Навошта жанчыны ідуць у беларускую армію

Хто яны такія — беларускія «жанчыны з ружжом»? Найперш успамінаюцца біятляністкі. З камандным «золатам» апошняй Алімпіяды. Аднак і армія перастала цурацца асобаў жаночага полу. Практычна кожны дзясяты вайсковец сёньня не мужчына. Канчаткова зламаная савецкая традыцыя, калі жорстка лічылася, што служба — «не жаночая справа».

Зрэшты, усе яны — што ў салдацкай форме, што спартоўкі і наогул усе астатнія, яны для галоўнакамандуючага — «на варце».

Апошні раз, віншуючы з Днём узброеных сілаў, ён сьцьвердзіў, што «ўсе нашы жанчыны сёньня, можна сказаць, вайскоўцы. Тыя, хто знаходзяцца ў тыле мужыкоў, якія служаць, хіба не вайскоўцы? Тыя, хто змагаюцца разам з намі ва Ўзброеных сілах, і нават тыя кволыя дзяўчаты, якія сёньня прынесьлі нам чарговую перамогу ў Карэі, яны таксама вайскоўцы».

Дзяўчаты ў форме на піянэрскім пляц-парадзе

У беларускую армію жанчына можа трапіць, маючы ад 19 да 35 гадоў. І даслужыцца да маёра (такіх 150), і нават да палкоўніка — такіх, прынамсі нядаўна, было 5. Прыблізна за апошнія 10 гадоў афіцэраў стала ўтрая болей. Мы маем таксама ня меней за тысячу прапаршчыкаў, але большасьць жанчын — салдаты і сяржанты. У вайсковай акадэміі 23 курсанткі. Дзевяць зь іх — на авіяцыйным факультэце.

Што можа прыцягваць сёньня жанчын у казарму, штаб, на яшчэ нядаўна «мужчынскую тэрыторыю»? Калі ўлічыць, што афіцэрскія пасады для іх — гэта звычайна доктар, псыхоляг, юрыст, то зразумела, што на першым пляне — матэрыяльны разьлік. Стабільнае становішча, сацыяльныя гарантыі. Нядрэнны службовы аклад, раней можна выйсьці на пэнсію. У арміі заўсёды лягчэй было атрымаць жытло.

У войску мноства жаніхоў. Гэта таксама важна. І нярэдка можа быць нават на першым месцы.

Ганаровая варта на плошчы Перамогі ў Менску

Хоць кажуць, што дзяўчатам таксама, бывае, падабаецца вайсковая форма. У гэта няцяжка паверыць. Але мне крыху шкада тады нашых. У інтэрнэце мноства здымкаў зухавых салдат і афіцэраў жаночага полу. Але звычайна яны служаць у замежных арміях. Што б там ні казалі, паводле старой савецкай традыцыі жаночы варыянт вайсковай формы не вызначаецца элегантнасьцю.

Памятаю, калі быў у Савецкай арміі, здарылася нечаканае: набралі сувязістак-дзяўчат! Гэта было незвычайна. Але выглядалі яны ня надта зухава. Адчувалася, што камплексуюць ад сваёй формы. Адна потым «заляцела» ад нашага сяржанта.

Сёньня ў беларускай арміі, як у любой іншай — каля 10 адсоткаў жанчын. Такая агульная тэндэнцыя. Цьвярозы разьлік дыктуе: з жанчынамі ў арміі лепшая псыхалягічная абстаноўка, наагул весялей. Ня кажучы пра тое, што менш прычынаў прыкласьціся да бутэлькі, чым заўсёды вылучалася прынамсі Савецкая армія.

Школьная ганаровая варта на плошчы Перамогі ў Менску

Кіно пра вайну, пра войска аказвае ўплыў ня толькі на хлопцаў. Частцы дзяўчат таксама хочацца стаць дэсантніцамі, танкісткамі, выпрабаваць сябе, паспытаць салдацкага хлеба. Іначай бы столькі шараговых і сяржантаў не было. Бо ўсе яны кантрактніцы, усе прыходзяць служыць добраахвотна.

У псыхалёгіі жанчын адбыліся зьмены. Ім захацелася атрымаць пагоны, надзець каску, узяць у рукі зброю. Раней такога не было. Не было патрэбы. Ніхто не заахвочваў — раз. Другое — не было пабуджальнага матыву. Мастацкага прыкладу.

Рэканструктарскі фэст падзеяў Першай усясьветнай вайны

Мы можам прыгадаць толькі пару здымкаў часоў апошняй вайны. Санітарка, якая цягне параненага. Або вясёлая рэгуліроўшчыца каля Брандэнбурскай брамы ў Бэрліне. Быў яшчэ фільм у стылі мілітары-эротыкі «А зоры тут ціхія». Але пасьля сэансу наўрад ці ўзьнікала ў жанчын жаданьне трапіць на службу, тым больш на вайну. А пасьля кнігі Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» — пагатоў.

Моцна цяжэў у савецкія часы адмоўны стэрэатып адносна «бабскага батальёну», што ахоўваў у 1917-м «міністраў-капіталістаў» у Зімовым палацы ў Піцеры. Калі даходзіла да кіно, карцела паказаць іх карыкатурна — «бабы з ружжом»!

Сёньня вядома, што апошні «востраў дэмакратыі» ў расейскай сталіцы тады баранілі 137 байцоў так званага жаночага «батальёну сьмерці». Былі чуткі, што іх згвалтавалі рэвалюцыйныя салдаты і матросы, некаторых забілі. Але нібыта праверка выявіла тры выпадкі гвалту і адзін — суіцыду. Сёньня ў Расеі спахапіліся: жаночыя батальёны сталі паказваць у гераічным арэоле.

Рэканструкцыя 21 чэрвеня 1941-га ў Берасьці, 2016 год

Нядаўна зьявіўся мастацкі фільм «Батальён сьмерці». 1917 год, бальшавікі разлагаюць войскі, фронт развальваецца. Каб яго ўратаваць, пад Смаргонь пасылаюць жаночы батальён. Дзе яго патруцяць газамі і дзе адбудзецца шмат іншага.

На фільм было мноства водгукаў. Нярэдка даволі адмоўных — ад мужчын, захопленых — ад жанчын. «Шалёна моцны фільм», «абалдзенны», — пісалі ў чатах глядачкі. Мужчыны скептычна парыравалі: «мыльная опэра», «агітка». Тым ня менш кіно магло падахвоціць рамантычных маладых глядачак пайсьці на службу. У расейскую армію. І ў беларускую.

Каб першы свой кідкі здымак са зброяй выставіць у сацыяльных сетках.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.