26 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучаньні ў іх». Цяпер у пятую клясу гімназій будуць набіраць без уступных іспытаў. Пэдагогі, экспэрты пракамэнтавалі для Свабоды чарговую рэформу адукацыі.
Сутнасьць рэформы наступная. Статус гімназій захаваецца, але праграма ў гімназіі будзе адрозьнівацца ад звычайнай школы толькі з 10-й клясы. Іспыты ў 5-я клясы гімназій у Беларусі будуць адмененыя. Усе навучэнцы, якія завершаць навучаньне ў 4 клясе гімназіі, змогуць працягнуць навучаньне ў 5 клясе гэтай жа гімназіі.
А ў 1 клясу дзяцей будуць набіраць па месцы жыхарства бацькоў: мясцовыя органы ўлады вызначаць, якія дамы да якой школы адносяцца.
Рэпэтытар Яўген Лівянт: «Чыноўнікі хочуць, каб у Беларусі менш было адукаваных»
Вядомы пэдагог, рэпэтытар па фізыцы, кіраўнік цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт кажа, што ён новым указам вельмі расчараваны.
«Навошта гімназіі апускаць да ўзроўню сярэдніх школ, а ня школы ўздымаць да ўзроўню гімназій — для мяне загадка. Увесь сьвет ідзе да разнастайнасьці форм адукацыі, дыфэрэнцыяцыі, а ў Беларусі, усьлед за ліквідацыяй профільных клясаў у 2008 годзе, зрабілі наступны крок — „апусьцілі“ гімназіі да ўзроўню школ, што вядзе да зьнішчэньня гімназій», — лічыць пэдагог.
Спадар Лівянт працягнуў лягічны ланцужок далей: на яго думку, наступным крокам улады будзе ліквідацыя ліцэяў.
«На мой погляд, гэты ўказ вельмі рэзка зьнізіць узровень школьнай адукацыі, што вельмі недальнабачна. Але калі я паслухаў прэс-канфэрэнцыю намесьніцы міністра адукацыі Раісы Сідарэнкі (міністар, відаць, пабаяўся сам прыйсьці), я зразумеў, што ў іх нават няма пляну дзеяньняў. Для мяне гэта відавочна: ніякага дакладнага, прадуманага, пасьлядоўнага пляну дзеяньняў у Мінадукацыі няма. Навошта, зь якой мэтай пралабіраванае гэтае рашэньне — для мяне загадка», — кажа Яўген Лівянт.
Рэпэтытар Лівянт: 25% выпускнікоў валодаюць ведамі пачатковай школы, 95% ня ведаюць ніводнага фізычнага закону
У пэдагога ўзьнікла аналёгія з анэкдотам пра рэвалюцыю 1917 году, калі служанка тлумачыць, што пераварот дзеля таго, каб не было багатых, а пажылая дваранка ўзгадвае свайго дзядулю-дзекабрыста, які змагаўся за тое, каб не было бедных.
«А зараз хочуць, каб менш было адукаваных», — падсумаваў вядомы рэпэтытар.
Шматлікія краіны сьвету ўкладаюць велізарныя намаганьні, сродкі, рэсурсы менавіта ў разьвіцьцё школьнай адукацыі і дабіваюцца вялікіх посьпехаў. Яўген Лівянт прывёў і прыклады.
«Пералічу краіны па мапе: Фінляндыя, Расея, Польшча, Украіна, Грузія, Казахстан, Індыя, Кітай... Праз коску гэтыя краіны ніхто ніколі не называе. Што да адукацыі, іх тут можна пералічваць праз коску. Яны шмат робяць дзеля таго, каб школьнікі былі канкурэнтаздольныя на глябальным рынку. Бо хутка давядзецца канкурыраваць не з суседам па парце — за працоўныя месцы неўзабаве будзе глябальная ўсясьветная канкурэнцыя. А Беларусь ідзе ў адваротным кірунку. І ні да чога добрага гэта не прывядзе», — кажа ён.
Рэпэтытар выказаў і аптымістычнае спадзяваньне, заўважыўшы сымбалічнае супадзеньне, што два рашэньні — указ аб прыёме ва ўстановы сярэдняй адукацыі і дэкрэт аб карэктаваньні так званага «дэкрэту аб дармаедах» — былі прынятыя ў адзін дзень.
«На фактычна адмену дармаедзкага дэкрэту спатрэбілася год ці два, улада нарэшце „адумалася“. Я спадзяюся, што ўчорашні ўказ аб сярэдняй адукацыі таксама будзе скарэктаваны: пасядзяць, падумаюць, паслухаюць крытычныя выказваньні».
Тамара Мацкевіч: «Гэта зьнізіць агульны ўзровень ня толькі гімназій, але і школаў»
На думку намесьніцы старшыні Таварыства беларускай школы Тамары Мацкевіч, першая і галоўная мэта ўказу — апусьціць узровень школьнай адукацыі ў Беларусі.
«Гэта зьнізіць агульны ўзровень ня толькі гімназій, але і школаў. Гэта палітыка Міністэрства адукацыі. А больш за ўсё шкада дзяцей. „Всеобучем“ дзеці прывязваюцца да канкрэтнай навучальнай установы, і перайсьці куды-небудзь яны змогуць, як сказала намесьніца міністра, толькі калі ў іншай школе ці гімназіі будуць вольныя месцы. Нават калі дзіця — будучы Эйнштэйн, ці вывучаць яму паглыблена фізыку і матэматыку, вырашаць будзе мясцовы выканкам», — кажа намесьніца старшыні ТБШ.
Паводле яе, замест таго каб даць свабоду і зрабіць усе ўстановы адукацыі роўнымі, як у Фінляндыі, чыноўнікі кажуць, «што свабоды вам не дадзім, а ўзровень будзе такі, якога мы захочам».
«Наш міністар адукацыі фанацее ад фінскага досьведу», — дэпутат Марзалюк
Тамара Мацкевіч выказала і яшчэ адно меркаваньне — пра ўплыў Расеі. На думку Тамары Мацкевіч, зьніжэньне ўзроўню адукацыі адбываецца на ўсіх тэрыторыях, дзе Расея мае свой уплыў.
«Гэта тычыцца Прыднястроўя, Крыму, Чачні: першае, што там зрабіла Расея, акупаваўшы тэрыторыі, — яна зьнізіла ўзровень адукацыі. Каб не было крытычнай масы разумных і думаючых людзей, каб яны зьехалі. Там „дэ-юрэ“, а ў Беларусі — „дэ-факта“ ідзе ўплыў „русского мира“, каб Беларусь любымі шляхамі заставалася падкантрольнай Расеі зонай».
Але ў намесьніцы старшыні Таварыства беларускай школы ёсьць аптымізм, што беларусы пачалі ўжо гэта разумець.
«Гэта бачна і зразумела настаўнікам, бацькам і нават вучням. Яны не спадзяюцца на школу, а знаходзяць альтэрнатыўныя крыніцы атрыманьня адукацыі, і працэс „атупленьня“ нацыі неяк стрымліваецца. Хоць гэты ўказ адкідае нас у мінулае стагодзьдзе, і гэта ўсё давядзецца выпраўляць», — перакананая Тамара Мацкевіч.