З савецкіх падводнікаў у беларускія пісьменьнікі. Гісторыя Паўла Ляхновіча

Павал Ляхновіч

Павал Ляхновіч

Савецкі афіцэр ВМФ Павал Ляхновіч стаяў каля вытокаў Беларускага народнага фронту, быў сябрам «Белага легіёну» і стаў беларускамоўным пісьменьнікам.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь ляўрэатам грамадзкай Берасьцейскай мядовай літаратурнай прэміі Паўлам Ляхновічам. Былы афіцэр, штурман атамнай падводнай лодкі ня страціў беларускага патрыятызму і называе сябе «беларускім нацыяналістам».

З Ракава — у Баку

«У дзяцінстве (жыў на Ракаўшчыне і ў Ракаве) марыў стаць і клоўнам, і касманаўтам, і афіцэрам, што потым спраўдзілася. Афіцэрам — таму што ў іх пісталет ёсьць, а мне хацелася зброю. Галоўныя ж гульні былі ў дзяцінстве — у вайну... Я люблю зброю да гэтага часу. Займаюся паляваньнем, звычайным і падводным. Мае продкі і па бацьку, і па маці — усе палявалі.

Павал Ляхновіч — пісьменьнік і паляўнічы

Павал Ляхновіч — пісьменьнік і паляўнічы

Пра мора ня марыў. Гэта ўсё атрымалася спантанна. Сябар паступіў у Чарнігаўскую лётную вучэльню, і я вырашыў да яго ісьці. Але ў прызыўной камісіі прызналі маё здароўе недастаткова дасканалым, каб быць лётчыкам. Хаця ўжо і боксам займаўся. Але сказалі, што ва ўсе астатнія войскі — можна. Ну, і літаральна за 40 сэкундаў вырашыў у маракі ісьці. Мяне заўсёды прыцягвала нешта не зусім звычайнае.

Павал Ляхновіч пасьля выйгрышу накаўтам бою за званьне чэмпіёна Азэрбайджана па боксе. 1975 год

Павал Ляхновіч пасьля выйгрышу накаўтам бою за званьне чэмпіёна Азэрбайджана па боксе. 1975 год

Паехаў у Азэрбайджан, у Касьпійскую вышэйшую ваенна-марскую вучэльню. Паступіў на штурманскі факультэт».

«Я тваю мову разумею, а ты маю — не»

«У часе вучобы ў Баку я ўпершыню па-сапраўднаму адчуў сябе беларусам, сваю беларускую ідэнтычнасьць. Падручнікі ў тыя часы ва ўсім Савецкім саюзе былі аднолькавыя, проста перакладзеныя на розныя мовы. Мая школа ў Ракаве тады была беларускамоўная, ну і ў вучэльні падчас іспытаў рыхтаваўся я па сваіх беларускамоўных падручніках. І сябар, рускі бакінец, папрасіў мяне падаць падручнік, здаецца, па фізыцы, ці матэматыцы. Я яму кідаю на ложак выпадкова мой беларускамоўны падручнік, ён бярэ, бо бачыць знаёмую вокладку. Раскрывае і кажа: „Што ты мне даў?! Я тут нічога не разумею“. А я тады зьдзівіўся, чаго гэта, маўляў, я ж тваю мову разумею, а ты маю — не... А ён мне: „Ні слова ні разумею, і чытаць не магу“.

У кампутары — успаміны пра мараходзтва

Пакуль жыў у Беларусі, у мяне практычна не было зносінаў зь людзьмі іншых нацыянальнасьцяў, а ў часе вучобы іх было вельмі шмат. Туды ехалі якраз гэтак званыя „іншародцы“, і расейцаў было меней, чым у іншых марскіх вучэльнях. Былі казахі, татары, башкіры, азэрбайджанцы, армяне, лезгіны, яўрэі, беларусы, украінцы — усіх не пералічыць...»

Беларус-падводнік, які расчараваўся ў былых калегах з-за падзеяў ва Ўкраіне

«Вучыцца было цікава, у часе практыкі хадзілі ў дальнія паходы, стажыраваліся на караблях. Пасьля пяцігадовага навучаньня — разьмеркаваньне на флёт. Скончыў з „чырвоным дыплёмам“, таму месца службы выбіраў сам. Я ўжо да гэтага часу вырашыў ісьці на атамныя падводныя лодкі і папрасіўся на Паўночны флёт. Пакуль вучыўся, вельмі настальгаваў па Беларусі, хацелася бліжэй быць, таму і абраў Паўночны. Падводныя лодкі былі і на Балтыцы, блізка ад Беларусі, але там не было атамных, толькі дызэльныя.

Павал Ляхновіч (зьлева) з афіцэрамі ў кают-кампаніі падводнай лодкі К-424

У 1977 годзе трапіў штурманам на самую „крутую“ па тых часах падводную лодку — К-424. Усе былі маладымі афіцэрамі. На падводным крэйсэры я праслужыў пяць гадоў, потым былі іншыя караблі, а апошнія чатыры гады службы правёў у першым вучэбным атрадзе ВМФ у Пінску. На падводнай лодцы ў стаж залічваецца дзень за два, а на надводных караблях дзень за паўтара. Атрымалася, што на пэнсію выйшаў у 36 гадоў.

