Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Баюся, Нямцоў — не апошняя ахвяра»


Аляксей Ганчарэнка ў паліцэйскім пастарунку ў Маскве
Аляксей Ганчарэнка ў паліцэйскім пастарунку ў Маскве

Украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка, які прыехаў у Маскву ушанаваць памяць Барыса Нямцова, быў затрыманы і зьбіты паліцыяй. Зьяўляліся паведамленьні, што палітык можа быць арыштаваны і прыцягнуты да адказнасьці ў межах справы, распачатай сьледчым камітэтам Расеі аб трагічных падзеях у Адэсе 2 траўня мінулага году. Аднак пазьней Ганчарэнка быў вызвалены. Пасьля вызваленьня дэпутат Вярхоўнай Рады даў інтэрвію Радыё Свабода.

Ганчарэнка: Я ўчора раніцай прыбыў у Маскву для ўдзелу ў акцыі памяці Барыса Нямцова. Я ведаў Барыса асабіста — ня блізка, але мы былі знаёмыя. Ён быў сябрам нашай краіны. Яго забілі. Я думаю, адна з прычын таго, што Нямцова забілі — што ён дамагаўся міру, каб была спыненая агрэсія супраць Украіны. Таму я ня мог не ушанаваць яго памяць. Я прыйшоў на акцыю, наколькі я ведаю, дазволеную ўладамі Расеі. Я апрануў саколку з партрэтам Барыса Нямцова і надпісам на ўкраінскай мове «Героі не паміраюць». Я пасьпеў прайсьці літаральна пару кварталаў.

Людзі да мяне падыходзілі — яны бачылі саколку, разумелі, што я з Украіны — фатаграфаваліся са мной, казалі словы падтрымкі. Пасьля гэтага да мяне падышлі чацьвёра паліцэйскіх і папрасілі ісьці за імі. Яны правялі мяне да аўтазаку. Я прадставіўся — сказаў, хто я, паказаў дыпляматычны пашпарт. Яны сказалі, што ўсё гэта для іх нікчэмная паперка. Спачатку яны мяне засунулі ў гэтую аўтаклетку, потым выцягнулі, потым мяне пабілі, потым павялі ў аддзел паліцыі «Кітай-горад», дзе пратрымалі пяць гадзінаў. Я папрасіў выклікаць лекара, але яны гэтага не зрабілі. Я шмат разоў прасіў выклікаць адваката, прадстаўніка амбасады Украіны — аднак адваката яны да мяне так і не дапусьцілі, а прадстаўніка амбасады дапусьцілі толькі праз 5 гадзін, хоць ён 4 гадзіны стаяў пад дзьвярыма аддзелу паліцыі. Калі ён зайшоў, то спытаў: «Чаму вы мяне не пускалі?». Яму сказалі: «Таму што ў нас у гэтым аддзеле штаб па расьсьледаваньні забойства Нямцова». Нейкі поўнае трызьненьне!

Аляксей Ганчарэнка ў цэнтры Масквы 1 сакавіка
Аляксей Ганчарэнка ў цэнтры Масквы 1 сакавіка

РС: Ці правільна я разумею, што, калі вас затрымлівалі, паліцэйскія спачатку не ведалі, хто вы такі? Іх увагу прыцягнула ваша саколка з надпісам на ўкраінскай мове?

Ганчарэнка: Я не гатовы адказаць на гэтае пытаньне. Спачатку мне здавалася — так. Зь іншага боку, праз пару гадзінаў сьледчы камітэт РФ распаўсюдзіў заяву аб тым, што ён мяне дапытвае па справе аб падзеях у Адэсе 2 траўня. Яны ж не пра саколку ў гэтым паведамленьні казалі! Калі мяне толькі прывялі ў аддзел паліцыі, туды набег натоўп людзей у цывільным. Адзін пачаў спрабаваць мяне дапытваць і казаць іншым — «Выйдзіце, выйдзіце!» А яны кажуць: «Нам намесьнік міністра загадаў тут быць!». Напэўна, яны ўсё ж такі разумелі, каго затрымліваюць.

