Славуты мурал на сьцяне страўні Keulė Rūkė ў Вільні аднавілі пасьля пашкоджаньня вандаламі. Калі раней на выяве Ўладзімер Пуцін і Дональд Трамп цалаваліся, цяпер адзін прыкурвае ў іншага нешта, падобнае ці то да цыгарэты, ці то да скруткі з наркатычнымі рэчывамі.
«Гэта ўдых свабоды», — патлумачыў Delfi суаўтар мурала Міндаўгас Банану. Паводле яго словаў, Трамп удыхае ў Пуціна «адчуваньне свабоды».
Уладальнік страўні Дамінікас Чэчкаўскас жа заяўляе, што на выяве менавіта скрутка марыхуаны, забароненай «без усялякай рацыянальнай падставы».
Пашкоджаньні вандалаў, якія замазалі папярэдні варыянт мурала, Чэчкаўскас называў «тэрарыстычнай атакай на свабоду слова ў Літве». Ён кажа, што гатовы і да наступных атакаў вандалаў: калі гэта адбудзецца, «зьявіцца яшчэ адна вестка для грамадзтва».