Падазраваныя ў забойстве Алманбета Анапіяева Айбек Абдразакаў і Рустам Сайдуев знаходзяцца ў Беларусі пад іншымі імёнамі. Гэтыя асобы набліжаныя да Джаныша Бакіева, брата экс-прэздэынта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які жыве ў Беларусі.
Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Бішкеку адвакат Кайрат Загібаеў, які абараняе інтарэсы Гулжыгіта Абілазізава, сьведкі па справе аб забойстве Алманбета Анапіяева.
Адвакат сказаў, што Абдразакаў зьмяніў імя на Айдзін Адылаў, а Сайдуеў — на Дзяменцьева Аляксандра Раманавіча.
Паводле АКИpress, Абдразакаў і Сайдуеў маюць пашпарты грамадзянаў Беларусі на вышэйназваныя імёны.
Прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў асудзіў беларускія ўлады за тое, што яны даюць прытулак у сваёй краіне небясьпечным злачынцам. У сувязі зь нядаўнім забойствам у Менску крымінальнага аўтарытэта Анапіяева, якое, на думку кіргіскіх уладаў, учыніў брат былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева, Атамбаеў пытаецца:
«Колькі яшчэ людзей мусяць быць забітыя, перш чым беларускія ўлады ўрэшце зразумеюць, якую небясьпеку яны ствараюць для свайго ўласнага народу?»
Міністэрства замежных справаў Кіргізстану выступіла з заявай, у якой асудзіла Беларусь за хаваньне на сваёй тэрыторыі людзей з клану Бакіева.
Міністэрства ўнутраных справаў Кіргізстану ўчора пашырыла відэа, на якім меркаваны сьведка забойства ў Менску называе Джаныша Бакіева галоўным арганізатарам гэтага злачынства.
19 красавіка 2010 году адхілены ад улады прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў разам з сям’ёй прыбыў у Менск па асабістым запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі.
8 траўня таго ж году Бакіеў быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу, як саўдзельнік ў масавых забойствах. У 2012 Ваенны суд Кіргізстану прызнаў Курманбека Бакіева вінаватым і прызначыў пакараньне — 24 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.