РС: Вы сказалі, што да вас ўжывалі меры фізычнага ўзьдзеяньня. Вас моцна зьбілі?

Ганчарэнка: Нічога, жыць буду. Як кажуць у Адэсе — «Не дачакаюцца!» Але пасьля таго, як мяне адпусьцілі з паліцыі, я выклікаў лекара з амбасады Ўкраіны. Мне аказалі мэдычную дапамогу і дыягнаставалі траўму жывата.

РС: Вы маеце намер рабіць нейкія захады супраць людзей, якія з вамі незаконна абыходзіліся?

Ганчарэнка: Так, маю намер. Я яшчэ ўчора падаў адпаведную заяву аб усіх фактах у паліцыю. Мае адвакаты падалі ў пракуратуру заяву пра тое, што іх не дапускалі да мяне.

РС: Вам зразумела, чаму вас адпусьцілі? Думаеце, недзе «наверсе» зразумелі, што, у адрозьненьні ад Надзеі Саўчанкі, вас немагчыма зрабіць палітычным закладнікам?

Ганчарэнка: Я не магу камэнтаваць матывы скрыўленай сьвядомасьці, скрыўленай лёгікі. Я не разумею, чаму мяне затрымалі. Я не разумею, чаму мяне адпусьцілі. Адзінае, што я разумею — чаму суд адмянілі. Яны, мабыць, неяк праспаліся і зразумелі, а што яны будуць у судзе казаць? Нешта ж сказаць на судзе было трэба!

РС: Якое ўражаньне на вас зрабіў марш памяці Барыса Нямцова?

Ёсьць дзьве Расеі: Расея, якую зазамбавалі тэлевізарам і нейкім вар’яцтвам, і Расея, якая перажывае, якой сорамна за тое, што зрабілі зь іх краінай.

Ганчарэнка: На жаль, маршу я толкам не ўбачыў. Я фактычна прысутнічаў толькі пры зборы калёнаў, але людзей у цэнтры Масквы сабралася вельмі шмат. І людзі вельмі прыемныя. Ёсьць дзьве Расеі: Расея, якую зазамбавалі тэлевізарам і нейкім вар’яцтвам, і Расея, якая перажывае, якой сорамна за тое, што зрабілі зь іх краінай, — інтэлігентная, зусім іншая Расея. І вось тую іншую Расею сёньня забіваюць. Я не хачу сурочыць, але гледзячы на тую атмасфэру, якая тут сфармавалася, баюся, што Барыс Нямцоў — не апошняя ахвяра.

РС: Вы забойства Барыса Нямцова наўпрост ставіце ў кантэкст разьвіцьця расейска-ўкраінскага крызісу?

Ганчарэнка: Я наўпрост стаўлю забойства Барыса Нямцова ў кантэкст той нянавісьці, якая выгадаваная Крамлём. Я ня ведаю, хто аддаў загад забіць Барыса Нямцова, і не хачу вылучаць пустыя абвінавачваньні. Але

Тая нянавісьць, атмасфэра агрэсіі, злосьць, якая выгадаваная ў Расеі, забіла Барыса Нямцова.

​я ўпэўнены — як чалавек і як палітык — што тая нянавісьць, атмасфэра агрэсіі, злосьць, якая выгадаваная ў Расеі, забіла Барыса Нямцова. Яна забівае сёньня тысячы украінцаў на Данбасе. Там жа гінуць і расейцы, расейскія салдаты. І яна яшчэ шмат пралье крыві. Вельмі балюча глядзець на тое, што я ў Расеі ўбачыў. У нас ва Ўкраіне сытуацыя вельмі цяжкая, але яна нават блізка не такая, як у Расеі. Ва Ўкраіне я дыхаю на поўныя грудзі — і не таму, што гэта мая радзіма, а таму, што ў нас свабода. А тут нешта страшнае робяць з людзьмі.

