Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі заявіла пра «міт аб „расстралянай“ літаратуры». Настаўніца Севярынец: «Гэта дыскрэдытацыя сыстэмы»


Міністар адукацыі і былы першы сакратар Кампартыі Беларусі Ігар Карпенка
Міністар адукацыі і былы першы сакратар Кампартыі Беларусі Ігар Карпенка

Міністэрства адукацыі адказала настаўніцы расейскай мовы і літаратуры Ганьне Севярынец на яе адкрыты ліст да міністра адукацыі Ігара Карпенкі адносна школьнай праграмы па беларускай літаратуры.

У лісьце, які быў апублікаваны пад загалоўкам «Чаму ў праграмах „Барадзіно“ ёсьць, а „Пахне чабор“ няма?», настаўніца прапанавала перагледзець вывучэньне беларускай літаратуры ў школах. Ганна Севярынец, сярод іншага, прапанавала ўключыць у праграму па беларускай літаратуры асобныя творы з творчай спадчыны Адама Бабарэкі, Алеся Дудара, Уладзімера Жылкі, Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна.

Міністэрства адукацыі заявіла ў адказ праз газэту «​Наша ніва», што адкрыты ліст да міністра адукацыі, маўляў, працягвае інфармацыйную кампанію, распачатую ў апазыцыйнай прэсе.

«Такая выбіральнасьць у густах выглядае двухсэнсоўна. Характэрна, што да стагодзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў апазыцыйнай прэсе актыўна культываваўся міт аб нейкай „расстралянай“, „забароненай бальшавікамі“, „ліквідаванай камуністамі“ і г.д. беларускай літаратуры — працягам гэтай інфармацыйнай кампаніі, відавочна, і зьяўляецца адкрыты ліст да міністра адукацыі».

Міністэрства адукацыі піша, што дзецям будзе вельмі складана патлумачыць выраз «хадзіць пад ДПУ» зь верша Тодара Кляшторнага.

«Для гэтага, верагодна, прыйдзецца выкарыстаць аналягічнае дэклясаванае арго „хадзіць пад мянтамі“, што недапушчальна ў навучальным працэсе. Мы таксама ўпэўненыя, што мэтады і прынцыпы апэратыўна-вышуковай дзейнасьці варта вывучаць у спэцыялізаваных навучальных установах, а не ў сярэдніх школах, а падобную літаратурную спадчыну — самастойна, а не па патрабаваньні школьнай праграмы», — гаворыцца ў лісьце Мінадукацыі.

Паводле Міністэрства адукацыі, «паказаная падборка аўтараў, прапанаваных да ўключэньня ў праграму, фармавалася не на падставе нейкіх літаратурных густаў, а хутчэй у піку палітычным поглядам міністра адукацыі, а таму носіць асобаснае адценьне».

У канцы ліста Мінадукацыі згадвае пра «шматгадовую актыўную практыку напісаньня калектыўных даносаў, якіх асобныя беларускія літаратары тых гадоў склалі ня менш, чым мастацкіх твораў».

«Таму рэкамэндуем не паўтараць памылак папярэднікаў і не вызначаць літаратурную каштоўнасьць тых ці іншых твораў празь ціск і напісаньне адкрытых лістоў ні многа ні мала — ад імя „краіны, народу, вучняў і настаўнікаў“. Рэальна гэтыя лісты не адлюстроўваюць нічога, акрамя пераацэнкі аўтарам уласнай значнасьці», — гэтымі словамі завяршае свой ліст Мінадукацыі.

У прэс-службе Міністэрства адукацыі карэспандэнту Свабоды адмовіліся камэнтаваць ліст.

«Гэта быў ліст, адрасаваны Ганьне Севярынец, і камэнтаваць мы яго ня будзем», — сказала і кінула слухаўку прэсавы сакратар Людміла Высоцкая.

Пісьменьнік-камуніст Андрэй Лазуткін атрымаў працу ў Міністэрстве адукацыі

«Трэба гэтым людзям патлумачыць, што было насамрэч»

Ганна Севярынец у інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтавала адказ зь Мінадукацыі на яе прапановы.

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

— Якія агульныя ўражаньні ад ліста зь Мінадукацыі?

— Гэта нейкі неверагодны тэкст па ўзроўні ведаў, якія дэманструюцца, і па ўзроўні абагульненьняў, якія там робяцца. Нам, настаўнікам, часьцяком даводзіцца чуць такія рэчы, якія, на жаль, дэманструюць татальнае невуцтва. Таму сьмешна, ну што зробіш.

— Вы ў сваім адкрытым лісьце ніводнага разу не згадалі пра апазыцыю. Чаму, як вы думаеце, Мінадукацыі згадвае гэта слова літаральна ў кожным абзацы?

— Я ня ведаю. Мне наагул крыўдна, бо я працую ў гэтай сыстэме, і Міністэрства адукацыі — гэта той орган, да якога я стаўлюся з павагай: і таму, што я супрацоўнік гэтай сыстэмы, і таму, што ў міністэрстве працуе шмат людзей, якіх я ведаю і паважаю. Таму такі ўзровень дыскрэдытацыі і сыстэмы, і... наагул, якую трэба мець сярэднюю адукацыю, каб напісаць, што ГПУ і, як аўтар ліста адказвае, «мянты» — што гэта адно і тое ж! ГПУ і міліцыя — гэта ж розныя рэчы. Проста трэба ведаць гісторыю. Таму я ня ведаю, чаму яны так напісалі.

