Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Жызьнеўскі, рыцар Локі, які загінуў за Ўкраіну, каб жыла Беларусь


Міхаіл Жызьнеўскі
Міхаіл Жызьнеўскі

26.1.1988, Гомель — 22.1.2014, Кіеў, Украіна. Пахаваны ў в. Сьцяг Працы, Гомельскі раён.

Жыць дзеля высокай ідэі цяжэй, чым за яе памерці. Магчыма, я цалкам пагадзіўся б з такой думкаю, каб не адно «але». Гісторыя сьведчыць, што — каб жыла сама ідэя — за яе хтосьці павінен паміраць.

Гаворка пра свабоду.

Мы не былі знаёмыя зь Міхалам, хоць ён зь ягонай цікавасьцю да гісторыі і, у прыватнасьці, да рыцарства мог бываць на маіх сустрэчах з гомельскімі чытачамі.

Пасьля школы хлопец вучыўся на газазваршчыка, рэканструяваў сярэднявечныя панцыры ў рыцарскім клюбе, займаўся каратэ і... дапамагаў свайму духоўнаму настаўніку айцу Ўладзімеру падчас набажэнстваў у царкве. Міхал не хаваў плянаў пасьля службы ў войску пайсьці ў Жыровіцкі манастыр. Усё сьведчыла пра неардынарнасьць асобы і абяцала нешараговы лёс.

І раптам сямнаццацігадовы Міхал загадкава зьнік. Родныя спрабавалі знайсьці яго нават праз тэлеперадачу «Чакай мяне». Наконт таго, чаму ён пакінуў родны дом, існуюць розныя вэрсіі. Можа, я і памыляюся, думаючы, што юнак шукаў свой шлях. Або шлях — яго.

Але яны знайшлі адзін аднаго.

Бацькі даведаліся, што сын ва Ўкраіне. Міхал уступіў у вядомую радыкальную арганізацыю УНА-УНСО. Сябры кажуць, што Жызьнеўскі, які ў гонар героя скандынаўскай міталёгіі ўзяў сабе мянушку Локі, быў сапраўдным байцом, аднак ніколі не выкарыстоўваў сілу без патрэбы і меў абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. А яшчэ ўсе згадваюць, што была ў яго ўлюбёная ўкраінская песьня — «Гей, пливе кача по Тисині».

У падзеях украінскай рэвалюцыі, што застануцца ў гісторыі як Эўрамайдан, Міхал браў удзел ад першых дзён. Ён ахоўваў занятыя пратэстоўцамі будынкі, дзяжурыў у намётах, за адным разам зьбіраючы самую сьвежую інфармацыю для газэты «Соборна Київщина».

Пасьля жорсткага разгону і зьбіцьця студэнтаў сіламі спэцназу атмасфэра Майдану, якую раней параўноўвалі з карнавальнай, рэзка зьмянілася.

...Беларус Жызьнеўскі стаўся другой ахвяраю ў ліку тых, каго ўкраінцы назавуць «Нябеснай сотняй». На шасьцідзясяты дзень пратэстаў, у часе сутыкненьняў зь «Беркутам» на вуліцы Грушэўскага, куля снайпэра, прабіўшы драўляны шчыт, трапіла Міхалу ў сэрца.

Кіеў разьвітваўся зь ім на 26-ты дзень нараджэньня. Дзясяткі тысяч людзей прыйшлі на паніхіду ў Міхайлаўскі сабор. Сярод іх была ўкраінская сьпявачка, пераможца «Эўрабачаньня» Руслана, якая, паклаўшы на труну абразок, напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Людзей мора. Усе скандуюць: Герой!».

З сабору труну несьлі на руках — праз Майдан і Храшчацік, да барыкадаў на вуліцы Грушэўскага. Паэт і палітык Уладзімер Някляеў, які ішоў у жалобнай працэсіі, кажа пра 100 тысяч удзельнікаў, якія на сваім шляху раз-пораз пачыналі скандаваць: «Дзякуй, Беларусь!».

Пахаваньне Міхала Жызьнеўскага ў роднай беларускай зямлі сабрала блізу пяцідзесяці чалавек. Ягонае цела накрылі сьцягам УНА-УНСО, а труну — бел-чырвона-белым палотнішчам.

На першыя ўгодкі пачатку Эўрамайдану прэзыдэнт Пятро Парашэнка падпісаў указ аб наданьні палеглым удзельнікам рэвалюцыі званьня Героя Ўкраіны. Заканадаўства не дазволіла пасьмяротна ўганараваць гэтай узнагародай грамадзяніна іншай краіны Жызьнеўскага. Парашэнка асабіста ўручыў ягоным бацькам ордэн Героя Нябеснай Сотні.

Побач зь месцам гібелі Міхала адкрыты помнік. Пад вечна маладым абліччам героя высечаныя словы:

По серце в крові Україна.

По очі в сьлозах Білорусь...

Коли убивають сина —

Тоді оживае дух...

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

XS
SM
MD
LG