Пайшла з жыцьця Сьвятлана Мулявіна-Пенкіна — акторка, удава заснавальніка ансамблю «Песьняры», народнага артыста СССР Уладзімера Мулявіна.
Пра яе сьмерць стала вядома 20 кастрычніка. Па словах супрацоўнікаў Белдзяржфілярмоніі, у структуры, у якой працавала Мулявіна-Пенкіна, некалькі дзён яна не выходзіла на працу, не адказвала на тэлефанаваньні. Калегі і сын пачалі шукаць жанчыну і знайшлі яе памерлай на здымнай кватэры, у якой яна жыла апошні час. Дакладная дата і прычына сьмерці пакуль не вядомыя.
Сьвятлана Пенкіна нарадзілася 6 чэрвеня 1951 году. Скончыла Менскі тэатральна-мастацкі інстытут. Славу як акторка атрымала пасьля ролі Каці ў савецкім 13-сэрыйным тэлефільме «Блуканьне па пакутах» паводле аднайменнага раману Аляксея Талстога. У 1981 годзе выйшаў на экраны фільм «Беражыце жанчын», у якім Пенкіна сыграла адну з галоўных роляў.
У тым жа годзе Сьвятлана Пенкіна выйшла замуж за мастацкага кіраўніка ВІА «Песьняры» Ўладзімера Мулявіна, праз год у сям'і нарадзіўся сын Валер. Пасьля замужжа актрыса зьнялася ў двух фільмах у эпізадычных ролях і завяршыла сваю кар'еру.
Пасьля сьмерці Мулявіна ў 2003 годзе ў Белдзяржфілярмоніі быў створаны музэй заснавальніка «Песьняроў», дырэктарам якога працавала Сьвятлана Мулявіна-Пенкіна.