«Лепей бы даў Героя Ўкраіны», — маці Жызьнеўскага пра кветкі Парашэнкі

Ukraine - Petro Poroshenko and is wife lay flowers at the grave of Mikhail Zhyzneuski, 20Jan2016

Прэзыдэнт Украіны ўсклаў кветкі да помніка Міхаілу Жызьнеўскаму і Сяргею Нігаяну. Маці Міхала згадвае, што званьне Героя Ўкраіны далі ўсім зь «Нябеснай сотні», акрамя трох замежнікаў.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай Марынай усклалі кветкі на помнікі Міхасю Жызьнеўскаму і Сяргею Нігаяну, якія сталі першымі ахвярамі падчас брутальных сутычак паміж удзельнікамі Майдану і «Беркутам». Пазьней іх назвалі героямі Нябеснай Сотні.

«Я стаўлюся да гэтага вельмі добра, як кажуць, і я рада, што ён прывёз кветкі, паклаў Мішу, — апавяла Свабодзе маці Міхала Жызьнеўскага Ніна Васільеўна. — Але яшчэ было б лепей, каб ён падпісаў Мішу званьне Героя Ўкраіны. Гэта быў бы найлепшы падарунак і Беларусі, і нам».

Ніна Жызьнеўская

Пасьля Рэвалюцыі годнасьці ахвярам Майдану, «Нябеснай сотні» пайменна было прысвоенае званьне Героя Ўкраіны. Не атрымалі яго толькі тры чалавекі зь «Нябеснай сотні» — Міхаіл Жызьнеўскі (Беларусь), Зураб Хурцыя (Грузія), Давід Кіпіяні (Грузія).

Прэс-сакратар Парашэнкі ў 2014-м тлумачыў, што гэтыя людзі — таксама героі, іх памяць ушаноўваецца, але ўкраінскі заканадаўца не прадугледзеў магчымасьці надаваць званьне Героя Ўкраіны замежнікам, таму ўсіх трох узнагародзяць ордэнамі Героя Нябеснай Сотні. Пад канец 2015 году зьявіўся законапраект у падтрымку званьня Героя Ўкраіны для Жызьнеўскага і іншых замежнікаў.

Сваякі Жызьнеўскага зьбяруцца ўшанаваць памяць Міхала праз два дні, у дзень сьмерці, у вёсцы Сьцяг Працы ў Гомельскім раёне, дадала Ніна Васільеўна:

«22-га а гадзіне дня будзем зьбірацца на могілках. Зь Менску абяцалі прыехаць на вялікім аўтобусе. Хто зможа, усе зьбяруцца».