Пуцін «мае вельмі моцны кантроль над краінай», сказаў Трамп 7 верасьня на амэрыканскім тэлеканале NBC.
«Гэта зусім іншая сыстэма, і мне не падабаецца гэтая сыстэма. Але, вядома, у гэтай сыстэме ён ёсьць лідэрам значна ў большай ступені, чым наш прэзыдэнт зьяўляецца лідэрам», — сказаў Трамп і дадаў, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам павінен мець «вельмі добрыя дачыненьні з Пуціным і Расеяй».
Рэспубліканскі кандыдат таксама дадаў, што Масква, на ягоную думку, гэтаксама як і Вашынгтон, імкнецца зьнішчыць групоўку «Ісламская дзяржава».
У ЗША Трампа неаднаразова крытыкавалі за яго добразычлівае стаўленьне да Пуціна ды іншых аўтарытарных лідэраў. Трамп заявіў, што яму прыемна чуць камплімэнты ад расейскага лідэра, і калі Пуцін «кажа добра пра мяне, я гатовы добра казаць пра яго».