У пошуках ветракоў з разэткамі і зручных для запісу месцаў з сонечнымі батарэямі музыкі выпраўляюцца ў экспэдыцыю і здымуць пра гэта дакумэнтальны фільм.
«Не скажу, што гэтага ніхто не рабіў, — кажа бас-гітарыст Аляксей Ванчук, — але ў Беларусі ніхто».
Аляксей Варсоба (акардэон), Сяргей Краўчанка (пэркусія), Аляксей Ванчук (бас-гітара) — распавялі, як важна пачуць тое, што кажуць шэптам.
«Мы ад пачатку робім „экамузыку“»
Альбом, якія музыкі плянуюць назваць «Шэпт», для гурта трэці. Зрабіць музыку для яго па-сапраўднаму «зялёнай» дапаможа праект «Зялёная сетка», а грошы зьбіраюць праз краўдфандынг. Каб выканаць задуманае, музыкам трэба 35 000 рублёў. Праз два дні пасьля старту на рэсурсе talaka.by сабралі чвэрць.
«Экалягічная тэма ўзьнікла вельмі даўно, — кажа Аляксей Варсоба. — У мяне яна зьвязаная з маленствам. Бацька любіў вынаходзіць розныя штукі. У пэўны момант ён зразумеў, што калі паставіць на зямлю трубу, у ёй заўжды будзе плынь паветра — такія законы фізыкі. Я быў знаёмы з усімі гэтымі тэхналёгіямі, займаўся ў гуртку космабіялёгіі. Хацеў паступаць на біяфак. Усё гэта было вакол мяне і блізка».
Прыстаўку «эка» даўно можна сустрэць у абсалютна розных зьявах — ад навуковых тэрмінаў кшталту «экафэмінізм» да бытавых прадметаў кшталту «экалягічных пральных парашкоў». Пазнаку «экамузыка» на свой альбом музыкі вешаць не зьбіраюцца, хоць кажуць, што яна зьявіцца ўсё адно.
«Для нас гэты праект і яго рэалізацыя праз тэму зялёнай энэргіі — спосаб заклікаць людзей задумацца ня толькі пра энэрганезалежнасьць і асобны збор сьмецьця, але і пра экалёгію штодзённасьці, чысьціню камунікацыі і матываў, пра ўсьвядомленасьць і культуру, якая зьяўляецца такой жа часткай нашага агульнага дому, як і прырода», — пішуць музыкі ў прэс-рэлізе праекту.
«Мы ад пачатку робім „экамузыку“», — кажа Сяргей Краўчанка. Другі альбом — «Thou» — музыкі запісвалі ў лесе, і пасьля такога, гавораць, ісьці ў студыю ўжо «было немагчыма і не хацелася».
«Доўга думалі пра тое, што трэба з батарэяй „Тэсла“ ў пячору ці на гейзэры ў Ісьляндыю, — распавядае Сяргей. — Але ў выніку сышліся на тым, што важная лякальная сытуацыя — і з экалёгіяй, і з экалёгіяй камунікацыі, бо ў апошнія гады яна моцна парушаная. Пра ўсё гэта хочацца расказаць у рамках гэтага праекту, але музыкай».
«„Thou“ — вельмі харошы альбом, — усьміхаецца Аляксей Варсоба. — Апошні раз слухаў учора. У лесе добрая акустыка, гэта праўда. Там няма стаячых хваляў, там натуральная абсалютна рэвэрбэрацыя. Гук, у які ты ўпісваеш музыку, натуральны. Гэта вельмі арганічна і правільна. Гэта музыка ў прамым сэнсе».
«Гэта іншы досьвед уключанасьці, пра які мы кажам, бо студыя — гэта ізаляцыя, гэта плястык, — кажа Сяргей. — Мы ўсе ўключаныя ў гэтую ўмоўна глябальную сыстэму. Усе нашыя альбомы пра гэта. Але трэці альбом самім спосабам запісу пра гэта гаворыць болей».
Досьвед «студыі ў лесе» музыкі лічаць самым крутым. «Гэта была сапраўдная „палявая праца“, fieldrecording, — працягвае Аляксей Ванчук. Таму з уласна „музычнай“ часткай новага альбома ўсё зразумела: — Усё рэальна, галоўнае — жаданьне і каманда, якая ў нас таксама ёсць».
Музыка можа абʼяднацца з энэргетыкай — і ўсё запрацуе
Запісаць музыку ў Беларусі няпроста. «У нас няма добрых студый, — лічыць Варсоба, — усе ўмоўна добрыя». Але запісаць музыку экалягічна няпроста паўсюль. Прапановы музычных студый з альтэрнатыўным сілкаваньнем па ўсім сьвеце адзінкавыя, і многія зь іх самі шукаюць фінансавую падтрымку праз краўдфандынг.
«Забясьпечыць сябе энэргіяй сонца ў Беларусі вельмі складана. Нельга проста прыйсьці ў краму і зрабіць гэта», — тлумачыць Аляксей Варсоба. Таму запісваць альбом будуць у розных месцах. Той самы «вятрак з разеткай» давядзецца яшчэ знайсьці.
Няпростую задачу вырашылі прыгожа. Музыкі шукаюць прыватныя энэргетычныя праекты і хочуць пабачыць ня толькі, як гэта працуе, але і хто гэта зрабіў. І паказаць усё ў дакумэнтальным фільме.
«Людзі, якія забясьпечваюць сябе энэргіяй сонца ці паветра, часта робяць гэта цудоўным дзікім чынам, сабраўшы вятрак з нейкіх запчастак аўтамабіля ці замаўляючы сонечныя батарэі з Кітаю», — распавядае Сяргей Краўчанка. 17 кастрычніка разам з украінскім рэжысэрам Вадзімам Ільковым яны выправіліся ў экспэдыцыю па Беларусі — шукаць месцы, дзе можна запісваць альбом, і знаёміцца з «энэрганезалежнымі» людзьмі.
