Прадпрымальнікі працуюць на рынках апошнія дні: у сакавіку большасьць зь іх збанкрутуе

Гандаль згортваецца

Сотні прадпрымальнікаў Гомеля працуюць на рынках апошнія дні: у сакавіку большасьць зь іх збанкрутуе, — калі толькі ўлады ня пойдуць насустрач і ня зьменяць патрабаваньні да прадстаўленьня сэртыфікатаў і таварна-транспартных дакумэнтаў на кожную адзінку тавару. Пацярпяць і прадпрымальнікі, і дзяржаўны бюджэт.

Грамада гомельскіх прадпрымальнікаў цяпер нагадвае растрывожаны вулей. Людзі ў роспачы чакаюць, што з 1 сакавіка страцяць працу. Толькі й гаворкі цяпер: як быць, куды падацца, за што жыць?

Гэтыя пытаньні надзвычай хвалююць Ірыну Зайнакаву, прадпрымальніцу з 12-гадовым стажам:

«Сытуацыя, якая склалася, прымушае мяне пакінуць гандлёвае месца 1 сакавіка ў зьвязку з адсутнасьцю дакумэнтаў. Я, вядома, магу купіць накладныя ў Маскве за пяцьсот ці тысячу рублёў і падаць у падатковыя органы для сплаты падатку на дабаўленую вартасьць. Але я ня ўпэўненая, што пры фінансавай праверцы мне ня будзе інкрымінавана незаконная эканамічная дзейнасьць у сувязі з тым, што дакумэнты фальшывыя. Я не хачу быць эканамічным злачынцам у нашай краіне».

Беларускія ўлады ўскладаюць на прадпрымальнікаў адказнасьць за суправаджальныя дакумэнты, якія ім выдаюць (альбо не выдаюць) фірмы суседняй дзяржавы:

«За дакумэнты, якія можам прывезьці з Масквы, мы нясем адказнасьць. Калі яны будуць прызнаныя несапраўднымі, я нясу пэрсанальную адказнасьць: забіраюць выручку з таго моманту, калі тавар быў завезены — усё мушу аддаць дзяржаве, і на дадатак штраф да 200 базавых велічыняў».

Ірына мае вышэйшую адукацыю. Перш чым заняцца прадпрымальніцтвам, выкладала ва ўнівэрсытэце:

«Я была выкладчыцай Гомельскага тэхнічнага ўнівэрсытэту, працавала на катэдры замежных моваў цягам дзесяці гадоў. На жаль, аплата працы як пэдагога была неадпаведная, і таму я сышла ў гандаль. Муж у мяне працуе грузчыкам у „Эўраопце“, бо таксама ня змог знайсьці працу па спэцыяльнасьці. І ў нас двое дзяцей».

У Жанны Гаркавенкі — свая гісторыя. Пасьля тэхнікуму яна працавала бухгальтарам у будаўнічай арганізацыі, якая ў 90-гады развалілася. Дзеці падрасьлі, а працы не было. І Жанна пайшла ў прадпрымальнікі. Зь цягам часу стварыла з мужам і старэйшым сынам сямейны бізнэс. Цяпер дзяржава, па сутнасьці, гоніць сям’ю на вуліцу:

«Нам няма куды ісьці. Хто мяне працаўладкуе? Мы ўжо дваццаць гадоў прадпрымальнікі — нас прымусілі гэтым займацца. Я сама разьвілася, стварыла пэўны дабрабыт, а цяпер я ня ведаю — з 1 сакавіка мне даводзіцца закрываць свой бізнэс».

Прадпрымальнікі лічаць, што ўлады мусяць вызваліць іх ад адказнасьці за тыя таварна-транспартныя дакумэнты, якія яны набываюць у суседніх краінах, а яшчэ — падоўжыць тэрмін рэалізацыі рэшткаў тавараў. Пасьля мінулагодняй інвэнтарызацыі многія не прадалі й паловы тавараў, бо пакупніцкая здольнасьць насельніцтва вельмі зьнізілася.

Спусьцелыя месцы на Цэнтральным рынку

Анжэла Дабышэўская ў свой час працавала ў атэлье закройшчыцай. Але практычна ўсе атэлье пазакрываліся: людзі перасталі карыстацца іх паслугамі. Пайшла ў прадпрымальнікі. Цяпер і тут стала праблематычна:

«Я яшчэ не на пэнсіі — яшчэ трэба жыць. Ня ведаю, што рабіць. Трэба шукаць працу. Няхай дзяржава думае і дае нам працоўныя месцы. Красьці ж ня пойдзеш — нельга. Не працуеш — дармаед. Няхай дзяржава забясьпечвае нас працай».

Жанчына кажа, што сям’я ў яе невялікая — тры чалавекі:

«Муж і сын маюць працу, але заробкі невялікія. Таксама праблема: на 2 мільёны паспрабуйце пражыць».

Прадпрымальнік Леў Шыганаў — былы выкладчык фізкультуры. Прадае спартовы тавар, у тым ліку зь дзяржаўнай і клюбнай сымболікай. Майкі й футболкі заказвае ў суседняй Расеі, але там ня хочуць важдацца з дакумэнтамі, калі партыі невялікія.

Гандаль згортваецца

З пачаткам сакавіка прадпрымальнік таксама будзе закрывацца. Але Шыганаву лягчэй — ён пэнсіянэр, мае сякі-такі даход. Аднаго не разумее:

«Праблемаў, як мне падаецца, у дзяржавы хапае сапраўдных. Вунь у „Гомсельмаша“ трыльённыя даўгі, у іншых прадпрыемстваў. А тут аказваецца, што найбольшая праблема ў дзяржавы — гэта індывідуальныя прадпрымальнікі. Выганяць нас — і ў дзяржаве нібыта ўсё наладзіцца. Незразумела. Мы ж плацім падаткі, у фонд сацыяльнай абароны, арэнду — усё ідзе ў гарадзкі, абласны бюджэт. Навошта гэта губляць, я не разумею. Што яно выйграе? І каму гэта выгадна, не магу зразумець».

Ужо цяпер на гомельскіх рынках шмат якія месцы, занятыя раней прадпрымальнікамі, проста пустуюць.