Паранены валянтэр Валеры Макееў сто дзён правёў у палоне сэпаратыстаў. У размове з Радыё Свабода ён апавядае, колькі плацяць сэпаратыстам, як за самаабвешчаныя рэспублікі ваююць чачэнцы і асэтыны і што за здачу пазыцый вайскоўцам прапаноўваюць мільёны даляраў.
Нягледзячы на зьніжэньне ваеннай актыўнасьці на ўсходзе Ўкраіны, застаецца няпэўным далейшы лёс некалькіх сотняў украінскіх палонных. Іх вызваленьнем заклапочаныя палітыкі і праваабаронцы, але высілкі зачастую ня маюць плёну — сэпаратысты выстаўляюць непрымальныя ўмовы абмену. Адзін з валянтэраў, які шукае зьніклых салдат па сутарэньнях Данбасу, — юрыст Валеры Макееў. У адной з паездак за лінію фронту сам трапіў у рукі сэпаратыстаў, быў паранены і наступныя 100 дзён адпакутаваў у палоне.
Уласныя турмы маюць ня толькі рэгулярныя падразьдзяленьні, а нават казакі
Пытаньнямі абмену і вызваленьня палонных Нацыянальнай гвардыі і добраахвотнікаў Валеры Макееў займаецца ад пачатку ваенных дзеяньняў на мяцежных тэрыторыях. Летась у жніўні адна са спробаў дамовіцца з сэпаратыстамі завяршылася зусім ня так, як прадугледжвалася папярэднімі дамоўленасьцямі:
«Узялі ў палон з-за рознагалосьсяў саміх „міратворцаў“: адна група вырашыла так, другая — зусім інакш. Кіраўнікі з таго боку, ад самаабвешчанай ЛНР, запрасілі мяне забраць ваеннапалонных, а іншае падразьдзяленьне захацела гэтаму перашкодзіць, перахапілі — і ў выніку я правёў у палоне наступныя 100 дзён.
Ужо ня памятаю, якія дакладна журналісцкія саюзы, але зь іх падачы мяне прылічылі да журналістаў, хоць я ім і ня быў. Відаць, у пэўнай ступені гэта таксама дапамагло. Справа ў тым, што адной з умоваў вызваленьня ваеннапалонных было тое, што разам са мной прыедуць тры журналісты — два прадстаўнікі тэлеканалаў і адзін пішучы. Іх таксама затрымалі.
Але калі з пратэстамі пачалі выступаць журналісцкія аб’яднаньні з Расеі, Турэччыны, Польшчы, Баўгарыі, само сабой, Украіны — а на той час сярод затрыманых было сем журналістаў — усіх урэшце вызвалілі, уключна са мной. Таму мушу адпрацоўваць, за што журналістам я кажу асобны дзякуй: буду нешта пісаць, нешта гаварыць, бо такім чынам стаў як бы вашым калегам».
Пра месцазнаходжаньне Валера Макеева стала вядома толькі праз паўтара месяца, калі яму ўдалося затэлефанаваць жонцы і паведаміць, што ён утрымліваецца пад Ровенькамі на Луганшчыне. У падвал сьлясарнай майстэрні на плошчу 30 квадратных мэтраў уплішчылі больш за два дзясяткі чалавек. Самога Макеева баевікі абвінавацілі ў «зборы зьвестак пра пазыцыі войскаў ЛНР». Як кажа суразмоўца, гаварыць пра выкананьне канвэнцыяў аб гуманным абыходжаньні з ваеннапалоннымі не выпадае ні ў якім разе:
Асабліва цяжка ў першыя дні, калі туды трапляеш. Зьдзек, гвалт, запужваньне — гэта ў парадку рэчаў
«Асабліва цяжка ў першыя дні, калі туды трапляеш. Зьдзек, гвалт, запужваньне — гэта ў парадку рэчаў. Я сам нейкі час знаходзіўся ў шпіталі, і пераказваць падрабязнасьці лепш ня трэба.
Што тычыцца таго, дзе канцэнтрацыя палонных большая, дык гэта ўсё адносна. Кожны добраахвотны батальён — казакі, іншыя рэгулярныя ці нерэгулярныя падразьдзяленьні — кожны зь іх мае нешта сваё: нейкія падвалы, нейкія памяшканьні.
Потым, як клясыка, — гэта былыя будынкі СБУ ў Луганску, у Данецку. Гэта ўжо крыху лепшыя ўмовы, бо памяшканьні хоць неяк пад нешта прыстасаваныя. Бо там, дзе я быў першыя 50 дзён, адкуль нас нікуды не выпускалі і мы сядзелі зачыненыя, гэта проста падлога (маецца на ўвазе — зямля); увогуле ніякага намёку, прабачце, на нейкія выгоды. Раз на дзень кудысьці вывелі, каб ніхто ня бачыў, — і ўсё.
Цяпер я прынамсі ведаю, што матрац у палоне — гэта за шчасьце. І першае, што прасілі, калі зьявілася гуманітарнае „акно“, — матрацы, матрацы, матрацы. Уяўляеце, падушка нават не патрэбна, бо як ёсьць матрац, нешта пад ніз падклаў — і ўжо клясна, ужо вельмі шмат».
Асэтын у сем гадоў яшчэ чытаць ня ўмеў, а «Калашнікаў» ужо разьбіраў
Валеры Макееў канстатуе, што ўмовы ўтрыманьня ў сэпаратысцкіх турмах, у якія на хуткую руку пераабсталяваныя падвальныя памяшканьні розных установаў, нельга назваць чалавечымі нават з нацяжкай. Але асобная тэма — як абыходзяцца са зьняволенымі ўзброеныя да зубоў наглядчыкі:
«Самыя цяжкія моманты — калі цябе пачынаюць даводзіць да псыхозу. Напрыклад, выводзяць нібыта мяняць, а потым — раз, вярнулі. Другі раз — тое самае. Можна толькі ўявіць стан хлопцаў, якіх 4–6 месяцаў трымалі проста ў нечалавечых умовах.
Самыя цяжкія моманты — калі цябе пачынаюць даводзіць да псыхозу. Напрыклад, выводзяць нібыта мяняць, а потым — раз, вярнулі
Мне ў роспачы тэлефануюць іх мамы, а чым рэальна дапаможаш? Мы ў шпіталі ў Луганску ляжалі з двума Русланамі. Маці аднаго зь іх мне дзесьці месяц штодня званіла: маўляў, ты мне праўду скажы, я ж ведаю, што ён ужо нежывы. Мы сапраўды ад 27 сьнежня страцілі зь ім сувязь, ён проста зьнік, але пацьверджаньня сьмерці не было, таму працягвалі пошук. Працавалі, працавалі, дзесьці ўзялі ўпартасьцю, дзесьці пашчасьціла, але ён апынуўся ў абменных сьпісах, і яго вызвалілі.
А мама другога Руслана тэлефануе, плача: хлопцы, якія зь ім сядзелі, расказалі, што яго зь іншым „арыштантам“ з камэры вывелі, аднаго ў аўтобус саджаюць, а яго зноў назад. У Руслана гістэрыка, бо ён ужо чатыры месяцы адседзеў. Зрэшты, слова „адседзеў“ сюды ніяк не пасуе, бо з „клясычнай“ адседкай гэта нічога агульнага ня мае.
Са мной сядзелі „прафэсійныя“ зэкі, нават яны сказалі: дзень у сэпаратыстаў — гэта мінімум 10 дзён у нармальнай турме. Таму што ты ў стане пастаяннага стрэсу, які не спыняецца ні ўдзень ні ўначы. Ніякіх правілаў утрыманьня, якіхсьці зразумелых тэрмінаў папросту не існуе; хто ўтрымлівае, на якой падставе — нічога не зразумела».
Тыя, каму ўдалося вярнуцца на ўкраінскі бок зь перадавых пазыцыяў ці палону, расказваюць пра сапраўдны інтэрнацыянал, сабраны пад сьцягамі так званых ДНР і ЛНР. Найперш гэта тычыцца выхадцаў з Каўказу. Якая роля ў той вайне людзей прэзыдэнта Чачні Кадырава? Бо досыць пашырана меркаваньне, што найбольш лютуюць менавіта яны:
«Пэўна, нельга адназначна казаць, што лютуюць менавіта чачэнцы. Хоць тое падразьдзяленьне, якое спыняла мяне, было ўкамплектаванае пераважна людзьмі з Каўказу. Увогуле там вельмі заўважная розьніца, нават калі браць у настроях. Скажам, асэтыны нашмат больш жорсткія, чым нават чачэнцы.
Інгушы — гэта асобная тэма. Пабыўшы там нейкі час, рэальна адчуваеш, хто зь іх які, розьніца ёсьць. Візуальна сказаць — каго зь іх больш — досыць складана. Але шмат, бо адразу бачна, што хлопцы з Каўказу. Прыкладам, калі я ляжаў у шпіталі, сам пераканаўся ў сіле іхніх кроўных сувязяў. Як толькі адзін-два чалавекі з раненьнямі трапляюць, да іх цэлымі чародамі ідуць сябрукі. Пачуцьцё зямляцтва надзвычай моцнае.
Несумненна і тое, што воінамі яны нараджаюцца, прынамсі становяцца імі ад самага дзяцінства. Самі кажуць: я ў сем гадоў яшчэ чытаць-пісаць ня ўмеў, а „Калашнікаў“ ужо разьбіраў. Гэта сапраўды факт. Хто ў чым больш адзначыўся? Людзі, безумоўна, ведаюць, што такое вайна, і калі казаць пра нейкія спэцыфічныя моманты, то, дапусьцім, асэтыны выдатна ведаюць, што такое бізнэс на вайне. І гэта бачна абсалютна няўзброеным вокам».
«Сэпарам» плацяць у цьвёрдай валюце і ўдвая больш, чым байцам Нацгвардыі
Пабыўшы на тым баку, спадар Макееў пераканаўся, што вайна для сэпаратыстаў — справа нашмат больш прыбытковая, чым для тых жа ўкраінцаў. З улікам выезду ў зону антытэрарыстычнай апэрацыі салдат Нацыянальнай гвардыі мае ў эквіваленце менш за 200 даляраў на месяц, а спонсары апалчэнцаў плацяць сваім удвая больш і ў цьвёрдай валюце:
«На тым баку клясыка — гэта 400 даляраў. Да верасьня ў іх былі сур’ёзныя затрымкі з выплатай, фактычна за першыя 3–4 месяцы нічога не давалі, але да лістапада амаль усе завінавачанасьці закрылі. Дык вось іхнія салдаты маюць 400 даляраў, далей па ранжыры — вышэй. Адзіныя тарыфы па ўсіх падразьдзяленьнях, пры гэтым менавіта ў далярах.
Хіба што асобная песьня — гэта казакі, у іх ідзе свая, калі можна так сказаць, «нацыянальная надбаўка». Хоць час ад часу гавораць пра нейкія сумы ў расейскіх рублях, факт, што прызнаюцца толькі даляры. Яны ўжо на месцы мяняюць, перабіваюць у грыўні. Хачу сказаць, што для шахцёрскага краю, дзе ўсё стаіць, гэта проста шалёныя грошы, і трапіць сюды, так бы мовіць, «на працу» — за шчасьце. Там, прабачце, жэрці няма чаго, а тут кормяць, гэта вялікая рэч.
Дарэчы, што тычыцца небезьвядомых канвояў на КамАЗах, то калі мы там сядзелі, адчувалі, што нешта сапраўды падвозяць. Як толькі канвой прыходзіць, у нас зьяўлялася ежа — у сэнсе, пайкі большыя. Само сабой, гаворка не ідзе пра тушонку для палонных, але ўсё ж. Зрэшты, гэта асобная размова, каго і ў якой частцы забясьпечваюць тыя «гуманітарныя канвоі».
Раз-пораз у прэсе ўсплываюць зьвесткі пра карупцыю ва ўкраінскім войску, калі праціўніку прадаецца ня толькі сакрэтная інфармацыя, а і цэлыя пазыцыі. Ці так гэта? Валеры Макееў адказвае такім чынам:
Я асабіста сустракаўся з камбрыгам, і ён мне расказваў, што яму прапанавалі канкрэтную суму, вылічваецца ў мільёнах даляраў. Ён іх паслаў куды далей — да гэтага часу мост наш
«Магу казаць толькі на ўзроўні таго, наконт чаго абазнаны. Такія выпадкі, калі здалі за грошы, магчыма, і ёсьць, але афіцыйна яны не абнародаваныя. Асабіста я ведаю два выпадкі, калі на ўзроўні камбата, камбрыга сапраўды прапаноўваліся грошы. Прыкладам, пэўная вышыня каштуе 300 тысяч даляраў. Камбат кажа: не. На другі дзень прыяжджаюць ужо з новымі расцэнкамі — 400 тысяч. Той зноў адмаўляе і дадае: больш не прыяжджайце, бо расстраляю перамоўнікаў. На трэці дзень зноў зьяўляюцца, ён іх расстрэльвае. Яму тэлефануюць і ставяць перад фактам: цяпер будзе 500 тысяч, але за тваю галаву. Вось такія рэчы рэальна ёсьць, прынамсі, мне пра іх вядома.
Скажам, мост ля пасёлку Шчасьце пад Луганскам. Ён ключавы для абодвух бакоў, бо я цудоўна ведаю і Станіцу Луганскую, і Макараў, за якія вяліся жорсткія баі. Дык вось па сваёй важнасьці той мост гэткі ж, як Дэбальцава. Я асабіста сустракаўся з камбрыгам, і ён мне расказваў, што яму прапанавалі канкрэтную суму, вылічваецца ў мільёнах даляраў. Ён іх паслаў куды далей — да гэтага часу мост наш. Якія пытаньні? То бок — ён стаіць дагэтуль, а камбрыг кажа, што пакуль ён там, мы яго не аддадзім. І не аддасьць».
Вызвалілі «сьвежых» дэбальцаўскіх, але пакінулі «старых» ілавайскіх і кібаргаў
Як кажа Валеры Макееў, у турмах самаабвешчаных ДНР і ЛНР працягваюць утрымлівацца ўкраінскія ваеннапалонныя. Добра, што па гарачых сьлядах вызвалена сотня байцоў, захопленых прарасейскімі баевікамі ў «катле» пад Дэбальцавам, але стан іншых хлопцаў, якія сядзяць па падвалах ужо больш за паўгода, крытычны:
«Я меў днямі кантакт, дык пару дзён таму выпусьцілі ўсіх да аднаго з салдацка-сяржанцкага складу — расказвалі хлопцы, якія непасрэдна вызвалялі. Але сам па сабе абмен, на наш погляд, нядобры. На жаль, там застаўся капітан Пархоменка, ужо легендарнае для нас прозьвішча. Ён цяпер у Луганску, у падвале, ведаем дзе. Аказалася, што ён трапіў у палон ужо другі раз.
Вядома, добра, што вызвалілі хлопцаў, якіх узялі пад Дэбальцавам, крыху больш за 100 чалавек мінус адзін, бо камандзіра пакінулі. Але ў дачыненьні да тых, хто сядзіць даўно і нашы перамоўшчыкі рыхтавалі абмен — а па нашых ацэнках, гэта да васьмі сотняў чалавек — няма нікога, хто можа сказаць нешта дакладна. Бо рыхтавалі нашмат большую колькасьць: перадусім тыя, хто сядзяць па паўгода, „кібаргі“, як мы называем, у Данецку.
Дык вось з гэтага ліку вызвалілі ўсяго 30 чалавек, а „кібаргаў“, наколькі я ведаю, сярод іх увогуле не было. Паўтаруся: ня вельмі адэкватны абмен, умовы там вельмі цяжкія, трэба выцягваць, хто па 6 месяцаў пакутуе пасьля Ілавайску, „чатырохмесячных“, якіх сэпаратысты згрупавалі з розных кірункаў... Днямі ўдалося перадаць 150 матрацаў, знайшлі кантакт, як зрабіць хутчэй. Цяпер хлопцаў перамясьцілі з розных месцаў бліжэй да Луганску, бо вельмі вялікая загружанасьць. Дамовіліся, што перададзім прадукты харчаваньня, літаральна ў рэжыме: сёньня здаём — заўтра яны атрымліваюць; лекі — хоць бы ад прастуды. То бок умовы ўтрыманьня цяпер для іх надзвычай цяжкія. Добра, што па сьвежых слядох дэбальцаўскіх вызвалілі, але, зь іншага боку, гэта прыклад досыць дрэнны. Дакладней, ёсьць тут адмоўны момант: здавайцеся, і мы па-хуткаму вас вызваляем. Гэта той нэгатыў, які пакідае асадак».
Валеры Макееў кажа, што ня меней, чым байцы Нацгвардыі і добраахвотнікі, сэпаратыстаў даводзяць да шалу валянтэры. Менавіта дзякуючы грамадзкай салідарнасьці армія мае рэгулярныя паступленьні амуніцыі, харчаваньня, лекаў. Для ўкраінскай дзяржавы поўнамаштабнае забесьпячэньне перадавых частак пакуль што застаецца непад’ёмнай задачай.