Аднойчы сустракаўся з былымі саслужыўцамі ў Пецярбургу. Былі зносіны праз сацыяльныя сеткі, але зносіны гэтыя я зараз прыпыніў у сувязі з гэтымі падзеямі ва Ўкраіне. Ня хочацца ўжо сустракацца, бо сярод іх шмат расейцаў з імпэрскімі поглядамі. Балюча расчароўвацца ў людзях — калі некага любіш, а потым расчароўваешся праз шмат гадоў. Гэта я маю на ўвазе зьмену зносінаў з былымі калегамі з-за поглядаў на сытуацыю ва Ўкраіне».

Дзейны афіцэр — заснавальнік БНФ

Павал Ляхновіч на ўстаноўчым зьезьдзе БНФ у Вільні. 1989 год

«У 1988-м, калі ўтварыўся «Мартыралёг Беларусі» і абвясьцілі пра ўтварэньне Беларускага народнага фронту, мы з двума хлопцамі ў Пінску стварылі некалькі «суполак падтрымкі БНФ». Я тады яшчэ быў дзейным афіцэрам, таемную суполку ўтварыў і ў нашай часьці ў вучэльні. Дарэчы, на першым зьезьдзе БНФ у 1989 годзе нас было двое дзейных афіцэраў — я і Сяргей Чыслаў. Потым я быў і старшынём БНФ у Пінску.

Досыць шчыльна супрацоўнічаў зь «Белым легіёнам», паколькі сябраваў зь яго заснавальнікам Сяргеем Чыславам. Летнікі ладзілі, месяцамі жылі ў лесе, трэніраваліся, вывучалі гісторыю. Я лічу, гэта была вельмі карысная справа, і не разумею, чаму ўлады не падхапілі ідэю такой патрыятычнай спартовай арганізацыі, не дапамаглі. Гэта нашмат карысьней, чым тыя бээрэсэмаўцы, якія, я бачу, шукаюць нейкай выгады і ня маюць ніякай ідэі ў большасьці. Як толькі скончацца грошы, гэтыя людзі адразу прададуць свайго «патрона».

У часе здачы на «сталёвы барэт» адзін зь сябраў «Белага легіёну» атрымаў моцную траўму. Павал Ляхновіч аказвае першую дапамогу

Шлях да літаратуры

«Пісаць спрабаваў у дзяцінстве, дасылаў свае творы ў „Піянер Беларусі“. Іх, праўда, не друкавалі, але мне было прыемна, калі дасылалі з газэты адказы на прыгожых фірмовых блянках.

А рэальна пачаў друкавацца ўжо ў Пінску. Нехта зь сяброў перадаў адказнаму сакратару „Пінскага весніка“ некалькі маіх апавяданьняў. Я і ня думаў іх публікаваць, пісаў, бо адчуваў унутраную патрэбу, „для сябе, для сяброў“. Калі напачатку 90-х запрасілі працаваць у газэту „Пінскі веснік“, то, не вагаючыся, пагадзіўся.

Тады пачалі ажыцьцяўляцца мае дзіцячыя і пазьнейшыя мары друкавацца. Адна зь літаратурных старонак была запоўненая маімі кароткімі апавяданьнямі, якія пазьней увайшлі ў першую кніжачку „Пачатак сэзону“. Зь ёй і з адным перакладам з польскай я ўжо ўступаў у Саюз пісьменьнікаў».

Пра сёньняшні стан беларускай літаратуры і прызнаньне дзяржавай

«Сапраўдны творца (я ня маю на ўвазе сябе — я пра такіх, як сьветлай памяці Ніл Гілевіч або Васіль Быкаў) ня мае патрэбы ў гэтым дзяржаўным прызнаньні. Зараз ужо няма пісьменьнікаў са званьнем „народны“. Дзяржава ў нас узнагароджвае толькі халуёў ад літаратуры, гэта ўсё ў рэчышчы зьнішчэньня беларускага этнасу, зьнішчэньня беларускай культуры ды пашырэньня „русского мира“, які імкнецца нас асыміляваць і перарабіць. Ордэн Францішка Скарыны даюць Кіркораву! Хто такі Кіркораў? Увогуле — нішто як для нашай, так і для той жа расейскай культуры.

Беларуская літаратура па сваім абʼёме і якасьці зьяўляецца вялікай літаратурай. Нічым ня горшай і ня меншай за расейскую».

Павал Ляхновіч нарадзіўся ў 1954 годзе. Выдаў зборнікі апавяданьняў «Пачатак сэзону», «Золата князёўны», «Зялёны дуб». Апошнім часам шмат займаецца перакладамі з польскай. Друкуецца ў часопісах «Дзяслоў», «Абажур», «Тэрмапілы». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшлі яго аповесьць для дзяцей «Ігнась-чарадзей» і казка «Зорная Кася».

У 2007 годзе Павал Ляхновіч быў узнагароджаны прэміяй Янкі Маўра за твор для дзяцей. У 2016 годзе — грамадзкай Берасьцейскай мядовай літаратурнай прэміяй за 2015 год.