«Я зьдзівіўся, як шмат ветракоў пад Магілёвам, — кажа Сяргей. — Што ёсьць праекты, якія атрымліваюць энэргію ад цяпла зямлі, ад натуральнага руху водаў. Усё гэта ёсьць і цікава паглядзець, як яно працуе і хто гэта зрабіў».
Праўда, месцаў такіх на ўсю Беларусь набярэцца няшмат. У краіне ўсяго некалькі дзясяткаў ветракоў і некалькі гісторый энтузіястаў кшталту Мацеюса Сынкявічуса, які сабраў вятрак на сваім участку.
Тое, што ў стварэньне альбому ўключана так шмат «правільных» людзей, месцаў і ідэяў — частка яго філязофіі, лічыць Варсоба.
«Адна з праблем сучаснай альтэрнатыўнай энэргетыкі — гэта разрозьненасьць: хтосьці займаецца энэргіяй паветра, хтосьці сонца, хтосьці зямлі. Кожная з гэтых галінаў добра тэхналягічна разьвітая, але да якасных зьменаў гэта не прыводзіць, — кажа Аляксей Ванчук. — Яны не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой настолькі, каб быць рэальнай альтэрнатывай».
«Мы хочам паказаць, што абʼядноўвацца можна і трэба, — кажа ён. —Музыка можа абʼяднацца з энэргетыкай, і ўсе разам могуць неяк узаемадзейнічаць. Тое ж самае адбываецца ў культуры. Усё важна рабіць менавіта сумесна. Я нядаўна прачытаў, што авангард — гэта не зрабіць нешта новае, а зрабіць нешта разам».
Шэпт як мэтад
Штодзённае жыцьцё саміх музыкаў экалягічнае па-рознаму. Аляксей Ванчук асобна зьбірае сьмецьце і адмаўляецца ад машыны ў Дзень без аўтамабіля.
«Я на прадавачак часта сваруся, калі яны мне некалькі пакетаў прапаноўваюць, — сьмяецца Аляксей. — А Сяргей зьбірае сьмецьце ў лесе».
«Так, я зьбіраю сьмецьце ў лесе, — кажа Сяргей. — Гэта сытуацыі, калі сорам ня толькі за сябе, але і за іншых падступае да горла, і ты разумееш, што проста трэба пайсьці ўзяць пакет, вярнуцца ў лес за некалькі кілямэтраў, сабраць усё гэта і вынесьці гэтыя пакеты».
Сяргей распавядае, як дзіўна выглядаюць крокі для збору сьмецьця на вёсках, дзе кантэйнэры-сэпаратары заваленыя несартаванымі адходамі.
«Я цікавіўся, чаму. Нават людзі, у якіх з экасьвядомасьцю ўсё добра, сартавалі сьмецьце да тае пары, пакуль не пабачылі, як яго забіраюць. Швэдзкае каралеўства падарыла гэтыя сьметніцы, усе пачалі сартаваць, а прыяжджае машына і ўсё зьмешвае». Сяргей кажа, што ў пляне экалёгіі з рэгіёнамі не працуе ніхто.
«Нам хацелася б у падтрымку туру езьдзіць па рэгіёнах і выкарыстоўваць менавіта сонечныя батарэі для канцэртаў, — распавядае ён пра далейшыя пляны. — Прыяжджаць, выстаўляцца пасярод раённага цэнтру ці на ўскрайку і рабіць камэрны канцэрт. Паказаць, што магчымыя энэрганезалежнасьць і спакой, які нашая музыка перадае. Гэта спакой, які абʼядноўвае, можа нават трывожна-рэфлексіўны».
«Мне здаецца, гэта таксама можа быць добрая гісторыя», — кажа музыка.
«Экалягічная сьвядомасьць у бескультурнага чалавека немагчымая, я гэта казаў і яшчэ раз кажу!» — Аляксей Варсоба перакананы, што экалягічная асьвета мусіць быць уключаная ў асьвету культурную. Але агітаваць за альтэрнатыўную энэргетыку ці за асобнае зьбіраньне сьмецьця наўпрост праз музыку яны ня будуць.
«Музыка не гаворыць тэкстам, і дзякуй Богу, што яна ня можа гэта зрабіць, — тлумачыць Аляксей Варсоба. — Мы ня будзем у тэкстах расказваць пра ветракі і агітаваць за сонечную энэргію. Гэта будзе зроблена па-іншаму».
Па-іншаму — гэта «шэптам», як і назвалі альбом. «Мы маем на ўвазе шэпт як мэтад, — кажа Аляксей Варсоба. — Людзям трэба камунікаваць нягучна, не лёзунгамі, не плякатнымі штукамі, а адкрыта, з усьмешкай, па-чалавечы гаварыць».
Port Mone trio — інструмэнтальнае трыё зь Менску. Першы альбом «Dip» выйшау ў 2009-м. Другі — «Thou» (2014) — стаў альбомам году па вэрсіі рэсурсу Experty.by. Музыкі супрацоўнічалі з украінскім гуртом «ДахаБраха», пісалі музыку для кіна- і тэатральных праектаў. У 2014-м падпісалі кантракт са славацкім лейблам Hevhetia і канцэртным агенцтвам Charmenko.
Падчас акупацыі Крыму ўвесну 2014-га Port Mone trio выступіла на паўвостраве перад украінскімі вайскоўцамі.
Падтрымаць праект можна на talaka.by.