Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культура як галіна народнай гаспадаркі


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Сяргей Дубавец, Валер Карбалевіч, Ян Максімюк.

Чаму абвешчаны ўладамі год культуры пачаўся з наступу на культуру?


Дубавец: Адказ на пытаньне наконт культуры вельмі кароткі: маразм крапчаў. Першымі пра год культуры даведаліся газэта «Культура» і часопіс «Мастацтва» — ім спынілі дамову арэнды, а гэта азначае тое самае, што закрыцьцё гэтых выданьняў. Другім на год культуры атрымаў падарунак Уладзімер Мулявін, якому сёлета спаўняецца акурат 75 гадоў: на Менскім моры зьнесьлі лецішча песьняра, дзе ён складаў свае творы. Гэта мог бы быць выдатны аб’ект турызму, таму што Мулявіна ведаюць усе, вельмі многія захапляюцца ім. Трэцяй акцыяй году культуры было апушчэньне першай сталіцы Беларусі, старадаўняга Полацку, да ўзроўню райцэнтру. Полацак слаўны сваімі кніжнымі традыцыямі, а налета мы будзем адзначаць пяцісотыя ўгодкі першай беларускай друкаванай кнігі.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Былі ў праграме году культуры таксама падзеі бягучыя, напрыклад, сёлетні міжнародны кніжны кірмаш абышоўся без удзелу беларускай Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Сусьветнага прызнаньня Беларусі ў галіне літаратуры бюракраты не ацанілі. Ёсьць і падзеі, якія толькі будуць набіраць свой абарот, вось-вось запрацуе закон аб дармаедах, якія, я не сумняюся, з асаблівай асалодай будуць ужываць супраць пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў. Беларускі калектыўны «ананіч» адарвецца па поўнай праграме.

Але гэта хіба невялікі пералік таго, што чакае нас у год культуры. Не мінула двух месяцаў, а наступ чынавенства на беларускую культуру можна ўжо назваць беспрэцэдэнтным. Хоць, падумаўшы, я ўзгадваю прэцэдэнт: 30 гадоў таму у часы позьняга БССР, калі чынавенства вельмі падобна да сёньняшняй сытуацыі адчула сваю беспакаранасьць і наступала на творчасьць, а чым гэта скончылася вы добра ведаеце. Як па мне, абвастрэньне чынавенскага маразму прадказвае канец гэтай уладнай сыстэмы. У яе няма пэрспэктывы.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: За абвяшчэньнем гэтага году годам культуры ў рэальнасьці нічога не стаіць. Гэта звычайны бюракратычны рытуал. Калі казаць пра культурную палітыку, то культуры надаецца нашмат менш увагі, чым, напрыклад, спорту. Хакею, у першую чаргу. Усё вельмі моцна залежыць ад пазыцыі кіраўніка дзяржавы, бо ні сам Лукашэнка, ні чыноўнікі не разумеюць самакаштоўнасьць мастацтва. Як у савецкія часы, культура ўспрымаецца імі чыста ўтылітарна, як галіна народнай гаспадаркі. Як казаў Лукашэнка на адмысловай нарадзе 2011-га году, нацыянальную культуру мы разглядаем як важнейшы стратэгічны рэсурс дзяржавы. То бок культура бачыцца ім не як сацыяльны фэномэн, а усяго толькі рэсурс нароўні з ваенным, фінансавым і іншымі. Яны разглядаюць культуру як інструмэнт у руках дзяржавы па правільным выхаваньні народу ў рэчышчы апошніх палітычных установак. Вельмі прымітыўнае ўяўленьне. Як вынік, незалежная культура заганяецца ў андэграўнд. Можна згадаць пра стаўленьне да сучасных музычных гуртоў ці да Сьвятланы Алексіевіч.

Ян Максімюк
Ян Максімюк

Максімюк: У мінулым месяцы ў чэскіх СМІ прамільгнула інфармацыя, што з міністрам культуры Чэхіі Даніэлам Германам сустрэўся амбасадар Беларусі Валер Кардзюкоў, які выказаў зацікаўленасьць у беларуска-чэскім культурным супрацоўніцтве. Кантакты па афіцыйнай лініі і паміж мастакамі абодвух краін адбываюцца рэдка. Міністар Герман зрабіў такую заўвагу: сфэра культуры ў Чэхіі цалкам дэцэнтралізаваная, і ў выпадку зацікаўленасьці беларускі бок можа камунікаваць з чэскімі культурнымі ўстановамі наўпрост, без пасярэдніцтва Міністэрства культуры. Гэта ня значыць, што дзяржава ня мае дачыненьня да сфэры культуры — натуральна, дзяржава фінансуе і мерапрыемствы, і ўстановы, такія як Нацыянальны тэатар, Нацыянальны музэй, Нацыянальная бібліятэка ці Нацыянальная галерэя. Ва Ўсходняй Эўропе прывыклі думаць, што культура рэглямэнтуецца дзяржавай, а ўжо ў другую чаргу, што культура — патрэба індывідуальная.

Таму і ўзровень культуры мы найперш вымяраем тым, што робіць дзяржава. Існуюць краіны, дзе наогул няма Міністэрства культуры і такога паняцьця як культурная палітыка. За 18 гадоў, што я жыву ў Празе, я разы два бачыў, каб прыяжджаў беларускі тэатар, падтрымліваны дзяржавай. А вось з беларускай незалежнай культурай кантакты адбываюцца штогод. Для незалежнай культуры ня трэба нічога абвяшчаць, для яе год культуры трывае ўвесь час.

Дубавец: А вось ці можа ў Чэхіі праводзіцца год культуры?

Максімюк: Няма такой патрэбы, чэхі такога не праводзяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG