Крама Symbal.by пачала бясплатную раздачу значкоў «Ніколі зноў» зь лягатыпам, створаным украінскім дызайнэрам Сяргеем Мішакіным, і надпісам па-беларуску. Узяць значкі можна ў менскай краме на вуліцы Машэрава, 18, або замовіць праз пошту ці кур’ерскую дастаўку.
«Мы памятаем пра ахвяраў Другой усясьветнай вайны і ня хочам, каб такія трагедыі паўтараліся», — пішуць на сайце Symbal.by.
Заснавальнік Symbal.by Павал Белавус тлумачыць Свабодзе, што праблемаў з аўтарскім правам празь «пераклад» ня мусіць узьнікнуць: значкі не прадаюць, а раздаюць бясплатна. Аўтары сапраўды дазвалялі некамэрцыйнае выкарыстаньне сымболікі. У сховішчы Wikimedia выявы лягатыпу захаваныя пад ліцэнзіяй Public domain, гэта значыць, як не абароненыя аўтарскім правам.
Паводле Белавуса, ідэя зрабіць такія значкі ўзьнікла праз тое, што некаторыя беларусы і так насілі значкі і іншыя рэчы з «украінскай» сымболікай.
Ва Ўкраіне лягатып Сяргея Мішакіна шырока выкарыстоўваецца ад 2014 году. «Георгіеўская стужка», якую ў Расеі выкарыстоўваюць у гадавіну перамогі ў Другой усясьветнай вайне, ва Ўкраіне забароненая ад 2017 году, бо стала «сымбалем агрэсіі Расеі супраць Украіны».
У Беларусі ўлады фактычна адмовіліся ад «георгіеўскай стужкі» ад 2014 году, рэкамэндуюць яе не выкарыстоўваць, а замест іх выкарыстоўваюць чырвона-зялёныя стужкі са стылізаванай кветкай яблыні.