РС: Ці працягнеце Вы паездкі ў Маскву — нягледзячы на тое, што расейская ўлада, з прычыны вашай адкрытай палітычнай пазыцыі, фактычна лічыць вас сваім ворагам? Мінулы ваш прыезд у Расею скончыўся яскравым удзелам у крамлёўскім тэлевізійным ток-шоў, цяпер новая гісторыя, зьвязаная з спробай ўдзельнічаць у маршы памяці Барыса Нямцова.

Ганчарэнка: Я проста так не ірвуся ў Расею. Я за апошні год у Расеі быў двойчы. Адзін раз мяне запрасілі на Першы канал. Я прыехаў, таму што лічу, што трэба несьці слова праўды. Хай яны крычаць, але трэба казаць, таму што ёсьць людзі, якія чуюць гэта. Хай нават адзін чалавек мяне пачуў — гэта ўжо нямала. А мяне чуў не адзін чалавек, таму што ў Першага канала шматмільённая аўдыторыя. А цяпер я прыехаў, таму што не мог не прыехаць і ня пакласьці кветкі на месца гібелі чалавека, якога вельмі паважаў. Я ня ежджу ў Маскву для таго, каб схадзіць тут у кафэ. Калі яшчэ будуць, барані Бог, такія падставы або калі зноў мяне запросіць расейскае тэлебачаньне — то цалкам дапускаю, што я магу зноў сюды прыехаць. Але наагул ні адзін разумны чалавек проста так у Маскву цяпер не прыедзе. Тут ня тая атмасфэра, на жаль.

РС: Вашае імя усплыла ў паведамленьні сьледчага камітэту ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Адэсе. Вас не турбуе, што да гэтага часу да канца не ўстаноўлена, што 2 траўня мінулага году адбылося, чаму загінулі людзі?

Ганчарэнка: Вядома, я сачу за гэтай справай. Па-першае, суд пачаўся ў Адэсе. І я вельмі спадзяюся, што суд назаве ўсіх вінаватых — пайменна. Што тычыцца мяне — то, прабачце, з такім жа посьпехам мяне можна абвінаваціць у забойстве Джона Кенэдзі. Гэта мае да рэчаіснасьці роўна такое ж дачыненьне, як маё дачыненьне да гібелі людзей 2 траўня ў Адэсе.

***

Аляксей Ганчарэнка — адзін з самых маладых дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны. Ён балятаваўся і быў абраны ад Блёка Пятра Парашэнкі на пазачарговых парлямэнцкіх выбарах у мінулым годзе. Насуперак таму, што да 2014 году Ганчарэнка амаль 10 гадоў быў чальцом Партыі рэгіёнаў, ён падтрымаў пратэсты Эўрамайдану і выступіў супраць анэксіі Крыму Расеяй. Пасьля сутыкненьняў прыхільнікаў Антымайдану з футбольнымі заўзятарамі і прыхільнікамі Эўрамайдану ў Адэсе 2 траўня, быў скрытыкаваны за словы, сказаныя ў эфіры тэлеперадачы Шустэр-Live: «Мы ачысьцілі Куліковае поле ад сэпаратыстаў, спалілі лягер «калярадаў». Шэраг адэскіх палітыкаў пасьля абвінавацілі Ганчарэнку ў датычнасьці да гібелі людзей. Тым не менш, пасьля заяваў сьледчага камітэту Расеі, што дэпутат быў затрыманы ў Маскве з-за расьсьледаваньня падзеяў у Адэсе, Антон Герашчанка, дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны, заявіў, што паводле зьвестак украінскага сьледзтва, Аляксей Ганчарэнка не мае ніякага дачыненьня да падзеяў у Адэсе 2 траўня 2014 году: «На яго не было дадзена паказаньняў ні з аднаго, ні зь іншага боку супрацьстаяньня падчас тых падзеяў. У Адэсе ніводзін грамадзянін РФ або грамадзянін якой-небудзь іншай дзяржавы не быў прызнаны пацярпелым. Усе 48 чалавек, якія трагічна загінулі ў той дзень, былі грамадзянамі Ўкраіны. Усе параненыя ў той дзень таксама былі грамадзянамі Ўкраіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG