгуляваць, былі замкнёныя прынамсі некаторыя з пажарных выхадаў. Уладзімір Пуцін назваў прычынай пажару «злачынную нядбайнасьць і разгільдзяйства».
МНС Беларусі ўжо ўзялося правяраць шляхі эвакуацыі, работу сыстэмы бясьпекі, аўтаматыкі, пажаратушэньня, навучаньне пэрсаналу ў беларускіх гандлёвых цэнтрах.
Раней расейцы абураліся маруднай рэакцыяй уладаў на трагедыю, у прыватнасьці адмовай ад усерасейскай жалобы адразу па трагедыі, у малой увазе дзяржаўных СМІ да пажару і наступстваў. Паводле зьвестак назіральнікаў, пракрамлёўскія інтэрнэт-тролі спрабавалі ўтаіць ад карыстальнікаў відэа пра кемераўскую трагедыю. На сустрэчы з Пуціным губэрнатар Кемераўскай вобласьці Аман Тулееў абвінаваціў расейскую апазыцыю ў тым, што яна выкарыстоўвае трагедыю ў сваіх мэтах.