Цуды ўсё ж здараюцца. І здараюцца там, дзе патрабуецца ўратаваць чалавецтва ад поўнай зьняверы. Вось і ў Беларусі з 1991 па 1994 год доўжыўся цуд. Упершыню ў гісторыі на беларускай зямлі кіравала беларуская ўлада. Чым яна засьведчыла сваю беларускасьць? Ну так: зацьвердзіла гістарычную сымболіку, прыняла Канстытуцыю, якая насамрэч адпавядала нацыянальным інтарэсам, урэшце, сама загаварыла па-беларуску. А яшчэ — надала званьне Народнага паэта Рыгору Барадуліну. Неяк я загаварыў пра гэта са Станіславам Шушкевічам, і ён сказаў, што Барадулін для яго «вялікі паэт і сьвяты чалавек» і што тою пастановаю Вярхоўны Савет проста замацаваў відавочнае — Барадулін і без усякіх званьняў народны.
За савецкім часам стварыўся стэрэатып, як ні дзіўна, жывы і па сёньня, паводле якога беларуская літаратура — пераважна патрыярхальна-вясковая, яе героі ледзь ня ўсё ХХ стагодзьдзе аборай хлеб кроілі. Гэта, вядома ж, ня так. У процівагу я мог бы прывесьці дзясяткі імёнаў і сотні твораў. Але дастаткова назваць аднаго Барадуліна, у чыёй творчасьці адлюстравалася ўсё наша шматпраяўнае беларускае быцьцё. Паводле якасьці і колькасьці зробленага, паводле сваёй мэтафорыкі і вобразатворчасьці ён папросту ня мае сабе роўных. Хоць раўнялі неаднойчы і яго. Як усіх.
Доўгі час Барадуліна запіхвалі ў шэраг гэтак званага філялягічнага пакаленьня, пазьней вобразна названага пакаленьнем, апаленым вайной. Але Барадулін не становіцца ні ў які шэраг, як ты яго ні стаў. Можна, вядома, уявіць яго ў нейкім пачэсным арэапагу разам з творцамі-равесьнікамі, зь якімі ён сябраваў. З заглыбленым у гісторыю жыцьцялюбам Караткевічам, які сваімі творамі прышчапіў жыцьцялюбства ўсяму народу. З далікатным і тонкім знаўцам душы чалавечай Стральцовым. З пажыцьцёва задзірыстым (нават на чыноўніцкіх пасадах) Бураўкіным. І ўсё ж Барадулін — ня ў шэрагу, ён сам па сабе, як той зубр-адзінец. Дарэчы, бескампрамісная Ларыса Геніюш яго так і называла: «Барадулька мая харошая, шляхотны пабраціме зубра барадатага».
Сам па сабе, але — з народам. Калі ў свой час выйшаў знакаміты зборнік «Здубавецьця», я наўпрост спытаўся ў паэта: ці ўсё там народнае, ці вы трошкі і свайго дадалі? Адказ быў даволі ўхілісты, і я зразумеў, што нават ня трошкі. Тое самае, думаю, адбылося і з кнігай «Вушацкі словазбор». Дадумваць за народ — Барадулін меў такое права.
Гэта немагчыма высьветліць і ўдакладніць, але ў кожнай народнай прыказкі ёсьць канкрэтны аўтар. Часта яна — мастацкі мінітвор, часам нават рыфмаваны:
«памёр багатыр — за ім ідзе ўвесь мір,
а памёр худачок — ідуць поп ды дзячок»;
«хваліўся старац, што перажыў марац,
ажно ў ма́ю — нясуць яго да гаю»;
«буду недаткнёнкаю са сваёй даёнкаю».
Хто аўтар гэтых выслоўяў? Нехта ж пусьціў іх у сьвет, а народ узяў, як кажуць, на ўзбраеньне, штосьці дадаўшы. Так і Барадулін часам пісаў у суаўтарстве з народам. І гэта ёсьць найвышэйшы пілятаж для паэта. Перачытайце, скажам, барадулінскі паэтычны цыкль «Бяроза зь лістам гаварыла», прысьвечаны памяці маці — Куліны Андрэеўны. «Грабовыя дошкі сьціснулі ножкі, сырая зямля на сэрца лягла» — гэта фальклёр ці гэта Барадулін? Пытаньне для будучага Інстытуту барадуліназнаўства, які калісьці абавязкова зьявіцца ў Беларусі.
Год таму на разьвітаньні з паэтам у Чырвоным касьцёле я чуў: Барадулін — вялікі паэт, гонар нацыі, чаму вырашана пахаваць яго ў Вушачах? Менавіта ў Вушачах. Па-першае, каля мамы, як ён сам наказваў. Па-другое, выпраўляючыся ў паломніцтва да сьвятыні, чалавек мусіць пераадолець пэўны шлях. Як пераадольваюць яго людзі, кіруючыся ў Сьвятыя Горы да Пушкіна ці ў Зэльву да Ларысы Геніюш. Так будуць ісьці і ехаць у Вушачы — да Барадуліна.
Гэта неабходна нарэшце ўцяміць і мясцоваму начальству. Прыкра ўспамінаць той факт, што ў вушацкай раённай кнізе «Памяць» біяграфія Барадуліна даецца толькі да 1986 году. І гэта пры тым, што «Памяць» тая бяспамятная выйшла ў 2003-м! Ажно 17 гадоў актыўнага — творчага і грамадзкага — жыцьця паэта падаліся камусьці крамольнымі. Начальства, відаць, пакуль не зразумела: Вушачы — гэта не яны, дачасьнікі, і не сцэнзураваная «Памяць». Вушачы — гэта Барадулін. І ўжо навечна.
Начальства, відаць, пакуль не зразумела: Вушачы — гэта не яны, дачасьнікі, і не сцэнзураваная «Памяць». Вушачы — гэта Барадулін. І ўжо навечна.
Раней я лічыў, што геній — азначэньне пасьмяротнае. Геніі так рэдка сустракаюцца на зямлі, што ў прысутнасьць іхнюю боязна паверыць. Тым болей боязна паверыць у гэта нашаму наскрозь скептычнаму грамадзтву. І ўсё ж шмат для каго даўно было ясна як божы дзень: Рыгор Барадулін — геній, які жыве побач з намі. Але — і гэта вельмі істотна — яго геніяльнасьць нікому не перашкаджала.
Дваццаць гадоў ён быў для мяне дзядзькам Рыгорам (ягоная просьба — называць менавіта так), ад яго ў любую хвіліну можна было пачуць чарговы досьціп, вершаваны экспромт, літаратурную показку, якія сыпаліся як з чарадзейнага рога ці бяздоннага меха. Нездарма Сяргей Шапран кнігу сваіх гутарак з паэтам так і назваў — «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным». І гэткі «сам-насамны» Рыгор Барадулін ёсьць у кожнага з нас.
Аднойчы дзядзька Рыгор па тэлефоне папрасіў пашукаць для яго лекі (у аптэцы паблізу ягонага дому такіх не было). Я зрыхтаваўся запісаць мудрагелістую лацінскую назву, але пачуў у слухаўцы — «Лірыка». Падумаў, што паэт жартуе. Аказалася, пілюлі пад назвай Lyrica сапраўды існуюць, і ветлівая аптэкарка неўзабаве расказала мне пра іх эфэктыўнасьць.
Эфэктыўныя лекі — і барадулінская лірыка. Дык прымайма яе як мага часьцей.