На Ўльянаўскім палігоне Паліўна ў Расеі 12 сакавіка пачаліся батальённыя тактычныя вучэньні расейскіх паветрана-дэсантных войскаў і сіл спэцапэрацый узброеных сіл Беларусі. Вучэньні прысьвечаныя міратворчай тэматыцы.
Актыўная фаза сумесных вучэньняў пройдзе з 19 па 22 сакавіка. Вайскоўцы адпрацоўваюць спосабы выкананьня асабовым складам міратворчых задач, паведамляе Міністэрства абароны Беларусі
Таксама яны вывучаюць нормы міжнароднага гуманітарнага права і «папярэднюю падрыхтоўку да вядзеньня міратворчых апэрацый у сучасных умовах».
«Магчыма, рыхтуецца ўварваньне»
Паводле некаторых украінскіх СМІ, Расея і Беларусь, магчыма, рыхтуюць «міратворцаў» для ўварваньня на тэрыторыю акупаванага Данбасу. Маўляў, пакуль Украіна з заходнімі партнэрамі шырока і глыбока абмяркоўвае фармат міжнароднай міратворчай місіі на тэрыторыі акупаванага Данбасу, «Расея ўжо даўно ўсё вырашыла. Каб адпавядаць фармату, падцягнула Беларусь і стварыла свой «міжнародны фармат».
«Міністэрства абароны не камэнтуе домыслы»
Прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў у размове з карэспандэнтам Свабоды ня стаў камэнтаваць гэтыя выказваньні.
«Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь не камэнтуе домыслы. Што да міратворчай дзейнасьці, то ў Беларусі яна ажыцьцяўляецца строга ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Нікому ніякай пагрозы нашы вучэньні не прадстаўляюць паводле азначэньня».
«Раю зьвярнуцца да псыхіятра»
Кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што заявы пра магчымае ўварваньне «выходзяць за любыя межы».
«Для тых украінцаў, якія выказваюць такое меркаваньне, я параю зьвярнуцца да псыхіятра. Гэта адзіны мой камэнтар. Я разумею, што там вайна, што там складанае становішча, але гэта ўжо нейкі агульны псыхоз у іх пачаўся», — кажа экспэрт у пытаньнях бясьпекі.
Паводле яго, ульянаўская брыгада паветрана-дэсантных войскаў, якая знаходзіцца ў месцы вучэньняў, падрыхтаваная па стандартах міратворчай дзейнасьці ААН.
«Адпаведна і 103-я віцебская, у яе ёсьць міратворчая рота, якая, верагодна, адправіцца не на Данбас, а ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку», — кажа Паротнікаў.
Патрушаў сустрэўся з Засем
13 сакавіка, на другі дзень вучэньняў, адбылася сустрэча дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Станіслава Зася з сакратаром Савету бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі Мікалаем Патрушавым. Зась і Патрушаў абмеркавалі пытаньні супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі.