28 ліпеня судзьдзя Лоеўскага раённага суду Антаніна Музычэнка пастанавіла аштрафаваць гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага на тры базавыя велічыні (63 рублі) на падставе пратаколу аб дробным хуліганстве.
Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які прысутнічаў на папярэднім паседжаньні суду ў Лоеве, падчас прагляду відэазапісу інцыдэнту з фрылансэрам, зафіксаваным міліцэйскай камэрай назіраньня, так камэнтуе пакараньне:
«Думаю, што судзьдзя сама ня ўпэўненая ў тым правапарушэньні, у якім міліцыя абвінаваціла Жукоўскага. Відэазапіс дакладна паказвае, што Жукоўскі не хуліганіў. Там ёсьць некаторыя прыкметы непадпарадкаваньня, але хуліганства дакладна няма».
У чэрвені лоеўская міліцыя затрымала Кастуся Жукоўскага разам з фрылансэрам Аляксеем Атрошчанкам, калі тыя здымалі на відэа заняпалы камбінат будаўнічых матэрыялаў.
Разьбірацца з фрылансэрамі, якія рабілі відэаздымкі камбінату, спачатку прыехалі намесьніца старшыні па ідэалёгіі Лоеўскага райвыканкаму Натальля Кавурава і кіраўніца спраў райвыканкаму Ірына Пастухова. Неўзабаве прыбылі яшчэ двое супрацоўнікаў ДАІ, бо Жукоўскі з Атрошчанкам прыехалі ў Лоеў на прыватным легкавіку.
А яшчэ праз колькі часу да камбінату прымчаў на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі начальнік РАУС Уладзімер Бухаўцоў, запатрабаваўшы «спыніць незаконныя відэаздымкі».
Лоеўская міліцыя выстаўляе фрылансэра Жукоўскага хуліганам
Фрылансэраў затрымалі, прывезьлі ў райаддзел міліцыі. Міліцыянты беспадстаўна ўжывалі гвалт у дачыненьні да Жукоўскага, нанесьлі цялесныя пашкоджаньні. Фрылансэр з гэтай прычыны напісаў заяву ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, які яшчэ не завяршыў праверку.
У сваю чаргу, міліцыя склала ў дачыненьні да затрыманых журналістаў-фрылансэраў шэсьць адміністрацыйных пратаколаў, асабіста ў дачыненьні да Жукоўскага — чатыры: яму інкрымінавалі хуліганства, абразу чыноўніц райвыканкаму, непадпарадкаваньне і абразу першага намесьніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары.
Судзьдзя Антаніна Музычэнка тры пратаколы вярнула ў міліцыю на дапрацоўку, а на падставе чацьвёртага, складзенага паводле артыкула 17.1 КаАП, вынесла Жукоўскаму мінімальны штраф.
Тым ня менш Кастусь Жукоўскі наважаны абскардзіць гэты штраф у абласным судзе.