Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Ён адказвае на пытаньне, ці рыхтуецца Лукашэнка да перадачы ўлады, заяўляе, што для генэралаў грамадзянская супольнасьць — гэта альбо правакатары, альбо ворагі, і тлумачыць, чым Беларусі пагражае ірацыянальнасьць у расейскай палітыцы.
Цяперашняя ўлада і эвалюцыя — гэта два несумяшчальныя паняцьці
— Тэма магчымага рэфэрэндуму, магчымай зьмены Канстытуцыі даволі нечакана стала адной з самых гарачых у сацыяльных сетках і СМІ. Адной з падставаў сталі чыста фармальныя тлумачэньні Лідзіі Ярмошынай, які яна дала наконт магчымых тэрмінаў і ўмоваў правядзеньня рэфэрэндуму. Ці ёсьць у цяперашняга палітычнага рэжыму нейкія падставы меркаваць пра зьмены ў Канстытуцыю, то бок фактычна пра зьмену палітычнага ладу ў той ці іншай ступені? Ці не вядзе да яго нейкая эвалюцыя разьвіцьця гэтай уладнай сыстэмы?
— Мне падаецца, што цяперашняя ўлада і эвалюцыя — гэта два несумяшчальныя паняцьці. Адносна словаў Ярмошынай — пакуль не зразумела, ці яна казала гэта са сваёй ініцыятывы, ці проста адказвала на пытаньні журналістаў.
Што тычыцца рэфэрэндуму, то калі ўявіць, што ўлады сапраўды рыхтуюцца да мадыфікацыі палітычнай сыстэмы, то мне падаецца, што найбліжэйшыя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары адбудуцца па цяперашнім заканадаўстве, а далей ужо могуць быць пэўныя неспадзяванкі, можа адбыцца тая самая трансфармацыя. Але яна мае сэнс толькі ў адным выпадку — калі Аляксандар Лукашэнка рыхтуецца да таго, каб перадаць стырно дзяржаўнага кіраваньня некаму іншаму. Толькі ў гэтым выпадку, мне падаецца, ён можа пагадзіцца на сымбалічнае, непрынцыповае пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў.
— Паводле вашых назіраньняў і аналізу — ці рыхтуецца Лукашэнка да перадачы ўлады ў нейкай пэрспэктыве? Ці можна зь нейкіх супярэчлівых заяваў кіраўніка дзяржавы зрабіць выснову, што ён задумваецца пра перадачу ўладных паўнамоцтваў?
Праблема з такімі рэжымамі ў тым, што яны могуць і абваліцца, і пачаць трансфармавацца зьнянацку
— Праблема ў тым, што беларускі рэжым вельмі закрыты, і галоўная дзяржаўная таямніца — гэта стан здароўя кіраўніка краіны. Лукашэнка кажа пра такую магчымасьць ужо даволі працяглы час. Яшчэ ў 2011 годзе ён выказаўся ў тым пляне, што калі Беларуская АЭС пачне працаваць, ён ужо гэтым карыстацца ня будзе. У наступным годзе АЭС павінна запрацаваць, але Аляксандар Рыгоравіч, мабыць, пакуль застаецца з намі. Таму казаць упэўнена пра тое, што Лукашэнка рыхтуецца да перадачы ўлады, безумоўна, не выпадае. Праблема з такімі рэжымамі ў тым, што яны могуць і абваліцца, і пачаць трансфармавацца зьнянацку.
— Грамадзянская і журналісцкая супольнасьць актыўна абмяркоўвае тыя магчымыя зьмены, якія могуць быць унесеныя ў заканадаўства аб СМІ. Ці бачыце вы стратэгічны падыход у зацісканьні гаек у сфэры інфармацыі, ці гэта канкрэтнае рашэньне пад нейкую канкрэтную задачу?
— Гэта можа быць насамрэч і правакацыя, калі ўкідваюць нейкія жорсткія ініцыятывы, а потым выходзіць Лукашэнка, заяўляе: «Хто гэта ўсё напісаў?» і загадвае ўсё вярнуць. Па-другое, калі гэта не правакацыя (а мне менавіта так падаецца), то гэта азначае, што беларускія ўлады афіцыйна расьпісаліся ў сваёй няздатнасьці вярнуць кантроль над нацыянальным інфармацыйным полем інакш як праз рэпрэсіі. Далёка ня факт, што гэыя захады будуць пасьпяховымі і будуць мець нейкі станоўчы вынік для ўладаў. Гэта таксама прыкмета таго, што ўлады рыхтуюцца да вельмі сур’ёзных выклікаў і непрыемнасьцяў.
— Сярод камэнтароў, у тым ліку ад уласьнікаў розных сайтаў, гучаць і такія, што калі такія папраўкі будуць прынятыя, то яны пераключаць беларускіх спажыўцоў на расейскія сайты. Няўжо ўлады не разумеюць гэты аспэкт сваіх дзеяньняў?
Ня трэба перабольшваць інтэлектуальны ўзровень нашай улады
— Ня трэба перабольшваць інтэлектуальны ўзровень нашай улады. Мне падаецца, улады зразумеюць нешта тады, калі пачнуць губляць падаткі ад рэклямных бюджэтаў, якія генэруюць інтэрнэт-СМІ. Бо разам зь беларускімі наведнікамі ад іх уцякуць і беларускія рэклямадаўцы. Страх і адчуваньне ўласнай бездапаможнасьці, няздольнасьці супрацьстаяць вонкавым інфармацыйным уплывам можа засьцілаць вочы і падштурхоўваць да такіх ірацыянальных крокаў. Бо калі цяпер у іх ёсьць хоць нейкія рычагі ўплыву на нацыянальнае інфармацыйнае поле, то зь пераходам беларускіх наведнікаў на замежныя сайты яны страцяць нават тыя магчымасьці, якія маюць цяпер.
Кіраўніцтва Мінабароны ніякіх глыбокіх высноваў для сябе не зрабіла.
— Вы прадстаўляеце аналітычны праект Belarus Security Blog, які зьвяртае вялікую ўвагу акурат на праблемы бясьпекі — ваеннай, інфармацыйнай і гэтак далей. Беларусь увосень мінулага году ўзрушылі паведамленьні пра факты дзедаўшчыны ў беларускім войску. Як Міністэрства абароны рэагавала на крытыку, ці навучылася яно супрацоўнічаць з грамадзтвам? Ці вывучыла беларуская ўлада нейкія ўрокі пасьля гэтых трагедый?
— Па-першае, трэба адзначыць, што гаворку трэба весьці ўвогуле пра законнасьць і правапарадак ва ўсіх сілавых структурах, а ня толькі ў армейскім асяродзьдзі. Мне здаецца, што галоўная выснова, якую зрабіла Міністэрства абароны — трэба ўзмацніць кантроль, закруціць дысцыплінарныя гайкі. На нейкі час гэта можа даць свой вынік. Але без сур’ёзнай трансфармацыі культуры кіраваньня з боку камандаваньня, бязь зьменаў стаўленьня да жаўнераў не як да мабілізацыйнага рэсурсу, а як да грамадзянаў Беларусі — нічога ня зьменіцца.
На жаль, можна канстатаваць, што на сёньня кіраўніцтва Мінабароны ніякіх глыбокіх высноваў для сябе не зрабіла. І для іх цяпер галоўная мэта — дзякуючы ўзмацненьню кантролю паспрабаваць пазьбегнуць такіх нэгатыўных зьяваў у будучыні. А калі яны і будуць адбывацца — то проста ня даць ім агалоскі, прыхаваць.
Сказаць, што генэралітэт гатовы да супрацы з грамадзтвам — не выпадае. Для іх «грамадзтва» — гэта кішэнныя «салдацкія маці», якія нічым не займаюцца. І кішэнная вэтэранская арганізацыя Міністэрства абароны. Усе астатнія для іх — альбо правакатары, альбо ворагі, альбо людзі, на якіх ня варта зьвяртаць увагу. Але на самой справе гэта падаткаплатнікі, якія маюць права задаваць пытаньні і атрымліваць на іх адказы. Генэралы да гэтага не гатовыя.
«Можа скласьціся такая сытуацыя, калі Пуцін, дзеля таго каб насаліць Лукашэнку, можа пачаць канфрантацыю зь беларускім бокам»
— У Расеі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Нягледзячы на іхнюю фармальнасьць і перадвызначанасьць выніку, гэта пэўная вяха, пасьля якой Крэмль будзе карэктаваць сваю палітыку адносна афіцыйнага Менску. Як могуць разгортвацца адносіны з «новым» прэзыдэнтам Расеі?
— Па-першае, беларуская праблематыка для Крамля далёка ня ў першай дзясятцы...
— Можа, гэта нас і ратуе і павінна радаваць?
— Гэта, можа, і радавала б, калі б расейская замежная палітыка была рацыянальная і пасьлядоўная. Але расейская палітыка апошнім часам становіцца ўсё больш суб’ектыўнай, прытым суб’ектыўнай з гледзішча аднаго чалавека.
Наколькі вядома, у Пуціна ня вельмі добрыя асабістыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. І тут можа скласьціся такая сытуацыя, што Пуцін, дзеля таго каб насаліць Лукашэнку, можа пачаць канфрантацыю зь беларускім бокам, не патрэбную з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў Расеі. Такая пагроза заўсёды існуе.
Усьведамленьне таго, што пагроза расейскага ціску існуе і яна рэальная — можа быць штуршком, які і выклікаў ініцыяваньне зьменаў у заканадаўства аб СМІ. То бок улады рыхтуюцца да вялікіх праблемаў ужо ў найбліжэйшай будучыні.
— У адносінах Менску з Захадам цяпер наступіла пэўная «паўза» — падаецца, што бакі ня ведаюць, якія далей крокі рабіць. У чым тут праблема? Ці дасягнулі гэтыя адносіны сваёй столі, ці стаяць нейкія «чырвоныя сьцяжкі», якія стрымліваюць абодва бакі — альбо справа ў суб’ектыўных чыньніках?
Усе гэтыя легенды, што Расея нешта забараняе беларускаму кіраўніцтву, — гэта казкі
— Ніякіх чырвоных сьцяжкоў няма насамрэч. Усе гэтыя легенды, што Расея нешта забараняе беларускаму кіраўніцтву, — гэта казкі. Ёсьць «чырвоныя рысы», але яны хутчэй тычацца пытаньняў бясьпекі, а не праблемаў гандлёва-эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяньня з Захадам.
Праблема ў тым, што беларускі і заходні бакі размаўляюць на розных мовах. І ад пачатку нармалізацыі чаканьні вынікаў былі розныя. Беларусь чакала грошай, Захад чакаў паступовай лібэралізацыі палітычнай сыстэмы і рэжыму. Грошы не прыйшлі, бо заходнія інвэстары працуюць паводле сваіх правілаў і не залежаць у большасьці выпадкаў ад палітыкаў.
У Беларусі ж палітычнай лібэралізацыі таксама не назіраецца. Апошнія мясцовыя выбары сталі вялікім расчараваньнем для тых заходніх дыпляматаў, якія адказныя за стасункі зь Беларусьсю. І ёсьць расчараваньне з абодвух бакоў, якое яшчэ больш пагаршаецца суб’ектыўнай пазыцыяй літоўскай палітычнай эліты, якая шмат у чым блякуе беларуска-заходні дыялёг, і стаўленьнем заходніх вайскоўцаў, якія бачаць у Беларусі частку расейскай вайсковай машыны.
У беларускага боку ёсьць магчымасьці зьмяніць сытуацыю да лепшага, але пакуль не назіраецца палітычнай волі гэта рабіць.