— Паводле Міністэрства адукацыі, дзецям будзе вельмі складана патлумачыць выраз «хадзіць пад ДПУ», што давядзецца выкарыстаць аналягічнае дэклясаванае арго «хадзіць пад мянтамі».

— Па першае, Тодар Кляшторны напісаў крыху болей, чым проста два радкі пра ДПУ. І ў мяне нават у галаве іх не было, калі я ўключала прозьвішча Кляшторнага ў шэраг тых паэтаў, якіх трэба вярнуць. Я ня думала, што трэба вывучаць паэму «Калі асядае муць». Гэта, канечне, ня школьная паэма. Але калі трэба, дзецям усё можна патлумачыць. Яны ж не дурныя.

— У лісьце Мінадукацыі фактычна адмаўляецца факт сталінскіх рэпрэсій, ідзе гаворка пра «міт аб нейкай „расстралянай“, „забароненай бальшавікамі“, „ліквідаванай камуністамі“ і г.д. беларускай літаратуры».

Я зараз якраз працую з дакумэнтамі ў тым кірунку, каб разбурыць вось гэты міт, што паэты і пісьменьнікі, як там сказана, паздавалі самі сябе

— Гэта адзіны момант у лісьце, які выклікае ў мяне ня сьмех. Я зараз якраз працую з дакумэнтамі ў тым кірунку, каб разбурыць вось гэты міт, што паэты і пісьменьнікі, як там сказана, паздавалі самі сябе. І бальшавікі дапамаглі толькі тым, што яны іх расстралялі пасьля даносаў.

Гэта такі страшны, несправядлівы і такі крыўдны міт, які прапагандуецца і насаджваецца — што не было ніякіх рэпрэсій, а былі толькі даносы адзін на аднаго і што яны самі сябе загналі ў гэтую пастку.

Цалкам зразумела, для чаго гэта робіцца. Гэта такі перавод стрэлак. І тое, што гэты міт зноў пачынае гучаць, нават прыкрываючыся Міністэрствам адукацыі, — гэта вельмі небясьпечна для нас усіх. Таму тут жарты жартамі, але вось гэты момант трэба неяк праясьняць. А значыць, трэба ўзмацніць адукацыйную, асьветніцкую працу. Трэба гэтым людзям патлумачыць, што было насамрэч. Знайсьці нейкія да іх падыходы. Бо мне шкада тых людзей, якія знаходзяцца ў пастцы гэтага міту.

— У лісьце гаворыцца, што, маўляў, падборка аўтараў, прапанаваных да ўключэньня ў праграму, фармавалася «ў піку палітычным поглядам міністра адукацыі».

— Я ня ведаю, што гэта азначае. Па-першае, я ня ведаю поглядаў міністра адукацыі, мы зь ім ніколі не размаўлялі. І я зусім не разумею, дзе погляды Алеся Дудара ці Ўладзімера Жылкі ня тое што «ў піку», а дзе яны сутыкаюцца, перакрэсьліваюцца з поглядамі сучаснага міністра, які жыве 100 гадоў пасьля. Бо Дудар быў камсамольцам, Кляшторны быў камсамольцам і ваяваў у Чырвонай арміі, Міхась Зарэцкі быў камуністам. То чаму ў піку? Гэтыя людзі, асабліва ў першыя гады сваёй творчасьці, стаялі абсалютна на тым жа грунце, на якім, як я думаю, напэўна, стаіць міністар адукацыі, які належаў да кампартыі. Гэта зусім аднолькавыя погляды, калі ўжо так казаць.

— Але ці можа, як вынікае зь ліста, Міністэрства адукацыі апэраваць нейкімі палітычнымі поглядамі міністра пры абмеркаваньні школьнай праграмы? Ці сам міністар?

Гэты ліст з шэрагу — пракоціць, значыць, пракоціць. А калі не пракоціць, то няма з каго спытацца

— Канечне, не. Дык ён жа імі і не апэруе. Гэта ж апэруюць гэтыя безыменныя людзі, якія нават не падпісалі гэты ліст. Там няма ні імя, ні пасады. Гэты ліст з шэрагу — пракоціць, значыць, пракоціць. А калі не пракоціць, то няма з каго спытацца. Таму гэта такая дыскрэдытацыя ўсіх тых, хто працуе ў міністэрстве. Я ня ведаю, як зараз будуць глядзець у вочы ўсім астатнім людзі, якія там насамрэч паважаныя, якія ведаюць літаратуру і гісторыю. І там такія людзі ёсьць.

— Мінадукацыі піша, што верш «Пахне чабор» не выключаўся са школьнай праграмы.

— Гэта месца зь ліста, якое абнадзейвае. Значыць, яны гэты верш ціхенька назад уключаць. Канечне, перад тым як пісаць ліст, я праверыла праграму, каляндарна-тэматычнае плянаваньне, зьвярнулася да настаўнікаў беларускай літаратуры, бо я выкладаю рускую. Я пісала не беспадстаўна. Але я думаю, што магчымасьці ёсьць. І калі сёньня «Пахне чабор» ціхенька, але вернецца ва ўсе гэтыя месцы, я буду толькі шчасьлівая.

Настаўніца расейскай мовы заклікала Міністэрства адукацыі перагледзець праграму па беларускай літаратуры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG